Адзін дзень валанцёра: Як шукаюць зніклага хлопчыка ў Белавежскай пушчы

Адзін дзень валанцёра: Як шукаюць зніклага хлопчыка ў Белавежскай пушчы
Фота: Еўрарадыё

На выхадныя 23 і 24 верасня некалькі тысяч валанцёраў з усёй краіны і нават замежжа з'ехаліся ў аграгарадок Новы Двор, каб дапамагчы ў пошуках 10-гадовага хлопца, які знік у Белавежскай пушчы. Карэспандэнт Еўрарадыё на адзін дзень ператварыўся ў валанцёра і далучыўся да самай маштабнай пошукавай аперацыі ў гісторыі Беларусі.

ЛАГЕР, каля 9 раніцы

Усяго ў суботу 23 верасня сабралася каля тысячы валанцёраў з усёй Беларусі. Раніцай холадна і пахмурна, усе хвалююцца, каб не было дажджу. На ўсіх святлоадбівальныя камізэлькі, якія тут раздаюць бясплатна. Хтосьці абмотвае ногі цэлафанам і скотчам.

Лагер добраахвотнікаў і пошукава-выратавальнага атрада "Анёл" размясціўся на тэрыторыі школьнага стадыёна. Тут раздаюць ежу, наліваюць гарачую гарбату і каву, выдаюць ваду і што-небудзь перакусіць. Усё гэта робіцца сіламі валанцёраў. Людзі перадаюць цэлымі пакетамі крупы, тушонку, растваральнае пюрэ, каву, гарбату, цукар, ваду. Школа і мясцовы выканкам на выхадныя дазволілі выкарыстоўваць свае памяшканні, у тым ліку кухню і туалет, але толькі да 16 гадзін, потым яны зачыняюцца.

 

Тут жа валанцёраў адпраўляюць на пошукі. У кожнай групе ад 20 да 80 чалавек, у залежнасці ад таго, наколькі вялікія тэрыторыі яны будуць правяраць. Акрамя добраахвотнікаў, у атрадзе заўсёды ёсць прадстаўнікі МНС і леснікі.

Уся тэрыторыя вакол вёскі разбітая на квадраты, каб было прасцей размяркоўваць іх для праверкі. Валанцёраў адпраўляюць правяраць толькі лес, балотамі займаюцца ратавальнікі і ваенныя, а вадаёмамі — вадалазы.

Раз-пораз па гучнай сувязі абвяшчаюць, што шукаюць сярод добраахвотнікаў дасведчаных следапытаў, паляўнічых ці хаця б проста тых, хто ўмее карыстацца компасам і арыентавацца па мапе. На жаль, "Анёл" апынуўся не гатовы да такога наплыву добраахвотнікаў, і ў іх не аказалася патрэбнай колькасці каардынатараў, рацый і амуніцыі.

Над галавой пралятаюць верталёты МНС, яны кружаць над лесам увесь дзень у спробах заўважыць сярод дрэў хлопчыка. Па начах на іх жа правяраюць навакольную тэрыторыю з дапамогай цеплавізараў. Аднак да гэтага часу пошукі нічога не далі.

Ва ўсіх адчуваецца нецярпенне перад выхадам у лес лёгкае ўзбуджэнне. Хтосьці тут яшчэ з пятніцы, хтосьці толькі прыехаў. Але ўсе бадзёрыя, п'юць каву з пластыкавых кубачкаў, абмяркоўваюць апошнія чуткі.

Чуткі тут распаўсюджваюцца хутка і часцей за ўсё яны абсалютна непраўдзівыя. Нібыта дзесьці бачылі нейкага хлопчыка на ўскрайку лесу, але ён, убачыўшы валанцёраў, схаваўся, або што з верталёта бачылі хлопца, які хаваўся сярод дрэваў. Усе гэтыя размовы і чуткі ніяк не пацвярджаюцца і часцей за ўсё афіцыйна абвяргаюцца, але гэта не перашкаджае людзям у іх верыць.

Я трапляю ў атрад з 80 чалавек. На нас усяго 8 каардынатараў і тры рацыі. Каардынатары — маладыя хлопцы і дзяўчаты, гадоў па 25, з рэгіянальных аддзяленняў пошукавага атрада "Анёл".

Нас размеркавалі па машынах, выязджаем у зададзены квадрат калонай.

ДАРОГА, каля 10 раніцы

Апынуўшыся ў у старэнькім УАЗіку раённых МНСнікаў, мы, падскокваючы на ямінах, накіроўваемся у бок патрэбнага ўчастка лесу. Праязджаючы па вёсцы, адзін з ратавальнікаў заўважае:

— Ты паглядзі, мясцовым ужо ўсё адно, у пошуках адны прыезджыя ўдзельнічаюць.

— Ну, а што, жыццё ж працягваецца, ды і бульба не прыбраныя, і грыбы папёрлі як шалёныя.

— Папрыганялі людзей з дзвюх абласцей. Я чуў, спецпадраздзяленні МНС і салдат балота загналі правяраць. А ўчора ўсю ноч над лесам верталёты кружылі з цеплавізарам, кажуць, знайшлі пару кропак, нас потым адпраўлялі туды. І ніфіга там не было.

— А валанцёраў?

— Валанцёраў не чапалі, толькі нас. Мы дзяржаўныя людзі, нас можна, мы ж на зарплаце.

Гутарка перарываецца, і пачынаюць абмяркоўваць валанцёраў:

— А чулі што яны сёння казалі? Загнаць хлопца як "звера".

— Ага, дакаціліся, ён ужо як звер для ўсіх. Хочуць яго выгнаць з лесу як жывёлу.

— Ды ты паглядзі на іх, усе з нажамі, нічога не саромеюцца.

— Ну, а што ты хацеў, усім жа кажуць, што тут рысі водзяцца і ваўкі. У нас жа на кожным дрэве па рысі, якая так і хоча прыгнуць на каго-небудзь.

ПОШУКІ, каля 11 раніцы

Наш квадрат аказваецца ў кіламетрах пяці ад вёскі.

Уздоўж дарогі выстройваецца ланцужок з 80 чалавек. Ён расцягваецца метраў на 400. Праз кожных 10 валанцёраў стаіць каардынатар. Але рацый толькі тры, дзве па баках ланцуга і адна ў цэнтры. Падчас інструктажу тлумачаць, як рухацца, калі спыняцца, што правяраць і на што звяртаць увагу.

 У лесе ланцуг з людзей пастаянна рвецца, хтосьці выбягае наперад, нехта наадварот адстае, то разбягаюцца адзін ад аднаго, то збіваюцца ў кучу. Большасць валанцёраў упершыню ўдзельнічаюць у пошуках, яны малавопытныя, наравістыя і лічаць, што ведаюць, як правільна. Чым большая група, тым складаней яе каардынаваць, а калі рацый мала, то практычна немагчыма.

Рухаемся наперад павольна, часта спыняемся, гэта шмат каго раздражняе. Час ад часу ўспыхваюць спрэчкі з каардынатарамі, камусьці не падабаецца як яны кіруюць.

Ваня, выключы ты гэтую рацыю і пайшлі як ідзём, не будзем спыняцца, а то мы так адзін кіламетр будзем увесь дзень ісці, — абураецца хлопец з надпісам "Ivatsevichi Ultras" на майцы. — Гэтыя каардынатары школу хоць бы скончылі? Ці хаця б войска? Панабіралі па аб'явах”.

Ваня яго не слухае, хоць злуецца і лаецца з каардынатарамі. Людзі рухаюцца наперад, аднак зноў праз хвіліну спыняюцца.

Праходзім першы ўчастак лесу, і выходзім на поле. Людзі так разбегліся адзін ад аднаго, што апошнія з лесу выйшлі хвілін праз дзесяць пасля з’яўлення першых. Мы прайшлі крыху больш за кіламетр, і гэта заняло ў каля паловы гадзіны. Пошукі ў гэтым квадраце нічога не далі. Каардынатары вырашаюць разбіцца на некалькі дробных груп па 20-30 чалавек і праверыць меншыя ўчасткі.

Мясцовыя МНСнікі пасля першых пошукаў сыходзяць. Маўляў, у іх загад было праверыць толькі гэты лес, і яны вяртаюцца на базу для далейшых указанняў. Убачым мы іх толькі ўвечары, калі вернемся на базу, яны будуць млява ляжаць на траве і адпачываць.

Вельмі складана, калі ў атрадзе шмат мясцовых. Ён у гэтых лясах 25 гадоў грыбы збіраў, і лічыць, што ведае, як трэба правільна шукаць, такіх пастаянна трэба пераконваць нешта зрабіць, на гэта траціцца час і сілы, якія можна было б накіраваць на пошукі.”, — дзеліцца меркаваннем адзін з каардынатараў. 

Наш атрад падзяліўся на тры меншыя групы. Адзін адправіўся праходзіць лес у зваротным кірунку ў бок машын. Два іншыя пайшлі правяраць невялікія гаі.

Мы даходзім праз поле да чыстага хваёвага лесу. Вецер прадзімае яго, тут няма кустоў, толькі мох і высокія хвоі. Схавацца тут няма дзе. На краі ўзлеску знаходзяць куртку дзіцячага памеру, якую ўжо паспелі абжыць павукі і нарабіць там невялікіх павуцін, побач валяюцца туфлі. І хоць куртка і чаравікі не падыходзяць пад апісанне, частка людзей пачынае гуляць у дэтэктываў:

То бок, вы лічыце нармальным, — пытаецца адна з дзяўчын, якая любіла агучваць розныя “страшныя” версіі таго, што адбылося са зніклым хлопчыкам, — што вось так проста валяюцца нейкія дзіцячыя шмоткі ў лесе?

А што, вы думаеце, тут дзейнічае нейкі паганскі культ як у "сапраўдным дэтэктыве"? — пераконвае яе адзін з валанцёраў.

Дзяўчына змаўкае, але відавочна застаецца незадаволенай. Каардынатары фатаграфуюць куртку і чаравікі, пазначаюць месца на мапе і рухаюцца далей. Прайшоўшы сасновы бор, мы зноў апынаемся на полі. Цяпер абядноўваемся з другой групай з нашага атрада. Людзі, якія пайшлі да машын, не вярнуліся.

Удалечыні, на ўскраіне лесу бачная нейкая постаць у чырвонай камізэльцы. Згодна з апісаннем, хлопец быў акурат у такой. Каардынатары адпраўляюць аднаго са сваіх праверыць. Высвятляецца, што гэта адзін з ваенных.

Мы ўваходзім у чарговы гай, суцэльны буралом. І тут крыкі аднекуль збоку:

“ААА, *****, ******* МАЦЬ, ААААА!

Чуецца трэск галін, хтосьці з гушчару прарываецца да поля, не разбіраючы дарогі. Ну ўсё, думаю, на мядзведзя напароліся. З лесу вылятае казуля і скачкамі накіроўваецца ад нас прэч.

Міхаіл, гадоў за 30, бывалы паляўнічы, прыехаў сюды з Гродна, кажа, што яго дзесяцігадовы сын рваўся разам з ім, але, на шчасце, ён яго не ўзяў і не шкадуе:

“Мы тут з хлопцамі пагаварылі і прыйшлі да адзінай думкі: нашы пошукі — гэта не столькі надзея знайсці яго жывым, колькі ўвогуле даведацца пра яго лёс. Наўрад ці ён ужо жывы. Таму што не можа такога быць, каб так шмат людзей шукала яго ўжо больш за тыдзень і не маглі нічога знайсці”.

Бліжэй да вечара адпраўляемся ў зваротны шлях. Праверыўшы яшчэ некалькі ўчасткаў лесу, выходзім на дарогу і ўжо ідзем па ёй.

 

“Гэта ўпершыню на нашай памяці такія складаныя і масавыя пошукі. Звычайна ў нас у пошуках удзельнічае чалавек 30-40 максімум, а ў гэты раз лічбы ідуць ужо на тысячы. Вядома, арганізацыя хаатычная, ніхто з такой вялікай колькасцю людзей спраў не меў, — распавядае каардынатар. — У нас былі пошукі і пяць дзён, калі бабуля ў лесе заблукала, мы яе потым знайшлі жывую, спакойна сабе спала ў нейкай лагчыне, а ўсе гэтыя дні сілкавалася ягадамі ды раслінамі”.

Вяртаемся да машын. За амаль сем гадзін пошукаў мы знайшлі некалькі неапазнаных слядоў, некалькі куртак, адна з якіх дзіцячая, і старыя чаравікі 40 памеру, якія наўрад ці належалі 10-гадоваму хлопчыку. Як сведчаць прадстаўнікі атраду "Анёл": іншыя групы таксама нічога не знайшлі. Хлопчык знік, нібыта яго паглынула беларуская хтонь.

ЛАГЕР, каля 18 вечара

У лагеры тым часам віруе жыццё. Падвезлі гарачае харчаванне. Усе стаміліся, у павуцінні, у брудзе, нягледзячы на тое, што было цёплае надвор'е і не было дажджу, у лесе сыра і шмат лужын. Школа зачынілася і перакрыла доступ валанцёрам да вады, электрычнасці і прыбіральні. На шчасце, за гэты час паспелі падвезці біятуалеты. Ваду грэлі на пераносных газавых плітках і ў чайніках, падключыўшыся да адзінага бензінавага генератара.

За гэты час у лагеры з'явілася аўталаўка "Белкаапсаюза". Каму валанцёрства і бясплатная дапамога, а каму бізнес.

Бліжэй да 19 прыехалі вайскоўцы з палявой кухняй і забяспечылі лагер гарачай ежай. Тыя, хто тут з пятніцы, збіраюцца з'язджаць, але іх месца займаюць новыя. Большасць начуе ў машынах, нехта — ў намётах ці кватаруе ў мясцовых. Чаму для начлегу школа не змагла даць хоць бы спартзалу — незразумела, тым больш, што ўсё роўна на выхадных заняткаў няма.

Ноччу ніякіх вылазак не будзе. МНС плануе яшчэ раз праверыць увесь лес з дапамогай цеплавізараў на верталётах. Гэты пошук, як і папярэднія, нічога не дасць.

Вечарам я з'язджаю на спадарожнай машыне назад у Мінск. Шмат хто застаецца на другi дзень. Але мала хто спадзяецца знайсці хлопца жывым. Мы выязджаем на галоўную вуліцу аграгарадка Новы Двор, мясцовыя жыхары стаяць каля сваіх платоў, глядзяць на машыны валанцёраў. Садзіцца сонца. Заўтра будуць новыя пошукі, якія таксама нічога не прынясуць. І жыццё для ўсіх іншых працягнецца.

 

Крыніца: euroradio.fm

Новости из этой категории

0 Комментариев