На Пружаншчыне стартаваў праект “Вясковы рэнесанс”

На Пружаншчыне стартаваў праект “Вясковы рэнесанс”, прысвечаны вёсцы Стойлы і яе апошняму жыхару Мікалаю Тарасюку. Праект прадугледжвае даследчую працу па вывучэнні гісторыі Стойлаў, прывядзенне ў парадак музея “Успаміны Бацькаўшчыны”, свята з удзелам выхадцаў вёскі і некаторыя іншыя мерапрыемствы. Каардынатарам з’яўляецца вядомая па шматлікіх ініцыятывах у галіне традыцыйнай культуры Ларыса Быцко.

- Акрамя Тарасюка, тут яшчэ існуе мясцовая супольнасць. Вельмі важна, каб вось гэтыя людзі – выхадцы са Стойлаў – па-іншаму глянулі на сваю малую бацькаўшчыну, на сваю малую радзіму. І, канешне, я мару пра свята. Я на такім свяце яшчэ не была: на свяце вёскі, якой ужо няма.

Ларыса Быцко спадзяецца таксама, што праект стане штуршком для павышэння ўвагі да такога непаўторнага творцы, як Мікалай Тарасюк, чый музей пакуль што знаходзіцца ў досыць бядотным становішчы.

“Вясковы рэнесанс” разлічаны на 5 месяцаў. Ажыццяўляецца аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама ў межах праекта “Жывая гісторыя майго края”. Фінансуецца Еўрапейскім звязам і грамадскай арганізацыяй “Саюз нямецкіх народных універсітэтаў”.

 

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Новости из этой категории

0 Комментариев