Каталікі сёння святкуюць Дзень Звеставання Пана (Благовещение Пресвятой Богородицы)

Каталікі сёння святкуюць Дзень Звеставання Пана (Благовещение Пресвятой Богородицы)

З сённяшняй урачыстасцю Звеставання Пана, якая адзначаецца 25 сакавіка, непарыўна звязаныя дзве асабліва папулярныя ў Касцёле малітвы: «Вітай, Марыя» і «Анёл Панскі».

«Вітай, Марыя»

Звеставанне. Мастак Грыгорый Гагарын / artpoisk.info

 

Анёльскае прывітанне, або Ave Maria — «Вітай, Марыя» — гэта малітва, якая складаецца са скіраваных да Багародзіцы словаў архананёла Габрыэля, з радаснага воклічу святой Альжбеты і малітвы Касцёла. На словах арханёла «поўная ласкі» грунтуецца вера Касцёла ў Беззаганнае Зачацце Панны Марыі. Паколькі Марыя была поўная ласкі, гэта азначае, што Яна ніколі не магла быць яе пазбаўлена.

Словы святой Альжбеты «благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго» таксама перагукаюцца са словамі арханёла. Такім чынам маці Яна Хрысціцеля жадала падкрэсліць, што ёй ужо вядомая таямніца Звеставання, што яна ад імя ўсіх жанчын свету віншуе Марыю з такой вялікай годнасцю.

Да XVI стагоддзя ў малітву ўваходзілі толькі словы анёла і Альжбеты. Святы Папа Пій V афіцыйна дапоўніў яе просьбай, якую мы сёння ўсе паўтараем.

Малітву Анёльскага прывітання мільёны вернікаў і мноства святых прамаўлялі шмат разоў у дзень.

Росту яе папулярнасці паспрыяла таксама «набажэнства трох Ave», якое практыкавалі і раілі многія святыя, сярод якіх св. Бонавэнтура (+ 1274), св. Леанард з Порта Маўрыцыё (+ 1751), св. Альфонс Марыя Лігуоры (+ 1787) i св. Ян Боско (+ 1888). Адны такім чынам прасілі аб цнотах веры, надзеі і любові, другія маліліся аб захаванні патройнай чыстасці: нявіннасці, цнатлівасці і цэлібату, а яшчэ іншыя — ў інтэнцыі добрай смерці і збаўлення душы.

У Літургію Анёльскае прывітанне ўвайшло ў ХІІ стагоддзі ў форме антыфоны да святой Імшы ў IV нядзелю Адвэнту. Аднак найбольш яго распаўсюду паспрыяла практыка малітвы на ружанцы, у якой сёння «Вітай, Марыя» паўтараецца ажно 200 разоў.

«Анёл Панскі»

«Анёл Панскі». Мастак Жан-Франсуа Міле / commons.wikimedia.org

 

Малітва «Анёл Панскі» шырока вядомая з Сярэднявечча, калі тройчы ў дзень білі званы для адзначэння часу: раніцай, апоўдні і ўвечары. Паколькі тады людзі не мелі гадзіннікаў, гэта быў даволі практычны звычай.

Пабожна прамаўляючы малітву «Анёл Панскі» мы духоўна перажываем момант Звеставання і звязаную з ім таямніцу Богаўцелаўлення.

Звычай маліцца «Анёл Панскі» існаваў ужо ў першай палове ХІІІ стагоддзя і падтрымліваўся перадусім ордэнам францішканаў. Манахі прамаўлялі яе, калі ўвечары чулі званы, што было сігналам згасіць агонь.

У XVI стагоддзі гэтая традыцыя распаўсюдзілася ўжо ва ўсім заходнім хрысціянстве. Тады малітву пачалі прамаўляць таксама раніцай у гонар Панны Марыі — «Зоркі ранішняй».

Звычай маліцца «Анёл Панскі» яшчэ і апоўдні быў уведзены ў 1456 годзе Папам Калікстам ІІІ як просьба аб заступніцтве Марыі для ўратавання ўзятага туркамі ў аблогу Бялграда, які быў апошняй крэпасцю на Дунаі, што закрывала ворагу шлях у сэрца Еўропы. Традыцыя гэтай нядзельнай малітвы Папаў працягваецца да сённяшняга дня і збірае кожны раз тысячы вернікаў.

Святы Папа Павел VI у Апостальскай адгартацыі Marialis cultus наступнымі словамі заахвочвае чытаць гэтую малітву:

«У тым, што датычыцца малітвы „Анёл Панскі“, мы толькі жадаем паўтарыць нашае заахвочванне, простае, але палымянае, каб традыцыйнае прамаўленне гэтай малітвы было захавана. Хоць мінаюць стагоддзі, аднак яна захоўвае сваю моц і веліч. Гэта простая малітва, зачэрпнутая са Святога Пісання».

Папы самі ў нядзелі і святы прамаўляюць гэтую малітву разам з вернікамі, сабранымі на плошчы Святога Пятра, якім на заканчэнне ўдзяляюць благаслаўленне.

Папа Францішак вітае вернікаў, сабраных на малітву «Анёл Панскі». Стоп-кадр трансляцыі Vatican News

 

У літургічнай практыцы Касцёла і ў пабожнасці вернікаў малітва «Анёл Панскі» найчасцей ахвяруецца за памерлых, у сувязі з чым на яе заканчэнне зазвычай дадаецца адмысловая просьба:

«Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі».

І гэта невыпадкова. Спрадвечнае Божае Слова сталася целам, каб вызваліць чалавецтва з няволі граху і смерці, таму Езус называе сябе Дарогай, Праўдай і Жыццём і кажа: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 31–32).

Дзень Звеставання Пана — асаблівы дзень не толькі для католікаў, але і для ўсіх беларусаў. 25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць першай у найноўшай гісторыі беларускай дзяржавы.

Вельмі сімвалічна, што ў дзень, калі «неба цалуе зямлю» і дае чалавеку сапраўднае вызваленне, нашы суайчыннікі ва ўсім свеце адзначаюць дзень Волі.

Сёння католікі Беларусі асаблівым чынам узносяць малітву «Анёл Панскі» за ўсіх тых, хто склаў жыццё на алтар Бацькаўшчыны, «за вольнасць нашу і вашу».

Крыніца: catholic.by

Святая Імша ў будні ў Пружанскім касцёле звычайна праходзіць у 17.30

Новости из этой категории