Беларуская глыбіня. Кралі і будзем красці

Беларуская глыбіня. Кралі і будзем красці
Беларуская глыбіня. Кралі і будзем красці


А мытнік, стоячы воддаль,
Не адважваўся нават
Падняць вочы да неба;
Але, б’ючы сябе ў грудзі
Казаў: Божа! Будзь літасцівы
Да мяне, грэшніка!
Лукі 18:13


- Пілі і будзем піць! —здаравезны мужык, што падвозіць мяне да царквы на зачыненым абшарпаным белым бусе, у адказ на мае маралі з усяе сілы лупіць кулаком у стырно, — Кралі і будзем красці!

«Немец» нервова ўздрыгвае і калоціцца, ці то ад ямаў на дарозе, ці то ад уладарнага ўдару, ці то ад грымотападобнага басу. О, колькі спірту, цыгарэтаў ды каляровага лому перавёз гэты палонны «фальксваген» праз бліжэйшыя межы — не снілася аніякаму Гудэрыяну, генію тылавога забеспячэння, танкаваму генералу, што ужо на другі дзень вайны абсталяваў пад свой штаб пружанскі Палацык.

Кіроўцу, плячыстага бугая, можна лёгка ўявіць і разбойнікам, які выходзіць на шлях з чаканам, і савецкім партызанам, што, ярасна дыхаючы, прэ з вёскі ў лес тушу рэквізаванага вепрука, і ваяром, які глыбей насоўвае на галаву шалом перад Грунвальдам.

Яны такія, ціхія героі нашага часу. Каржаватыя. Суворыя. Ведаюць цану жыцця, смерці і дзвесце дваццаць восьмага артыкула крымінальнага кодэкса.

У заўсёдных трэніках, моўчкі адмыкаюць гараж; сапучы, распіхваюць ва ўсе шчыліны салона ды кузава дабро, выходзяць на двор, дастаюць з задняе кішэні зашмальцаваную мабілу, чэшуць грудзі і буркаюць: « Ну давай там... Як заўсёды, ага…»

— А ў кантрабандыста сталёвыя нервы, ён гуляе ў цемры ў небяспечныя гульні…Так і плыве, і віруе праз межы эпохаў ды гушчары, затканыя імглою, «Народны альбом».

На Каменным Логу затрымана 30 тысяч кантрабандных ружаў… У Гродне выяўленая фура з няўлічанымі камп’ютарнымі камплектуючымі на мільён даляраў… У Мінску канфіскавана 10 тон нелегальных бананаў на мільярд рублёў… Дзясяткі тысяч дзіцячых шапачак без аніякіх дакументаў… Дзесяць вясельных галубоў у скрыні для пальчатак…

З амаль 30 мільярдаў штук цыгарэтаў, што вырабляюцца ў Беларусі за год, 10 мільярдаў вывозіцца за мяжу краіны кантрабандай. Гадавы зварот ценявога цыгарэтнага бізнэсу ацэньваецца ў 690 мільёнаў даляраў. А колькі мы там вымольваем з чарговым расейскім траншам?

Мяжа з Украінай — пад 900 км. Мяжа з Расеяй — каля тысячы. Мяжа з Еўразвязам — 1,3 тысячы кіламетраў. Вось і лічыце.

І можна толькі здагадвацца, колькі мільярдаў складае кантрабанда самога рэжыму. Праславутыя растваральнікі, продаж зброі ў абыход санкцыяў і «вокны» на мытнях, калі міма чэргаў зачараваных дальнабояў праходзяць караваны трэйлераў ды эшалоны цыстэрнаў, даюць толькі туманнае ўяўленне: пяць блокаў цыгарэтаў, затараныя замест паветранага фільтра ў «газелі» пружанца — лёгкая зацяжка.

Але ж якія партыі для кантрабаса з аркестрам выконваюцца людам на памежным стане душы!..

Вось знакаміты берасцейскі «спіртавоз». Беларускі народ увальваецца ў вагоны, выломвае сядзенні, здымае борцікі ды смеццевыя бачкі, агаляецца, з трэскам здзірае з сябе серпантыны скотчу ды пералівістых пакункаў, запоўненых мутнай вадкасцю, піхае іх ва ўсе дзіркі… заціхае да мяжы, шклянымі вачыма глядзіць міма мытнікаў, каторыя ўсё ведаюць і каторым даўно абрыдлі гэтыя невідушчыя і запляваныя раніцы… а потым раптам зрываецца з месцаў, з грукатам адчыняе фрамугі і пачынае шпурляць пад адхон скруткі — быццам цягнік знянацку атакавалі вампіры.

Такім чынам: што незаконна ўвозяць у Беларусь? Машыны, бытавую тэхніку, вопратку, ежу, золата, дыяменты.

А вывозяць з Беларусі?

Цыгарэты. Спірт. Нарко-тыкі. А яшчэ — будучых прастытутак.

З Еўропы — лепшае жыццё ў асартыменце.

З Беларусі — поўны набор граху.

Увозім дабро.

Вывозім зло.

Няўжо злачынства — абкрадаць рэжым, які абкрадае нас? Анягож: тады мы самі проста робімся такімі, як яны.

Вядома, возяць, каб забяспечыць сям’ю; вядома, што насамрэч беларусы цяністымі сцежкамі праз раскроеныя акупантамі межы цягаюць скрыні да такіх жа карэнных беларусаў Падляшша, Віленшчыны, Смаленшчыны, Латгаліі…

Але ж: гэта крадзеж.

Пагадзіцеся, адно — нелегальна перапраўляць шрыфты і паперы для друку Бібліяў у падсавецкую Беларусь, маючы з гэтага не прыбытак, а смяротную рызыку;

другое — вывозіць з Ваўкавыска да гайнаўскіх сваякоў кабанчыка, забітага ў час афрыканскай чумы, прычым, магчыма, з той самай чумой; і ўжо зусім трэцяе — у прамысловых маштабах перці да суседзяў выпіўку, курыва… гераін… што там далей? Афганскіх падлеткаў?... цэлы вагон міс Брэст?...

Пружаны — ціхая сталіца дробнай беларускай кантрабанды. Польшча. Украіна. Расея. Літва… Растуць, растуць на ўзлесках Белавежскай ды Ружанскай пушчаў за высокімі платамі катэджы, быццам састаўленыя з агромністых цыгарэтных блокаў.

А навошта працаваць за тыя тры мільёны беларускімі, калі адзін удалы цыгарэтны рэйс — і маем тысячу еўра?

Дзеля крэдыту, над якім дзесяць гадоў дрыжаць і расплачваюцца? Дык на старэнькім бусіку за колькі месяцаў здабудзеш і болей. Катэдж. Кватэра дзецям. І рассякаюць па дарогах Пружаншчыны «мерсы» ды «бумеры», «Пантыякі» ды «Паршэ-кайен».

— Не ссы, у нас у раёне толькі тры чужыя, — кажуць тутэйшыя знаўцы дабра і зла. — Начальнік райаддзела, галоўны гэбіст і пракурор. Астатнія ўсе свае.

Усенародна змірымся, што красці, хлусіць і кантрабасіць — норма? Тады не трэба здзіўляцца, што годнасць і свядомасць запіхваюцца ў выпадковыя парожніны, свабода і мараль машынальна пералічваюцца на даляры, а дабро, у рэшце рэшт, паводле выгаднага курсу абменьваецца на зло.

А можа мы, беларусы, так і спадзяемся па жыцці — цішком, з абыякавым тварам ды шклянымі вачыма праскочыць мяжу, якая аддзяляе Рэспубліку Беларусь ад Валадарства Нябеснага? Пачасаць грудзі, зрабіць пару званкоў, націснуць на газ — і праслізнуць у такі блізкі і такі недасяжны рай міма Госпада Бога?..

Павел Севярынец, Куплін

Крыніца: Наша Ніва

Фота: 062.ua

Новости из этой категории

6 Комментариев

  • 04.08.2013
    18:58
    Ваше Имя

    Напиши лучше про контрабанду растворителей. Люди просто жить хотят. Не надо их учить, нас уже сколько учат, а жить все хуже и хуже.

  • 04.08.2013
    19:14
    fals

    Цитата: igggorНапиши лучше про контрабанду растворителей. Калі б Вы прачыталі артыкул, то заўважылі б, што напісана пра кантрабанду расваральнікаў:"І можна толькі здагадвацца, колькі мільярдаў складае кантрабанда самога рэжыму. Праславутыя растваральнікі, продаж зброі ў абыход санкцыяў і «вокны» на мытнях, калі міма чэргаў зачараваных дальнабояў праходзяць караваны трэйлераў ды эшалоны цыстэрнаў, даюць толькі туманнае ўяўленне: пяць блокаў цыгарэтаў, затараныя замест паветранага фільтра ў «газелі» пружанца — лёгкая зацяжка."

  • 04.08.2013
    19:14
    Девочка-Ептать

    И правда, а что людям остается делать с учетом наших зарплат и наших цен? А насчет того, ЧТО именно вывозят... Ну, "чем богаты", что тут еще сказать.

  • 04.08.2013
    20:10
    Автолюбиьель

    А что, действительно по Пружанщине рассекает "Порше Кайен"?

  • 08.08.2013
    16:19
    Renessaince

    Цитата: Девочка-ЕптатьИ правда, а что людям остается делать с учетом наших зарплат и наших цен?Цікавае пытаньне. Я так разумею, вы падразумяваеце толькі два варыянты адказу: «красьці» або «маўчаць у дзірачку».

  • 10.08.2013
    21:18
    Девочка-Ептать

    Renessaince,нет, думаю, есть еще варианты.