«Выстава трох карцін» прайшла у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»

«Выстава трох карцін» прайшла у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»



13 ліпеня свой 580-гадовы юбілей адзначыў горад Пружаны. Адным з найкаштоўнейшых падарункаў, які горад атрымаў у гэты дзень, стала «Выстава трох карцін» у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». На ёй прадстаўлены работы члена Саюза мастакоў Расіі, аднаго з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» з г.Санкт-Пецярбург Івана Чарнякевіча, якія ен перадаў у фонды музея. Падарунак тым даражэй, што ен зроблены ад шчырага сэрца мастаком-земляком, наяўнасцю работ якога ганарацца вядучыя музеі свету, калекцыянеры твораў мастацтва. Гэта своеасаблівы прыклад для іншых пружанскіх ураджэнцаў, фактычна пачатак збору, які можа стаць асновай для стварэння ў горадзе мастацкай галерэі, надзею на з’яўленне якой Іван Чарнякевіч выказаў на галоўнай святочнай сцэне горада.

Іван Міхайлавіч Чарнякевіч нарадзіўся 9 красавіка 1955г. у в.Плябанцы Пружанскага раёна. У 1973г. ён закончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву ў г.Мінск, а ў 1981 г. – ЛВМПВ імя В.Мухінай у г.Ленінград. Потым ен працаваў ў мастацкім Фондзе Ленінграда, выкладаў жывапіс ў Акадэміі сервіса і дызайна.

Сусветна вядомы мастак з Пружаншчыны працуе з рознымі матэрыяламі і ў розных тэхніках: алейны жывапіс, роспіс па шоўку, габелен, батык і інш. Ён пленна піша і з 1981г. актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх выставах у Расіі, Італіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Эстоніі, Латвіі і Беларусі. Сення яго працы знаходзяцца ў калекцыях Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, музея кнігадрукавання Францыска Скарыны ў Полацку, беларускім культурным цэнтры г.Сіднэй (Аўстралія), Рускім культурным цэнтры г.Сеул (Карэя), у прыватных зборах у Расіі, Нідэрландах, Францыі, Італіі, ЗША.

«Выстава трох карцін» знаеміць наведвальніка з творамі мастака, якія вызначаюцца рознай манерай выканання, настрем і эмацыянальным насычэннем.

Прысвячэннем Беларусі з’яўляецца карціна «Жанчыны Палесся. Фота пачатку ХХ стагоддзя». На яе стварэнне паўплываў здымак сялянскай сям’і з Бабруйшчыны пачатку ХХ ст. са збору этнографа І.Сербава, які вельмі ўразіў і натхніў майстра для напісання палатна. Праз чорна-белыя фарбы, некаторую фатаграфічнасць адлюстравання вобразаў жанчын і дзяцей І.Чарнякевіч паспрабаваў паказаць лёс роднага краю, традыцыйны лад жыцця беларусаў, шматвекавы пласт культуры, які зыходзіць у нябыт. Карціна прымушае гледача спыніцца і задумацца аб тым, што набыў сучасны чалавек, а што страціў. Акцэнт мастак зробіў на тварах жанчын, вочы якіх пільна глядзяць з мінулага. Жанчыны трымаюць дзяцей – магчыма, так вызначана сувязь продкаў і нашчадкаў, прызначэнне жанчыны, якая ўвасабляе Беларусь, – несці і захоўваць духоўныя каштоўнасці, адраджацца.

«Выстава трох карцін» прайшла у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»


Яшчэ адно палатно на беларускую тэму – «Песня» – гучыць зусім па-іншаму. Яно напісана пад уражаннем абрада Купалля. Выявы людзей на ім толькі намечаны з дапамогай розных геаметрычных формаў. Але, дзякуючы простым, нават умоўным, формам і выкарыстанню стрыманых колераў – блакітнага, шэрага, белага, карціна прыцягвае сваёй празрыстасцю і чысцінёй, нагадвае гукі музыкі, беларускага слова.
«Выстава трох карцін» прайшла у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»


Буйнасць фарбаў, шырокі мазок, свабоднае валоданне пэндзлем вызначаюць карціну «Сусвет». Яна прываблівае рознакаляровымі лініямі і пераплеценымі злучэннямі, дазваляе сачыць за дынамікай пераходаў, дапамагае далучыцца да працэсаў стварэння, малюючы для кожнага ўласныя вобразы і выявы.

«Выстава трох карцін» прайшла у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»


Для карцін Івана Чарнякевіча характэрна легкасць экспрэсіўнай манеры і ўяўная нестараннасць пісьма. Аднак, менавіта такая легкасць, сведчыць аб яго вялікім мастацкім вопыце і школе, адмове ад вучнеўскага акадэмізму, асаблівым стане душы, свабодзе думкі. Ен прадстаўнік сучаснага жывапісу, які размаўляе з гледачом з дапамогай палатна і фарбы, уводзіць духоўную практыку, якая патрабуе разумова-духоўных намаганняў як ад мастака, так і яго гледача.

Пракаповіч Наталія,
галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»


Крыніца: Вечерний Брест

Новости из этой категории

0 Комментариев