Беларуская глыбіня. Сланцавы газ

Беларуская глыбіня. Сланцавы газ
Беларуская глыбіня. Сланцавы газ

Але дух у чалавеку
І дыханне Усеўладнага
Дае яму разуменне.
Ёў 32:8


– …А яшчэ ў Беларусі ёсць сланцы, — казалі нам выкладчыкі геалагічнага аддзялення геафаку, — шмат сланцаў. Паліць іх задорага, лепш рабіць процьму хіміі, але нікому гэта не трэба.

І вось мінае дзевяць гадоў, на свеце сінім полымем выбухае вялікая сланцавая рэвалюцыя, гугл шпурляе прэч сланцы пляжныя і выдае кожнаму жадаючаму беларусу: сланцы?... Ёсць!

У Беларусі — мільёны тон гаручых сланцаў, з якіх можна здабываць і газ, і сінтэтычную нафту, і смолы. Пласты магутнасцю да 2,7 м на глыбіні ад 50 да 375 м — ля Жыткавічаў, Турава, Светалогорска ў Прыпяцкім прагіне... І пад Белавежскай пушчай.

Якраз тут, ля самай заходняй кропкі Беларусі, нашыя нетры ўспорвае разлом Тэйсэйра—Торнквіста, гіганцкая тэктанічная расколіна ад Нарвегіі да Чорнага мора з мноствам гаручых скарбаў усярэдзіне. Тэрыторыя Пружанскага раёна пад Шарашовам (больш за тысячу квадратных кіламетраў) вылучаная як перспектыўная для разведкі сланцавага газу.

Сланцавы газ здабываюць, працінаючы пласт гарызантальным свідраваннем, закачваюць туды хімікаты — і бяры пампуй. З той пары як у пачатку 2000¬х амерыканцы пачалі вырабляць такія штукі ў прамысловых маштабах, ЗША выйшлі на 1¬е месца ў свеце па здабычы газу, Еўропу ды Кітай ахапіў сланцавы бум, а Польшча ды Украіна ўжо свідруюць паўсюль з марай даць газу ўсяму Старому свету. Сабекошт новых кубаметраў большы, чым традыцыйных. Але паколькі агульныя рэсурсы вычарпальныя, кошты паляцелі долу. Газпрам, а з ім і Крэмль запанікавалі. Тэхналогію маюць нямногія сусветныя карпарацыі, плаціць трэба мільярды, і пытанне, па вялікім рахунку, адно: яно таго вартае?

Вядома, прасцей жыць на дурняк. Штоквартальна аддаваць Расеі за той прывідны, непрыемнага паху, туман усемагчымыя трубы, заводы, зямлю пад новыя вайсковыя базы, прылюдна выціраць ногі аб родную мову, каб там раптам не падумалі, быццам мы сабраліся абысціся сваім розумам, разбоўтваць мільёны тон растваральнікаў у папяровых справаздачах… А тут жа трэба ўкладвацца, грызці зямлю, выграбаць пахаванні з дна самае беларускае глыбіні.

Сланцавы газ з­пад Пружанаў — гэта абрысы буравых вышак на ўзгорыстых палях, геалагічныя базы, трубы, сховішчы. Свідравіны, кожная з якіх — кропка апірышча энергетычнага суверэнітэту. Сціжмы эколагаў, бо побач Пушча. Новая праца, вялікія грошы. Ударная хваля перасудаў, сварак і пробліскаў беларускіх позіркаў скоса: эт, век жа нічога тут не было, а бач ты, аказваецца, усё жыццё сядзелі на скарбах!

Пад нагамі ў беларусаў насамрэч бездань багацця. Трэцяе ў свеце радовішча калійнай солі, якое дае львіную долю валюты ў бюджэт. Агромністыя пласты солі белай, харчовай (наймацнейшы біблейскі сімвал!) — столькі, што можам усю Еўропу засыпаць паўтараметровым слоем. Вада, чыстая пітная вада, якой так не хапае мегаполісам і якая просіцца стаць нацыянальным брэндам. Будаўнічая сыравіна — адзін з найбагацейшых на кантыненце комплексаў, толькі будуй: разнастайныя гліны, шкляныя, сілікатныя і фармовачныя пяскі, гіпс, абліцовачны камень, жвір, крэйда ды мергель для вытворчасці цэменту і вапны… Найвялікшае ў рэгіёне радовішча будаўнічага каменю ў Мікашэвічах і даламіту для вапнавання кіслых глебаў у Рубе пад Віцебскам. Даўсаніт (сыравіна для атрымання пітной соды і алюмінію), фасфарыты на мінеральныя ўгнаенні, каалін, з якога робяць парцаляну, і якім адбельваюць паперу... А яшчэ глыбей — расолы з прамысловым утрыманнем калію, брому, ёду, цэзію, ліцію, рубідзію — незаменных элементаў у вытворчасці тэлеапаратуры, камп'ютараў, магнітаў, люмінафораў ды лазераў. Россыпы тытану, цырконію, малібдэну…

Гэтак жа і ў нетрах беларускай душы — грандыёзныя намнажэнні закладзеных Богам цярплівасці, сціпласці, стрыманасці, ахвярнасці, пакорлівасці, служэння бліжняму, убогасці духу, вялікай любові… Пакуль яны ляжаць пластом, спрасаваныя ды забытыя, што тыя гаручыя сланцы — каб аднойчы, праз пакаянне, разрыў граху і высілкі волі падняцца з глыбіняў, напоўніць дамы, расквітнець успышкай святасці ў тысячах і тысячах беларускіх сэрцаў.

Як падземныя сховішчы, схаваныя ў вантробах Бе­

ларусі, — звышпадмурак нашай незалежнасці, так і вобраз ды падабенства Божыя, стоеныя ў глыбокай беларускасці, — зарука той святасці, да якой пакліканае сённяшняе сціснутае ў нетрах пакаленне.

Не зоймецца сланцамі, расоламі ды россыпамі Лукашэнка — рана ці позна давядзецца займацца нам. Але, у рэшце рэшт, што тое падземнае цяпло і полымя ў параўнанні са звышнатуральнай энергіяй неба!..

Менавіта гэтую крыніцу, невычарпальную, здольную вызваліць нас з рабства смяр­дзючага духа, хоча адкрыць у беларусах Бог.

Павел Севярынец

палітык, пісьменнік. Сузаснавальнік Маладога Фронту, пасля Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Асуджаны на тры гады «хіміі» па справе так званых «масавых беспарадкаў» — так лукашэнкаўцы называюць пратэсты з патрабаваннем дэмакратыі і справядлівасці, што адбыліся ў дзень выбараў 19 снежня. Адбывае пакаранне ў Купліне Пружанскага раёна.

Крыніца: Наўа Ніва
Мапа: blog.polemika.com.ua

Новости из этой категории

0 Комментариев