Беларуская глыбіня. Палацык

Беларуская глыбіня. Палацык
Беларуская глыбіня. Палацык

І рабіў ён спадобнае

ў вачах Гасподніх…

І ў лясах пабудаваў

Палацы і вежы.

2 Летапісаў 27:2, 4


Калі вы раптам спыніцеся ў Пружанах на цэнтральнай Савецкай вуліцы, паміж касцёлам і раённай міліцыяй — з парку насустрач вам ціха выйдзе элегантны, шляхетнай асанкі пружанец з яснымі вачыма. Ён прыўздыме шырокі капялюш, павітаецца, і вы адразу здагадаецеся: гэта і ёсць той самы знакаміты Палацык.

Італьянская віла ў мадэрнавым стылі, шляхецкая сядзіба, павятовая ўправа, штаб генерала Гудэрыяна ў 1941, дзіцячы садок, стаматалогія, пустая руіна… — і нарэшце, скарбніца беларускай прыгажосці, згубленая сярод пушчаў. Так, у маштабах ліцвінскай велічы, у параўнанні з палацамі Сапегаў, Радзівілаў ці Пацаў ён сціплы Палацык — і называецца так дагэтуль нават на дарожных указальніках.

У сярэдзіне ХІХ ст. Палацык пабудаваў уладальнік маёнтка Пружанскі ключ Валенці Швыкоўскі. На ягоную замову архітэктар італьянскага паходжання Францішак Лянчы стварыў сапраўднае шляхецкае гняздо, натхнёнае неарэнесансам. Дзяцей маршалак Валенці і ягоная жонка Гермінія не мелі — і ўсю сваю душу ўклалі ў сядзібу, пейзажны парк на восем гектараў і шыкоўны сад — вішні, яблыні, грушы, слівы, чарэшні. За расейскай акупацыяй Швыкоўскія рабілі ўсё, што маглі: адчынілі ў Пружанах грамадскую бібліятэку і народныя школы для вясковых дзяцей, займаліся дабрачыннасцю, ладзілі святы… Сілаў не хапала, і Валенці горка казаў: «Чаго нельга ўкрасці, тое знішчае чужая мова».

Сядзібу Швыкоўскіх наведваў знакаміты Юзаф Крашэўскі, чыё родавае гняздо, Куплін, зусім побач: у многіх з ягоных шасціста тамоў твораў угадваюцца інтэр’еры ды сцэнкі Палацыка. Тут спыняўся і маляваў Напалеон Орда, з чыёй дасканалай графікі можна аднавіць не толькі Палацык ды шыкоўны парк, але і дзясяткі іншых беларускіх сядзібаў. Тут гасцявала і напаўголаса раілася вакольная шляхта.

І ў рэшце рэшт, у 1863¬м усю гэтую поўную чашу раскошы, прыгажосці і супакою Валенці, быццам рыцарскі кубак, паставіў на кон: узяўся збіраць грошы і лекі для паўстанцаў. Пасля баёў, адчаю, вышуквання каліноўцаў па пружанскіх лясах, катавання палонных і следства Палацык сканфіскавалі за «спрыянне мяцяжу». Высілкамі Гермініі, заступніцтвам уплывовых знаёмых, бясконцымі лістамі сядзібу ўсё-такі вярнулі, але ў 1895-м Швыкоўскія ўсё адно мусілі маёнтак прадаць — сваячцы жонкі Пушкіна Веры Клейнміхель. Некалькі хваляў вайны. Рэвалюцыя. Акупацыі… І над Палацыкам бела-чырвоны сцяг: павятовае староства Другой Рэчы Паспалітай.

Першыя саветы толкам не ведалі, што рабіць з сядзібай. А ў чэрвені 1941-га, пасля разбуральнага нямецкага ўдару, Палацык заняў штаб генерала Хайнца Гудэрыяна, таго самага заснавальніка танкавага роду войскаў у свеце, практыка бліцкрыгаў, які 22 верасня 1939 падчас сумеснага парада з Чырвонай Арміяй перадаваў Берасцейскую крэпасць бальшавікам.

Інтэрнат вучэльні. Аграбіястанцыя. Дзіцячы садок. Стаматалагічная паліклініка… Хто яшчэ мог кватараваць у шляхецкім Палацыку за савецкім часам? Урэшце, горад састарэлага будынка выракся. Развал Саюза Палацык сустрэў пустымі вокнамі.

Аднаўленне і рэстаўрацыю Палацыку дало беларускае Адраджэнне.

Палацык — гэта малады, усмешлівы беларускамоўны дырэктар Юрый Зялевіч, які ладзіць вечарыны ў шляхецкім стылі, «ночы музеяў» і запрашае сюды бардаў ды пісьменнікаў.

Каманда Палацыка з чатырох чалавек робіць сваю справу без вялікіх грошай і без помпы: збірае, захоўвае і шчодра рассявае перад беларусамі даўнія прыгажосці; ладзіць сустрэчы, канцэрты і цэлыя балі, дае пружанцам удыхнуць казачнага водару шляхетнасці, удумлівай інтэлігентнасці, беларускага дома, які натхняў геніяў і эпохі.

Палацык — гэта пакоі, адныя назвы якіх гучаць як музыка: кветкавая зала, паляўнічы кабінет, трафейны пакой, салон. Гэта жырандолі, вялізныя люстры, вырабленыя скуры, крэслы, канапы, камін. Калекцыя керамікі, манетаў, дакументаў. Выстава драўлянай «батлейкі» Мікалая Тарасюка. Палацык — гэта раскошная аранжарэя, «раёк», роўнага якому не было і ў Радзівілаў: будынак на тры коміны, крыты гонтай, з катлом для абагрэву вады — і без малога тысячай раслінаў. Пальмы, агавы, адаліі, апельсінавыя, лімонныя ды васковыя дрэвы, абуцымоны, камеліі, мацыёлы, мірты…

Палацык — гэта 200¬гадовы юбілей Крашэўскага і нядаўняя рэспубліканская канферэнцыя, прысвечаная паўстанню 1863 г.

Палацык — гэта бясцэнны абраз «Таемная вячэра» з Варанілавічаў, пачатак ХVII ст., залаты век Беларусі, што глядзіць на цябе з паўзмроку стагоддзяў, быццам дванаццаць апосталаў і праўда тут, у пакоі схаванага ў цяні дрэваў Палацыка, сабраліся слухаць Хрыста.

Шляхецкія сядзібы, крэпасці пяшчотнай і празрыстай беларускай красы — не легенды, а сапраўдная гісторыя. І не прывіды ды здані, а малітвы, высілкі волі і Божыя адкрыцці ажываюць для нас, нашчадкаў, у гэтых расчыненых залах, ахопленых водсветамі свечак паркетах і светлых вокнах-вачах. У тыя часы, калі Беларусь баялася Бога, а не ўладароў, калі да вас дахаты пілігрымам заходзіла Евангелле, калі любоў пераплаўляла супярэчнасці, а вера тварыла цуды — у гулкіх, сляпушчых, з высокімі столямі залах адлюстроўвалася вялікае пакліканне.

Палацык — гэта пасланне да кожнага з нас ад тае шляхты, якая не спынілася, не прадалася, не выраклася радзімы пад шыбеніцамі. Сведчанне росквіту, цэласці, моцы, якія напаўняюць да краёў беларускае жыццё і беларускую душу, аддадзеныя Айчыне і Богу.

Павел Севярынец

палітык, пісьменнік. Сузаснавальнік Маладога Фронту, пасля Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Асуджаны на тры гады «хіміі» па справе так званых «масавых беспарадкаў» — так лукашэнкаўцы называюць пратэсты з патрабаваннем дэмакратыі і справядлівасці, што адбыліся ў дзень выбараў 19 снежня. Адбывае пакаранне ў Купліне Пружанскага раёна.

Крыніца: Наша Ніва
Фота: futureal2006.livejournal.com

Новости из этой категории

0 Комментариев