Аляксандр Акінчыц - паўстанцкі лекар

Аляксандр Акінчыц - паўстанцкі лекар
Аляксандр Акінчыц - паўстанцкі лекар

Своеасаблівай традыцыяй у нашым грамадстве стала святкаванне юбілеяў пэўных падзей і асоб. Адныя адзначаюцца з вялікім размахам, іншыя – праходзяць ледзь заўважанымі. Тым не менш, любая “круглая дата”, як бы да яе не ставіліся, гэта повад яшчэ раз звярнуць увагу на багацце і веліч уласнай гісторыі, неадназначнасць і шматграннасць яе падзей і з’яў. Не стаў выключэнне і 2013 год, калі адзначаецца 150-годдзе з часу пачатку нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 – 1864 гг. ў Польшчы, Літве і Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Падзеі паўстання, негледзячы на іх навуковую распрацаванасць, да сённяшняга дня прыцягваюць увагу даследчыкаў і аматараў айчыннай гісторыі. Справа ў тым, што асвятленне грамадска-палітычнага руху і партызаншчыны 60-х гг. ХІХ ст. доўгі час не было пазбаўлена ідэалагічных штампаў, уплываў розных гістарычных школ і палітычных працэсаў. Менавіта таму стаўленне да выступлення і сення неадназначнае, выклікае шмат спрэчак і поглядаў. Тым не менш, гэта адна з найважнейшых падзей другой паловы ХІХ ст., якая аказала вызначальны ўплыў на далейшы лес Беларусі.

Для Пружаншчыны паўстанне не проста дата ў гісторыі. Менавіта гэты рэгіен з’яўляўся адным з цэнтраў рэвалюцыйнага руху, месцам дыслакацыі і актыўнай дзейнасці партызанскіх атрадаў, у склад якіх уваходзілі не толькі прадстаўнікі шляхецтва, але і сялянства. Судовыя дакументы данеслі да нас імёны дзесяткаў тутэйшых жыхароў, якія ўдзельнічалі ў партызанцы, аказвалі дапамогу ці проста спачувалі інсургентам. Сярод іх узгадваецца імя Аляксандра Восіпавіча Акінчыца – урача, грамадскага дзеяча, мемуарыста.

Аляксандр Акінчыц - паўстанцкі лекар


Вядома, што А.Акінчыц нарадзіўся 9 лютага (28 студзеня) 1839 г. у вёсцы Сялец Пружанскага павета (сучасны Бярозаўскі раён). Пачатковую адукацыю хутчэй за ўсё атрымаў дома, сярэднюю, магчыма, у Пружанах. У 1856 – 1861 г.г. ён вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта. Менавіта там малады чалавек захапіўся вызваленчай рамантыкай, калі аказаўся ў асяроддзі прагрэсіўнага зямляцтва з Літвы-Беларусі. Тое, што Аляксандр свядома і дабраахвотна далучыўся да нацыянальнага руху пацвяржаюць ягоныя словы, зафіксаваныя пазней у час паліцэйскага следства: “была ідэя вельмі распаўсюджаная і даўняя – вызваленне сваёй Айчыны”.

Пасля заканчэння універсітэта ў верасні 1862 г. Акінчыц загадам міністра дзяржаўных маёмасцяў Расійскай імперыі быў прызначаны звышштатным акруговым урачом Слонімскага павета, а потым пераведзены на пасаду акруговага ўрача Слонімскага і Пружанскага паветаў. Месцам пастаяннага пражывання А.Акінчыца стала мястэчка Шарашова. Доктар хутка набыў аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў розных станаў. На кані і пешшу ен наведваў хворых у Пружанах, Стараволі, Белавежы. На працягу ўсяго гэтага перыяду ён быў звязаны з рэвалюцыйнымі арганізацыямі Варшавы і Вільні. Гэта было прызнана Аляксандрам на допытах пасля разгорому выступлення.

Паводле успамінаў Акінчыца першы буйны паўстанцкі атрад на Пружаншчыне з’явіўся зімой 1863 г. – гэта быў атрад Рамана Рагінскага, які 13 лютага захапіў Пружаны. Сам Аляксандр далучыўся да паўстання ў красавіку 1863 г., калі атрымў прадпісанне з Варшавы далучыцца да атрада Фелікса Влодэка (уваходзілі ў асноўным жыхары Пружаншчыны і ваколіц). Разам з іншымі шляхціцамі Акінчыц накіраваўся ў Міхалінскі лес, дзе сустрэўся з рэшткамі разгромленай групы Самульскага, астаўленага Рагінскім для кіраўніцтва паўстаннем ў Пружанах. Гэты невялікі атрад у 70 чалавек, не дачакаўшыся падыходу Влодэка, рушыў да Бярозы. Па дарозе ен уступіў ў бой з атрадам рускіх рэгулярных войск, у час якога непрыяцель быў разбіты, а ў рукі паўстанцаў трапіла многа зброі. У час бітвы ў Міхалінскім лесе загінула многа рускіх салдат і паўстанцаў. Менавіта ў Міхаліне пружанская паўстанцкая група далучылася да атрада Густава Стравінскага (Млотака). У атрадзе Аляксандр аказаўся “разам з двума стрыечнымі братамі” – Станіславам (былы афіцэр рускай арміі) і Феліксам (студэнт Пецярбургскага універсітэта). Дарэчы, у атрадах паўстанцаў былі таксама іншыя прадстаўнікі роду Акінчыцаў – Уладзіслаў і Людвік. Паводле паказаняў розных сведкаў вядома, што Аляксандр знаходзіўся ў атрадзе Стравінскага, але найбольш “як урач – лячыў, а не змагаўся”.

Важнай крыніцай аб паўстанні на тэрыторыі Пружаншчыны з’яўляюцца мемуары Аляксандра Акінчыца. У іх можна знайсці не столькі апісанне баявых дзеянняў, колькі адлюстраванне грамадскага становішча ў Беларусі і ўласныя перажыванні патрыета. Яго успаміны дазваляюць сцвярджаць, што ён быў з катэгорыі рэвалюцыянераў-ідэалістаў, які рамантызаваў рэчаіснасць і гісторыю свайго народа, мроіў аб свабодзе радзімы. “…Паўстанцкія вогнішчы асвячалі старыя дрэвы, каля якіх сядзелі ўзброеныя мужчыны. Яны часта спявалі патрыятычныя песні пад акампанемент атраднага флейтыста, і сэрца поўнілася надзеяй. Рэха несла спеў над прыгнечанай зямлёй, абуджаючы жаданне свабоды. …Пар кухняў, дым вогнішчаў, грукат зброі і смеху, жарты і нават жалобны гук флейты – усё стварала адзінае цэлае, поўнае зачаравання і гармоніі. Гэта назаўсёды адлюстравалася ў маей памяці”, - так паэтычна апісваў Акінчыц побыт паўстанцаў у сваіх мемуарах. Ен таксама адзначаў, што ў інсургентаў не было недахопу ў грошах, адзенні і ежы, сцвярджаў: “сярод нас было много сялян, якія былі ўзброены самаробнай зброяй”. Сапраўды, па падліках сучасных гісторыкаў колькасць сялян сярод паўстанцаў на тэрыторыі Гродзенскай губерні дасягада да 33%.

Разам з лекарскай практыкай А.Акінчыц удзельнічаў у аперацыях атрада Г.Стравінскага-Млотака пад Ружанамі (13 чэрвеня 1863 г.), каля вёсак Вялікі Кут і Лыскава.
Аднак, змаганне А.Акінчыца, як і многіх іншых, не было доўгім. Восенню 1863 г. паўстанне пайшло на спад, большасць атрадаў была знішчана царскімі войскам. Іх ўдзельнікі загінулі ці трапілі ў палон, частка ўцякла за мяжу ці разышлася па хатах. Доўгае блуканне па лясах, пастаянны холад і вільгаць, шматлікія раны падарвалі здароўе Аляксандра – сталі хварэць ногі і ныркі. Спачатку ен знайшоў прытулак ў родных у маентку Замойскіх каля Кабылаўкі, а потым трапіў у маёнтак маці ў в.Нямковічы на Пружаншчыне.

Адначасова з разгромам паўстанцкіх атрадаў пачаліся разбіральніцтвы з усімі, хто меў дачыненне да “польскага бунту”. А.Акінчыца арыштавалі 14 лістапада 1863 г. “за бытность в мятежной шайке и не явку к властям по возвращении из оной”. Менавіта там ен знаходзіўся да красавіка 1864 г. Акінчыц успамінаў, што разм з ім ў турме апунулася амаль усе шляхецтва павета. Трэба адзначыць, што восенню 1863 г. Пружаны былі перапоўнены рускімі войскамі. У горад звезлі ўсіх, каго падазравалі ў сувязі з паўстанцамі. Акрамя асноўнага будынку павятовай турмы, улады арандавалі яшчэ тры вялікія будынкі, але яны не ўмяшчалі ўсіх арыштаваных. У красавіку частку зняволеных, у тым ліку А.Акінчыца, адправілі ў Гродна. Там 13 красавіка 1864 г. адбыўся ваенны суд. У прысудзе гаварылася: “бывшего окружного врача дворянина Александра Окинчица, ... за бытность в шайке мятежников добровольно... лишив всех прав состояния по 3-й степени, сослать на каторжную работу в рудники на 15 лет”. Апасля абвяшчэння прыгавору ен разам з іншымі асуджанымі быў этапіраваны ў Сібір.

Жорсткая расправа над удзельнікамі і спачувальнікамі паўстання, а таксама іх роднымі, стала мэтанакіраваным мерапрыемствам Расійскай імперыі па выкараненні антыцарскіх настрояў мясцовага насельніцтва і знайшла сваё адлюстраванне ў заяве віленскага генерал-губернатара М.Мураўёва, адрасаванай да былах інсургентаў: “Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь со своими мыслями и чувствами русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край”.

Аляксандр Акінчыц адбываў сылку г.Томску. Аднак у 1865 г. з дапамогай мясцовых народнікаў Аляксандру ўдалося купіць якасны фальшывы пашпарт на імя Мечыслава Мілеўскага і уцяцы за мяжу.

З 1882 г. А.Акінчыц стаў грамадзянінам Францыі, дзе жыла вялікая колькасць эмігрантаў з зямель былой Рэчы Паспалітай. Менавіта ў Францыі ім былі напісаны цікавыя мемуары “Успаміны аб побыту ў Расіі ў 1863 г.”, якія доўгі час захоўваліся ў сямейным архіве Акінчыцаў і нядаўна былі выдадзены на французскай мове. Аляксандр удзельнічаў у шматлікіх грамадскіх мерапрыемствах, але большую частку сваей дзейнасці на новым месцы ен прысвяціў лекарскай справе. У Парыжы ен пацвердзіў свой маскоўскі дыплом урача, закончыўшы спецыяльныя медыцынскія курсы ў 1867 г. Паводле ўспамінаў яго сучаснікаў гэта быў даволі мірны чалавек, які сумленна ставіўся да сваёй справы, заўсёды быў гатовы аказаць дапамогу тым, хто яе чакаў. У эміграцыі А.Акінчыц быў жанаты два разы – з Юзэфай Залеская (1871 г.) і Ганнай Кракавецкай (1878 г.), меў пяцёра дзяцей.

Аляксандр Акінчыц - паўстанцкі лекар


Лекар-паўстанец Аляксандр Акінчыц памёр 18 сакавіка 1886 г. у прыгарадзе Парыжа Вілепрэ-ле-Клэз. Імя гэтага чалавека з вялікай павагай ўзгадваецца і сення ў французскім горадзе, які даў прытулак нашаму суайчынніку, есць мемарыяльны пакой і вуліца “доктара Аляксандра”.


Наталля Пракаповіч,

галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы "Пружанскі палацык"


Крыніца: Рэха Берасцейшчыны

Новости из этой категории

1 Комментарий

  • 28.08.2015
    13:35
    potapchuk

    .....Гісторыя нашага земляка павінна прымусіць і нас задумацца аб увекавечанні памяці пружанскіх урачоў: Пацэвіча, Гарустовіча, Каробкі . " Раённыя будні" 15 ліпеня 1997 г. № 55-56. арт. " Доктар Аляксандр" Міхаіл Шульман