
Уладзі́мер Я́каўлевіч Круко́ўскі (6 сакавіка 1937, Асіповічы Магілёўскай вобласьці, БССР) — беларускі мастак-плякатыст, журналіст. Адзін з аўтараў дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь «Пагоня», стваральнік больш як дзьвюхсот плякатаў разнастайнай тэматыкі.
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся ў Магілёўскай вобласьці. Дзяцінства правёў у мястэчку Ружаны Берасьцейскай вобласьці, дзе навучаўся ў сярэдняй школе. Скончыўшы яе ў 1954 року з залатым мэдалём, паступіў на архітэктурна-будаўнічы факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытуту. Адслужыўшы ў войску, вярнуўся ў Ружаны і працаваў мастаком-афармляльнікам.
У 1970 пераехаў у Менск, працаваў у «Агітплакаце Саюзу мастакоў БССР». У 1972 року скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдагагічнага інстытуту.
Працаваў мастацкім рэдактарам часопісаў «Маладосьць» (з 1979), «Мастацтва Беларусі» (1982—1984), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», «Спадчына» (1989—1998). Публікаваўся ў часопісах «Спадчына», «Наша вера», тыднёвіках «ЛіМ», «Наша Ніва», газэтах «Голас Радзімы», «Рунь», «Народная воля» і інш.
Сябра Беларускага саюзу мастакоў (1975) і суполкі «Пагоня». З 1976 року — намесьнік старшыні сэкцыі плякату БСМ, сябра праўленьня, пасьля 10 рокаў кіраўнік плякатнай сэкцыі. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Адзін з кіраўнікоў «Мартыралёгу Беларусі», сябра Беларускага народнага фронту з моманту заснаваньня, сябра Сойму БНФ. У 1993 року адышоў ад актыўнай дзейнасьці ў структурах БНФ.
У 1990 року кіраваў кампаніяй Зянона Пазьняка на выбарах у Вярхоўны Савет БССР.
З 1998 року на пэнсіі. Жыве ў Менску.
Творчасьць
Асноўная тэматыка плякатаў — мінуўшчына, культура, экалёгія, антываенныя і юбілейныя тэмы, афішы. Аўтар плякатаў «Помнікі архітэктуры — нацыянальны скарб» (1973), «Назаўсёды ў памяці народа» (1974), «У бітвах за волю, у бітвах за долю!..» (1980), трыпціху «Дзень X» (1996), «Што ж мы за людзі?» (1998), «Білінгвізм», «Свабоду палітвязьням!», «БНР — 90»; шэрагу плякатаў, прысьвечаных славутым дзеячам Беларусі: Францішку Скарыну, Міколе Гусоўскаму, Васілю Цяпінскаму, Кастусю Каліноўскаму, Цётцы (Алаізе Пашкевіч), Максіму Багдановічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Івану Луцкевічу, Язэпу Драздовічу і іншых, агульнай колькасьцю больш за 200.
Удзельнічае ў шматлікіх усесаюзных, рэспубліканскіх, замежных выставах плякату ад 1972 року. Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Дзяржаўным літаратурным музэі імя Максіма Багдановіча, Дзяржаўным літаратурна-мэмарыяльным музэі ймя Якуба Коласа, музэях Летувы, Польшчы й Расеі.
Аўтар (разам зь Яўгенам Куліком) эталёну дзяржаўнага гербу «Пагоня», а таксама сьцягу і малой эмблемы БНФ.
Прэміі і ўзнагароды
Мэдаль «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»
Сям’я
Жанаты, мае двух дзяцей.
Бібліяграфія
Крукоўскі, У.Я. Срэбная страла ў чырвоным полі : з гісторыі беларускіх прыватных гербаў. — Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2010. — 136 с. — ISBN 978-985-6941-77-4
Крыніца: Вікіпэдыя
Фота: krukouski.iatp.by
0 Комментариев