82 гады таму, 1 верасня 1939 года, пачалася Другая Сусветная Вайна

82 гады таму, 1 верасня 1939 года, пачалася Другая Сусветная Вайна

Пачатак другой сусветнай вайны. Падзеі восені 1939 на Беларусі 

крыніца: belhistory.com

 

Бальшавіцкі СССР 23 жніўня 1939 г. падпісаў з нацысцкай Нямеччынай дамову аб ненападзе, вядомую ў гісторыі па прозвішчах кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў дзвюх дзяржаў як пакт Молатава-Рыбентропа.

 

«Вызваленчы паход» у Заходнюю Беларусь
 
Бальшавіцкі СССР 23 жніўня 1939 г. падпісаў з нацысцкай Нямеччынай дамову аб ненападзе, вядомую ў гісторыі па прозвішчах кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў дзвюх дзяржаў як пакт Молатава-Рыбентропа. Да пакта быў прыкладзены дадатковы сакрэтны пратакол, у якім Сталін і Гітлер дзялілі Польскую дзяржаву на сферы ўплыву. Мяжа павінна была прайсці прыкладна па рэках Нараў, Буг, Вісла і Сан. Летува пакідалася гітлераўцам. У сакрэтным пратаколе адзначалася, што Савецкі Саюз і Нямеччына прызнаюць прэтэнзіі Летувы на Віленскі край. Абодва бакі планавалі выкарыстаць сітуацыю ва ўласных мэтах.
 
Першай на Польшчу 1 верасня 1939 г. напала Нямеччына. У той час калі палякі абаранялі Варшаву, свае войскі рушыў на захад Сталін. Савецкая прапаганда абвясціла гэта «вызваленчым паходам» на дапамогу заходнім беларусам і ўкраінцам. На трэці дзень «вызваленчага паходу», 19 верасня 1939 г., часціны Чырвонай арміі ўвайшлі ў Вільню. У зводцы савецкага Генштаба за гэты дзень паведамлялася: «На поўначы  у Заходняй Беларусі  пасля двухгадзіннага бою нашыя войскі занялі Вільню».
 
На працягу дзесяці дзён Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь апынуліся пад бальшавіцкай уладай. Напад Германіі і Савецкага Саюза на ПольшчуТакім чынам быў скасаваны падзел Беларусі паводле Рыжскага трактата 1921 г. У выніку тэрыторыя рэспублікі вырасла больш чым на 100 тыс. квадратных кіламетраў, а насельніцтва  на 4,5 мільёна чалавек.
Ацэньваючы тыя падзеі, газета «Нью-Ёрк Таймс» ў нумары за 18 верасня 1939 г. называла нацызм «карычневым камунізмам», а камунізм «чырвоным фашызмам» і пісала, што свет хутка зразумее: у яго ёсць толькі адзін выбар  паміж дэмакратыяй, свабодай і мірам, з аднаго боку, і дэспатызмам, тэрорам і вайной  з іншага.
 
Аднак шмат хто з беларусаў верыў што сапраўды надышоў час вызвалення і далучэння да свабоднай і незалежнай Беларусі. Былі выпадкі, калі пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў жыхары сустракалі чырвонаармейцаў хлебам-соллю і кветкамі. Але большасць насцярожана чакала далейшых падзеяў.
 
Пры канцы кастрычніка Народны (Нацыянальны) сход у Беластоку, на які былі старанна падабраныя дэпутаты, аднагалосна прагаласаваў за абвяшчэнне ў Заходняй Беларусі савецкай улады. Далучаны абшар стаў часткаю БССР. Тут ствараліся пяць новых абласцей  Баранавіцкая, Беластоцкая, Берасцейская, Вілейская і Пінская. Задзіночанне ў межах адной рэспублікі адпавядала нацыянальным інтарэсам беларусаў і рабіла больш выразнай нашу гістарычную перспектыву. Але за гэта была заплочаная вельмі дарагая цана. Неўзабаве ў былой Заходняй Беларусі пачаліся масавыя дэпартацыі і фізічнае вынішчэнне «антысавецкіх элементаў». Адбывалася рабаванне эканамічнага і культурнага багацця краю. У адукадыі хутка быў узяты курс на русіфікацыю. Захоўвалася нават старая савецка-польская мяжа з заставамі, што дало некаторым гісторыкам падставы параўнаць гэты абшар з велічэзным канцлагерам.
 
Апрача таго, па-за межамі БССР засталіся вялікія тэрыторыі з беларускім насельніцтвам. Крывадушная палітыка Крамля красамоўна выявілася ў гандлі Вільняй і Віленшчынай.
 
Вільня зноў беларуская
 
Заходнія беларусы лічылі Вільню сваім бясспрэчным духоўным і культурным цэнтрам. У беларускім савецкім грамадстве таксама існавала перакананасць у непарыўнасці лёсаў Вільні і Беларусі. Нацыянальныя колы былі ўпэўненыя, што горад нарэшце апынецца ў складзе беларускай рэспублікі. Узбуйнення яе тэрыторыі за кошт Віленшчыны чакалі ў БССР і камуністы. Тым больш Камінтэрн у свой час вызначыў што Заходняя Беларусь улучае ў сябе Вільню і Віленскі край.
 
15 верасня 1939 г. адбылося паседжанне НКВД БССР, дзе Вільня таксама разглядалася як «частка былых польскіх земляў якія трэба далучыць да Беларускай ССР». (НКВД, вядома, вырашаў уласную задачу  «ізаляцыю» заходнебеларускіх «ворагаў савецкай улады».)
 
24 верасня ў актавай зале Віленскай беларускай гімназіі адбылася афіцыйная ўрачыстасць з нагоды далучэння Вільні да Беларусі «на векі вякоў». Пра гэта казалі ў сваіх выступах і тагачасны загадчык аддзела прапаганды ЦК КП(б)Б Іван Клімаў які ўзначальваў савецкую адміністрацыю Заходняй Беларусі, і віленскія беларускія дзеячы на чале з былым прэм’ерам урада БНР Антонам Луцкевічам. Ён, у прыватнасці, заявіў: «Беларусь зноў стала адзінай… Вялікая праца перад намі, праца дзеля адбудовы ўсяго таго, што гадамі падміналася і нішчылася польскімі панамі. Утварэнне адзінай вольнай савецкай Беларусі адчыняе для беларускай культуры шлях да хуткага развіцця наперад». Цэнтральныя менскія газеты ў другой палове верасня выйшлі пад лозунгам! «Вільня  зноў беларуская!» У савецкіх выданнях, прычым не толькі ў БССР, друкавалі артыкулы, дзе даводзіліся гістарычныя правы Беларусі на Вільню і тлумачылася, што Вялікае Княства Літоўскае было беларускай дзяржаваю.
 
Віленшчынай у тыя тыдні кіравалі пасланцы з Менска. Была створаная Віленская вобласць. Беларускую мову прызналі афіцыйнай. На ёй, як і ў іншых абласных цэнтрах рэспублікі, пачала выходзіць газета «Віленская праўда», якая з нумара ў нумар змяшчала матэрыялы аб гістарычным праве беларускага народа на Вільню і Віленскі край.
 
У Вільні знаходзілася і рэдакцыя галоўнай савецкай газеты для Заходняй Беларусі  «Свабодная Беларусь». Адчыняліся беларускія школы і арганізацыі. У беларускую гімназію, якая існавала і за польскім часам, паступалі тысячы заяваў. Каб задаволіць іх, арганізавалі дзесяць паралельных класаў. Але і гэтага было мала, і таму ўлады пастанавілі адчыніць у Вільні Другую беларускую гімназію. Былі створаныя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў беларускай мовы ў вясковых школах.
 
У Свянцянах (цяпер Швянчоніс у Летуве), Эйшышках (цяпер Эйшышкіс) ды іншых гарадах і мястэчках адбываліся мітынгі, дзе прымаліся рэзалюцыі пра ўваходжанне ў склад БССР. Самы вялікі ва ўсёй Заходняй Беларусі мітынг прайшоў у Вільні. На Лукішскім пляцы сабралася 75 тысяч гараджанаў  траціна ўсяго насельніцтва. У рэзалюцыі мітынга, на якім сярод іншых выступаў і А. Луцкевіч, гаварылася, што працоўныя Вільні галасуюць за ўваходжанне ў склад Беларускай ССР. Аднак горад заставаўся ў Беларусі ўсяго сорак дзён.
 
Планы Масквы і Берліна
 
Падзеі верасня 1939 г. прывялі СССР і Нямеччыну да неабходнасці ўдакладнення ранейшых намераў. Войскі вермахта захапілі на ўсход ад Варшавы вялікую этнічна польскую тэрыторыю, якая паводле пакта Молатава-Рыбентропа належала да савецкай «зоны ўплыву». Сталін і ягонае абкружэнне пагадзіліся з гэтым, убачыўшы сваю выгаду. Акупацыя цэнтральнай Польшчы Чырвонай арміяй не дазваляла б маскаваць захопніцкую акцыю пад «вызваленчы паход» і хавала ў сабе небяспеку, што хаўруснікі Польшчы  Англія і Францыя  абвесцяць вайну не толькі Нямеччыне, але і Савецкаму Саюзу.
 
28 верасня Масква і Берлін падпісалі новы сакрэтны пратакол. Немцы павінны былі пакінуць захопленыя імі Берасцейскую фартэцу (Брэсцкую крэпасць) і Берасце (на яго цэнтральным пляцы за некалькі дзён да гэтага адбыўся супольны парад савецкіх і гітлераўскіх войскаў). СССР адмаўляўся на карысць немцаў ад цэнтральнапольскіх земляў, але наўзамен атрымаў Летуву.
 
У пакуль яшчэ незалежнай Летуве з велізарнай увагаю сачылі за падзеямі. На самым пачатку Другой сусветнай вайны там не пагадзіліся з прапановай немцаў Вільня ў абмен на дапамогу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Польшчы. Супраць былі б Брытанія і Францыя, а магчыма, і Савецкі Саюз. Як піша сучасны амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, летувіскі ўрад «разлічваў што ў каротка-тэрміновай перспектыве нямецкая ўлада будзе горшая за савецкую, у сярэднетэрміновай  што СССР выйдзе пераможцам у будучай вайне з Нямеччынай, а ў доўгатэрміновай  што калі за Вільню давядзецца заплаціць незалежнасцю, то лепей падпісаць гэткае пагадненне з Савецкім Саюзам».
 
Як толькі чырвонаармейцы захапілі Вільню, летувіскія дыпламаты ў Маскве звярнуліся да савецкіх уладаў з просьбай перадаць горад Летуве. Тады ад звароту проста адмахнуліся, але сітуацыя імкліва мянялася. 1 кастрычніка летувіскі міністр замежных справаў Ёзас Урбшыс даведаўся пра змены сфераў уплыву і пра тое, што за Вільню трэба будзе расплочвацца прысутнасцю 20-тысячнага кантынгенту савецкіх войскаў у Летуве. Масква нават не палічыла патрэбным паведаміць пра гэта ў Менск, што лішні раз падкрэслівае марыянеткавы характар так званай беларускай савецкай дзяржавы.
 
10 кастрычніка 1939 г. СССР і Летува падпісалі пагадненне, згодна з якім Віленшчына пераходзіла Летуве. У Менску яшчэ нічога не ведалі. У той самы дзень газета «Звязда» апублікавала дзве карэспандэнцыі з Вільні. У адной з іх паведамлялася, як віленчукі рыхтуюцца да выбараў дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі. Адметна, што савецка-летувіская дамова пра Віленшчыну не публікавалася, пакуль Вярхоўны Савет СССР не задаволіў «просьбу» Народнага сходу ў Беластоку пра далучэнне «вызваленых земляў» да БССР. Наркам замежных справаў СССР В. Молатаў даў наступнае тлумачэнне: «Мы ведаем, што большасць насельніцтва гэтага рэгіёну  не летувісы. Але гістарычная мінуўшчына і памкненні летувіскага народа цесна звязаныя з горадам Вільня, і ўрад СССР палічыў за неабходнае пайсці насустрач гэтым маральным фактарам». Зразумела, што насамрэч ні пра якую мараль гаворкі не ішло. СССР атрымаў за сваё «дабрадзейства» права размясціць у Летуве савецкія вайсковыя базы, а ўлетку 1940 г. захапіў усю краіну разам з дзвюма іншымі балтыйскімі рэспублікамі  Латвіяй і Эстоніяй.
 
Каб змякчыць незадаволенасць ужо акупаванай Летувы, савецкі ўрад праявіў новы «клопат»  перадаў ёй у лістападзе 1940 г. яшчэ 2,6 тысячы квадратных кіламетраў памежнай тэрыторыі БССР. 3 прылеглымі, населенымі пераважна беларусамі землямі ад нашай рэспублікі былі адарваныя гарады Свянцяны (цяпер Швянчоніс), Салечнікі (цяпер Шальчынінкай) і славуты курорт Друскенікі (цяпер Друскінінкай).
 
1 лістапада 1939 г. беларусы даведаліся, што Масква адарвала ад Беларусі і перадала Летуве 7120 квадратных кіламетраў з 457000 жыхароў  Віленшчыну разам з Вільняй.
 
ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
 
23 жніўня 1939 г.
Падпісанне пакта Молатава-Рыбентропа з сакрэтным пратаколам пра падзел Польскай дзяржавы.
1 верасня 1939 г.
Пачалася Другая сусветная вайна.
17 верасня 1939 г.
Пачатак «вызваленчага паходу» Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь.
19 верасня 1939 г.
Савецкія войскі занялі Вільню. Віленскі край становіцца часткай Беларусі.
28 верасня 1939 г.
Паводле дадатковага сакрэтнага пратакола да пакта Молатава-Рыбентропа Летува і Вільня перададзеныя ў савецкую «зону ўплыву».
10 кастрычніка 1939 г.
СССР перадаў Вільню і Віленскую вобласць Летуве ў абмен на згоду стварыць на яе тэрыторыі савецкія вайсковыя базы.

Новости из этой категории