Мікола Ільяшэвіч – невядомы гісторык з Пружан

Мікола Ільяшэвіч – невядомы гісторык з Пружан
Мікола Ільяшэвіч – невядомы гісторык з Пружан

Вокладка часопісу "Саха", які рэдагаваў Мікола Ільяшэвіч


Мінулае ХХ стагоддзе пакінула ў памяці людзей вялізарны адбітак, які вызначаецца як трагічнымі так і славутымі старонкамі. Наша Пружаншчына, як і іншыя беларускія землі, таксама не была ўбаку ад тых падзей, што аказалі важны ўплыў на айчынную і еўрапейскую гісторыю. І звязана гэта, у першую чаргу, з асаблівым месцазнаходжаннем нашай краіны, якая на працягу многіх вякоў з’яўлялася своеасаблівай мяжой паміж Захадам і Усходам, месцам, дзе сутыкаліся інтарэсы многіх народаў і краін.

Адной з такіх старонак былі так званыя “польскія часы” (1921 – 1939 г.г.). Гэта былі гады, калі дзяржаўныя ўлады другой Рэчы Паспалітай зрабілі апошнюю спробу поўнасцю падначыліць і паланізаваць “крэсы усходнія” ці Белапольшчу, як тады афіцыяльна называлі Заходнюю Беларусь.

Негледзячы на адносна спрыяльныя для беларусаў, што апынуліся ў складзе іншай дзяржавы, умовы Рыжскага міру 1921 г., якім завяршылася савецка-польская вайна, польскае кіраўніцтва зрабіла ўсё, каб знішчыць любыя праявы “беларускасці” ў краі, у тым ліку нашу мову, школу, мастацтва і інш. Але гэтыя намаганні прывялі да адваротнай рэакцыі – разгарнуўся шырокі нацыянальна-культурны і вызваленчы рух, які не маглі скарыць ні пагрозы, ні забароны, ні арышты. Ураджэнцы пружанскай зямлі таксама ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне і развіццё гэтага працэсу.

Сярод іх трэба абавязкова ўзгадаць славутыя імёны Рыгора Шырмы, Гальяша Леўчыка, Міхася Забэйды-Суміцкага, Міколы Засіма.

Але ёсць імя, якое не так шырока вядома нашым сучаснікам, – гэта Мікола Ільяшэвіч, беларускі гісторык, географ, краязнаўца, педагог, публіцыст, выдавец і актыўны грамадскі дзеяч. Звестак аб жыцці і дзейнасці гэтай цікавай асобы захавалася не вельмі многа, нават у спецыяльнай літаратуры пра яго ўзгадваюць незаўсёды. Вядома, што нарадзіўся ён ў Пружанах у 1903 г., але потым сям’я аказалася ў Вільню (тут нарадзіўся брат Хведар – у будучым вядомы беларускі літаратар, філосаф, гісторык, грамадска-культурны дзеяч).

Менавіта ў гэтым горадзе юнак стаў вучыцца ў духоўным вучылішчы, а потым у славутай Віленскай беларускай гімназіі, якую палітык і педагог Кастусь Езавітаў назваў пазней “кузняй адраджэнскіх дзеячаў”. Выкладанне ў ёй на тыя часы ішло на беларускай мове, вялікая ўвага надавалася патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення. Ужо ў час віленскага вучнёўства Ільяшэвіч свядома ўключыўся ў грамадскае жыццё. І гэта было заканамерна, так як Вільня першай трэці ХХ ст. была месцам гуртавання беларускай інтэлігенцыі, прагрэсіўных нацыянальных колаў. Мікола вельмі захапіўся гісторыяй, сам пачаў збіраць краязнаўчыя матэрыялы, стаў супрацоўнічаць са створаным пры гімназіі музеям імя Івана Луцкевіча.

Свае першыя навукова-папулярныя, яшчэ не вельмі дасканалыя, нарысы шчыры юнак змяшчаў у заходнебеларускім маладзёжным часопісе “Маладое жыццё” (выйшла ўсяго 7 нумароў за 1921 – 1923 г.г.), у рэдагаванні якога ён непасрэдна ўдзельнічаў. Праз публіцыстычныя артыкулы і літаратурныя творы гэта выданне заклікала да палітычнага і сацыяльнага самаўсведамлення, салідарнасці з перадавымі прадстаўнікамі іншых народаў. На старонках “Маладога жыцця” друкаваліся вершы У.Жылкі, І.Дварчаніна, У.Дубоўкі, Ю.Сергіевіча, апавяданні і замалёўкі Чурылы, Я.Драздовіча (пад псеўданімам І.Разора).

Атэстат Віленскай гімназіі Мікола Ільяшэвіч атрымаў у 1923 г. і свой далейшы лёс вырашыў звязаць з Прагай, куды адправіўся вучыцца ў славуты Карлаў універсітэт - адну з першых вышэйшых навучальных устаноў на славянскіх землях, што была створана яшчэ ў сярэднявеччы. Усяго праз пяць год наш працавіты зямляк абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка”.

Але не толькі сур’ёзныя навуковыя доследы былі сферай інтарэсаў маладога заходнебеларускага вучонага. Разам з Ф.Грышкевічам, Т.Грыбам і іншымі ён удзельнічаў у заснаванні ў 1925 г. пражскага Крывіцкага (Беларускага) культурна-асветніцкага таварыства імя Францыска Скарыны. Менавіта Мікалай Ільяшэвіч стаў першым старшынёй гэтай арганізацыі. Таварыства было створана з мэтай кансалідацыі беларускай эміграцыі ў Чэхіі, яно дзейнічала як адкрытая навуковая грамадская акадэмія, дзе чыталіся даклады, рэфераты, адбываліся дыскусіі, выдаваўся часопіс “Іскры Скарыны”. У Празе існавала не толькі гэта таварыства.

Справа ў тым, што пасля заканчэння падзей кастрычніцкай рэвалюцыі, крывавай інтэрвенцыі і гарамадзянскай вайны, многія беларусы, асабліва тыя, што былі звязаны з дзейнасцю Беларускай Народнай Рэспублікі, рознымі антысавецкімі фарміраваннямі і палітычнымі сіламі вымушаны былі пакінуць родную старонку. Значная частка іх аказалася ў сталіцы Чэхаславакіі. Беларусы-эмігранты аб’ядналіся тут у мноства нацыянальных арганізацый і таварыстваў, напрыклад, Беларускі навуковы кабінет, Беларускі загранічны архіў. Усе яны плённа супрацоўнічалі з чэхаславацкімі і іншымі замежнымі навуковымі ўстановамі, з беларускімім культурна-асветніцкімім арганізацыямі ў Заходняй Беларусі, Літве, Эстоніі і Латвіі.

Мікола Ільяшэвіч быў звязаны з усімі гэтымі суполкамі. Ён карыстаўся вялікай павагай і навуковым аўтарытэтам не толькі сярод суайчыннікаў. У “пражскі перыяд” дзейнасці яго пастаянна запрашалі да ўдзелу ў стварэнні энцыклапедычных выданняў Чэхаславакіі, дзе ён змяшчаў грунтоўныя артыкулы па гісторыі Беларусі, рэцэнзавання твораў іншых даследчыкаў, напрыклад, кнігі чэшскага прафесара-славіста Й.Паты пра літаратуру лужыцкіх сербаў.
Негледзячы на актыўную гармадскую дзейнасць, для Мікалая любімай справай заставалася навука.

Ільяшэвіч працягваў ўласныя даследаванні – у 1928 г. была выдадзены яго галоўная праца “Культурна-геаграфічны характар Беларусі”. А ўжо ў Вільні надрукаваны – “Расійская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваннем Кацярыны ІІ і Паўла І (1772 – 1801 г.г.)”, нарысы “Беларусь і беларусы”, “Кароткі нарыс псіхалогіі”, “Паходжанне, старадаўнія весткі і антрапалгічныя адзнакі беларусаў”. Трэба адзначыць, што наш зямляк быў ледзь не першым з беларускіх гісторыкаў, які стаў вывучаць неадназначнае і па сённяшні дзень пытанне расійскай палітыкі на землях былога Вялікага княства Літоўскага, ён падверг абгрунтаванай крытыцы аграрную, адукацыйную і рэлігійную (антыўніяцкую) палітыку імперыі на далучаных землях у канцы XVIII – пачатку XIX ст.ст.

У 1929 г. Мікола Ільяшэвіч вярнуўся на радзіму і быў адразу запрошаны на выкладчыцкія пасады ў Віленскую беларускую гімназію і праваслаўную духоўнцю семінарыю. У гэты ж час ён увайшоў у склад Беларускага навуковага таварыства (БНТ), заснаванага яшчэ Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Максімім Гарэцкім, Аркадзем Смолічам, якое мела на мэце “рознабаковую навуковую працу, развіццё любові да навуковых доследаў і пашырэнне ведаў”. Разам з М.Ільяшэвічам да працы ў таварыстве далучыўся таксама яго зямляк Рыгор Шырма. Супрацоўнічаў вядомы даследчык мінуўшчыны з такімі культурна-асветніцкімі арганізацыямі як Таварыства беларускай школы (ТБШ) на чале з Браніславам Тарашкевічам і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры (БІГіК), што знаходзіўся пад уплывам Адама Станкевіча.

Нястомны вучоны і ў новы “віленскі перыяд” сваёго жыцця ўвесь час працаваў. Яго энергіі і захаплення справамі роднага краю хапала на рознабаковую дзейнасць. Навуковую і выкладчыцка-выхаваўчую работу ён спалучаў з папулярызацыяй беларусазнаўства сярод шырокіх колаў насельніцтва. Мікола Ільяшэвіч пастаянна друкаваўся ў заходнебеларускай перыёдыцы – у газеце “Беларускі звон”, альманаху “Студэнцкая думка”, выступаў з навукова-папулярнымі патрыятычнымі артыкуламі ў дзіцячым часопісе “Заранка”, што рэдагаваўся паэткай Зоськай Верас (Людвікай Войцік-Сівіцкай), продкі якой – шляхціцы Кулакоўскія, дарэчы, паходзілі таксама з Пружаншчыны. У 1930 – 1931 г.г. Ільяшэвіч сам стаў рэдактарам (так склаўся лёс, што апошнім) сельскагаспадарчага часопіса дэмакратычнага накірунку “Саха”, які існаваў з 1912 г. як адгалінаванне славутай першай беларускамоўнай газеты “Наша ніва”.

Безумоўна, такая актыўная грамадская пазіцыя нашага суайчынніка не магла аказацца па-за ўвагай польскай тайнай паліцыі – “дыфензівы”. За Ільяшэвічам, як і многімі іншымі дзеячамі беларускага руху, пільна назіралі, тым больш, што дзяржаўная палітыка “санацыі” (аздараўлення) была скіравана на вынішчэнне любых нацыянальных праяў беларусаў. Менавіта ў рэчышчы гэтай палітыкі былі зроблены крокі па закрыцці беларускіх школ, гімназій, выданняў, забароне дзейнасці нацыянальных арганізацый і партый, праводзіліся пастаянныя арышты і паказальныя судовыя працэсы над актывістамі з Заходняй Беларусі.

Не абмінулулі гэтыя падзеі і часопіс “Саха”, які разам з папулярызацыяй перадавых агранамічных ідэй стаў змяшчаць на сваіх старонках артыкулы, накіраваныя супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту беларусаў, даваў парады ў сувязі з сусветным эканамічным крызісам 1929 – 1933 г.г., што вельмі цяжка адбіўся на сельскай гаспадарцы нашага краю. Такія крокі прывялі да забароны “Сахі”, дзейнасць якой у 1931 г. была аб’яўлена “антыдзяржаўнай”, а само выданне закрылі.

На жаль лёс адмерыў гэтаму рупліваму даследчыку і патрыёту з Пружан зусім невялікі жыццёвы шлях. Па ўспамінах сучаснікаў, Ільяшэвіч вельмі доўга і цяжка хварэў. Ён памёр у маладым узросце ад амаль невылечных на тыя часы сухотаў 2 верасня 1934 г. Пахаваны наш земляк быў на гарадскіх віленскіх могілках.

Наталля Пракаповіч
Рэха Берасцейшчыны

Новости из этой категории

0 Комментариев