165 гадоў з дня нараджэння Аўгустына Пацэвіча

165 гадоў з дня нараджэння Аўгустына Пацэвіча
165 гадоў з дня нараджэння Аўгустына Пацэвіча

Доктар Аўгустын Пацэвіч. Фота 1914 года


Аўгусты́н Лю́двік Барталямэ́й (Аўгустын Канстанты́навіч) Пацэ́віч, (па-польску: Augustyn Ludwik Bartłomiej Pacewicz; *24 жніўня 1847, Пружана — чэрвень 1928, Пружана) — заслужаны лекар-філянтроп. Большую частку жыцьця пражыў у Пружане, дзе карыстаўся вялізным аўтарытэтам за сваю дабрачынную дзейнасьць. У падзяку за ягоныя заслугі цэнтральная вуліца места ў 1926 року была названая ягоным імем.

Жыцьцяпіс

Сын Канстантына Пацэвіча і Караліны са Шрэтэраў (польск. Szretter). Нарадзіўся ў Пружане 24 жніўня 1847, ахрышчаны 28 жніўня. Хрышчоныя бацькі — Валенці і Юзэфа Гярміна Швыкоўскія.

Аўгустын скончыў гімназію ў Горадні, Вайскова-мэдычную акадэмію ў Пецярбургу (1876).

Працаваў вайсковым лекарам Балтыйскага флёту ў Кранштаце, звольнены ў запас з прычыны хваробы — артрыту. У 1885—1915 займаўся прыватнай практыкай, а таксама ў званьні палкоўніка працаваў вайсковым лекарам у казармах расейскага войска пад Пружанай. Ганаровы міравы судзьдзя ў Пружанскім судзе.

У часе Першай сусьветнай вайны эвакуяваны разам з сям’ёй у Пецярбург (1915). Працаваў у прыватнай лякарні і ў чыгуначнай клініцы. Напрыканцы ліпеня 1918 вярнуўся ў Пружану, працягнуў лекарскую практыку. Ва ўласным шпіталю на свае сродкі ўтрымоўваў палату і ложак для бедных; вясковую (беларускую) і мескую (жыдоўскую) беднату лекаваў задарма, часта за свой кошт аплочваў пацыентам набыцьцё неабходных лекаў у аптэцы. Свае шматрокавыя дасьледаваньні дасылаў у Польскае лекарскае таварыства ў Варшаве.

У 1926 року ў гонар 50-годзьдзя лекарскай практыкі ўзнагароджаны ордэнам Polonia Restituta (паводле іншых зьвестак — ордэнам Virtuti Militari). У ягоны гонар была перайменаваная галоўная вуліца места, на якой ён жыў ад 1909 року. Гэтую назву вуліца мела да 1942 року.

165 гадоў з дня нараджэння Аўгустына Пацэвіча

Вуліца Замкавая ў Пружане (1916), у 1926 перайменаваная ў гонар Аўгустына Пацэвіча


Апошнія два рокі жыцьця ўжо не практыкаваў, цяжка прыкаваны да ложка праз хваробу. Памёр у сярэдзіне чэрвеня 1928 року. Набажэнствы з прычыны ягонае сьмерці адбыліся ў храмах усіх веравызнаньняў Пружаны. Пахаваны на каталіцкіх могілках у фамільным склепе сем’яў Шрэтэраў, Пацэвічаў, Зьдзяхоўскіх.

Сям’я

9 чэрвеня 1888 ажаніўся з Сафіяй Галаўнёй, мелі 4 сыноў і 3 дачок. Адна зь іх, Паўліна, у 1924 року стала жонкай Мікалая Разанава.

Сын Казімер служыў у палку ўланаў Войска Польскага II Рэчы Паспалітай, з пачаткам Другой сусьветнай вайны выехаў у Вялікабрытанію. Паводле запавету ягоныя карціны перададзеныя польскім музэям.

Крыніца: Вікіпэдыя
Фота: ECHA POLESIA 2(30)2011

Новости из этой категории

0 Комментариев