Як беларусаў(у тым ліку і пружанцаў) выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўто на нумарах Эўразьвязу

Як беларусаў(у тым ліку і пружанцаў) выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўто на нумарах Эўразьвязу

«Схемы» (сумесны праект Радыё Свабода і тэлеканалу UA: Першы) адправіліся на Валынь, каб дасьледаваць, як на практыцы адбываецца масавы ўвоз не прайшоўшых мытны кантроль аўтамабіляў. Журналісты выкрылі цэлую схему, у якой задзейнічаны ня толькі ўкраінскія грамадзяне, але і маламаёмасныя беларусы – жыхары прыгранічных вёсак.

Проста напярэдадні выхаду гэтага расьсьледаваньня Віктар Крывіцкі, старшыня Валынскай мытні, празь якую праходзяць гэтыя схемы, пайшоў на павышэньне: цяпер ён – часова выконваючы абавязкі намесьніка старшыні ўсёй ДФСУ ў справах мытні. І ці ёсьць яму чым ганарыцца?

 

У апошнія гады на ўкраінскіх вуліцах значна больш аўтамабіляў з эўрапейскай рэгістрацыяй: Польшча, Літва, Нямеччына, Баўгарыя, Чэхія... Аўтамабіляў зь дзяржаўнымі нумарнымі знакамі гэтых краін заехала ва Ўкраіну больш за ўсё.

Значная частка іх уладальнікаў – не іншаземцы, але ўкраінскія грамадзяне, якія аддалі перавагу замежным нумарам. Асноўных прычын такой сытуацыі дзьве.

Аўтамабіляў з эўрапейскай рэгістрацыяй стала значна больш у апошнія гады на ўкраінскіх вуліцах
Аўтамабіляў з эўрапейскай рэгістрацыяй стала значна больш у апошнія гады на ўкраінскіх вуліцах

Што дазваляе ўкраінскае заканадаўства?

Існуе два асноўныя шляхі ўвозу ва Ўкраіну аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй: у рэжыме транзыту або ў рэжыме часовага ўвозу.

У першым выпадку аўтамабіль можа без парушэньняў прабыць ва Ўкраіне ад 5 да 10 дзён, пасьля чаго яму трэба зноў уехаць праз пункт пропуску. Такім чынам завезьці ва Ўкраіну машыну можа як іншаземец, так і ўкраінец. Гэты варыянт часта выкарыстоўваюць жыхары прыгранічных абласьцей.

 

А вось у рэжыме часовага ўвозу аўто з замежнай рэгістрацыяй можа знаходзіцца ва Ўкраіне да аднаго году.

Паводле ўкраінскага закону, яго могуць выкарыстоўваць толькі тыя грамадзяне, якія ўвезьлі машыну. Яны таксама ня маюць права выкарыстоўваць гэты аўтамабіль для прадпрымальніцкай дзейнасьці, разьбіраць на запчасткі і перадаваць у валоданьне, карыстаньне або распараджэньне iншым асобам.

 

Цікава, што палажэньні Мытнага кодэксу Ўкраіны часткова супярэчаць Стамбульскай канвэнцыі аб часовым увозе, да якой Украіна далучылася ў 2004 годзе. Калі Мытны кодэкс дазваляе карыстацца аўтамабілем толькі той асобе, якая яго ўвезла, то артыкул 7 дадатку С Стамбульскай канвэнцыі прадугледжвае, што «транспартныя сродкі прыватнага карыстаньня могуць выкарыстоўвацца трэцімі асобамі, якія маюць належны дазвол часовага ўвозу.

Зрэшты, завозячы аўтамабілі на эўрапейскіх нумарах ва Ўкраіну, грамадзяне нярэдка адыходзяць ад правілаў. Напрыклад, уяжджаюць у рэжыме транзыту, але не выяжджаюць назад у пэўны тэрмін – д а 10 дзён. За гэта прадугледжаны штраф у 8500 грыўняў.

«Штраф за парушэньне мытнага кодэксу – яго аплаціў, і ўсё. У прынцыпе, выплата яго пры перасячэньні мяжы, гэта значыць, заплачу – і ўсё, і больш ніякіх наступстваў няма, згодна з дзеючым заканадаўствам», – тлумачыць ўладальнік машыны на эўранумарах Мікалай Маклуха.

Паводле стану на 1 траўня 2018 году, як сьведчаць дадзеныя Дзяржаўнай фіскальнай службы, ва Ўкраіне знаходзілася больш 315 000 аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй. Больш за траціну – 125 000 – з парушэньнем тэрміну знаходжаньня.

 

Увозіць аўто на год выгадна толькі іншаземцам, паколькі яны не павінны плаціць мытныя плацяжы. Нядзіўна, што ў схеме пры ўвозе аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй на год нярэдка ўзьнікае дадатковае зьвяно ў выглядзе грамадзяніна іншай краіны.

Журналісты знайшлі ў інтэрнэце шмат аб'яў аб продажы завезеных на год аўтамабіляў і вырашылі дасьледаваць, як для ўкраінцаў іх завозяць грамадзяне іншых краін, і якія парушэньні пры гэтым узьнікаюць. Для гэтага адправіліся на Валынь.

«Зацьменьне» на Валынскай мытні

Адзін з магчымых шляхоў ўвозу аўтамабіляў на эўранумарах – пункты пропуску Валынскай мытні Дзяржаўнай фіскальнай службы.

Схема працуе наступным чынам. Аўтамабіль з тэрыторыі Эўразьвязу ў рэжыме транзыту ўяжджае ва Ўкраіну, напрыклад, праз пункт пропуску Ягадзін ў Валынскай вобласьці, на мяжы з Польшчай. У такім статусе машына мае права знаходзіцца ў краіне ня больш за 10 дзён. За гэты час аўтамабіль едзе на іншы пункт пропуску, напрыклад, «Даманава», ужо на мяжы зь Беларусьсю. І там пачынаюцца цікавыя рэчы.

Машына выяжджае з Украіны, аднак не заяжджае ў Беларусь. На нэўтральнай тэрыторыі ў аўтамабіль сядае грамадзянін Беларусі, які мае даверанасьць ад уладальніка машыны. Беларус уяжджае ва Ўкраіне, выходзіць з машыны і неўзабаве, часам пешшу, вяртаецца ў Беларусь. Аўтамабіль застаецца ў карыстальніка-ўкраінца, які таксама атрымлівае даверанасьць ад ўласьніка.

 

Распаўсюджанасьць такой схемы пацьвярджаюць прадаўцы аўтамабіляў на Луцкам аўтарынку. Вось размова з тым, хто спрабуе прадаць старэнькі «Мэрсэдэс»:

– Сам асабіста прыганяю, стаўлю на ўлік.

– А на чыё імя яна пастаўленая на ўлік?

– Яна пастаўлена на прыбалта, не на фірму.

– А як яна ўвезена?

– На год, на беларуса. Усе, без пытаньняў, праз год я выганяю вам. Свае машыны я выганяю.

– А як гэта ўсё адбываецца? Гэта значыць, калі купляеш машыну тут, значыць даверанасьць на беларуса, ці не?

– Я вам даю непасрэдна ад гаспадара даверанасьць...

– Вы кажаце, беларус заганяў. А ў чым тады яго роля? На яго таксама нешта аформлена?

– Проста ён загнаў на год – і ўсё. Фармальна.

Адзін з магчымых шляхоў увозу аўтамабіляў на еўранумара - пункты пропуску Валынскай мытні
Адзін з магчымых шляхоў увозу аўтамабіляў на еўранумара - пункты пропуску Валынскай мытні

Іншы прадавец распавёў пра схему больш падрабязна:

«Заехаў з Ягадзіна і адразу ж паехаў у Беларусь. Гэта значыць, транзытам выяжджаем, афармляем дакумэнты, заяжджаем, год часу афіцыйна езьдзім.

Вы тэлефануеце мне. Я вам даю тэлефон гэтага чалавека, які афармляў на мытні, ён папярэдне шукае гэтага беларуса, на якога аформлена машына, і папросту выяжджаеце. Вы пад'яжджаем да мяжы, ён афармляе вам усе дакумэнты.

Гэта «рашалы», якія робяць. Людзі, якія атрымліваюць за гэта пэўныя сродкі, якія ўносяць туды, куды трэба, гэтых 400 даляраў, плацяць беларусу і ўсё астатняе.

Ваша задача будзе проста пад'ехаць да мяжы, ён прыедзе, з вамі сядзе, пераедзе з вамі мяжу, зробіць абсалютна ўсе дакумэнты, потым заедзе празь Беларусь. На тэрыторыю Беларусі вы не трапляеце... У транзытнай зоне вы разварочваецеся і ўсё, вам садзяць беларуса таго, вы заяжджаеце з дакумэнтамі, ён забірае дакумэнты і сыходзіць. Калі няма чаргі, гэта можа займаць паўгадзіны».

Прадаўцы з луцкага аўтарынку абяцаюць пакупнікам машын на эўрапейскіх нумарах аформіць усе неабходныя дакумэнты.
Прадаўцы з луцкага аўтарынку абяцаюць пакупнікам машын на эўрапейскіх нумарах аформіць усе неабходныя дакумэнты.

 

Чалавек тлумачаць, што гэтую працэдуру трэба паўтараць раз у год, каб падоўжыць права карыстаньня машынай ва Ўкраіне:

– А колькі каштуе перезагнаць аўтамабіль?

– 400 даляраў.

– Гэта значыць, той жа чалавек можа перезагнаць?

– Калі знойдзем таго самага, то будзе таньней.

– А можа заганяць і ня той чалавек?

– Можам таго ж беларуса не знайсьці, то трэба будзе шукаць іншага.

На мяжы паміж Украінай і Беларусьсю на пункце пропуску «Даманава» журналісты «Схем» сталі сьведкамі адной з вышэйапісаных прцэдур на ўласныя вочы.

 

«Схемы» сталі сведкамі незаконнай махінацыі на пункце пропуску «Даманава»
«Схемы» сталі сведкамі незаконнай махінацыі на пункце пропуску «Даманава»

Спачатку мікрааўтобус на літоўскіх нумарах праехаў з Украіны ў бок Беларусі, але ўжо празь некалькі гадзін пасьпяхова вярнуўся ва Ўкраіну.

Гэты аўтобус на літоўскіх нумарах спачатку паехаў у бок Беларусі, а празь некалькі гадзін вярнуўся
Гэты аўтобус на літоўскіх нумарах спачатку паехаў у бок Беларусі, а празь некалькі гадзін вярнуўся

20 даляраў узнагароды для беларуса

Хто гэтыя беларусы, якія згаджаюцца ўдзельнічаць у схеме, якая дазваляе ўкраінцам езьдзіць на неразмытненых аўтамабілях і якую выгаду яны з гэтага маюць?

Ад крыніц на мытні «Схемы» атрымалі дадзеныя за некалькі месяцаў па ўвозе ва Ўкраіну грамадзянамі Беларусі аўтамабіляў на літоўскіх і польскіх нумарах. Нярэдка гэта – жыхары вёсак і малых гарадоў недалёка ад мяжы з Украінай.

Так, паводле інфармацыі, якую атрымалі «Схемы», толькі за травень 2018 году праз мытны пост «Даманава» (Валынская вобласьць) заехалі амаль 3 000 аўтамабіляў з эўрапейскай рэгістрацыяй, за стрном якіх былі менавіта грамадзяне Беларусі.

Журналісты Беларускай службы Радыё Свабода праехаліся па адрасах некалькіх людзей у розных населеных пунктах, якія нібыта заяжджалі на аўтамабілях ва Ўкраіну ў рэжыме часовага ўвозу.

Паводле крыніц «Схем» у Дзяржаўнай фіскальнай службе (ДФС) пяць чалавек з адным прозьвішчам зь беларускай вёскі Фядоры Брэсцкай вобласьці ў траўні 2018 году заяжджалі ва Ўкраіну, кожны – на асобным аўтамабілі. Аднак, некаторыя з іх запэўніваюць, што наагул ніякіх аўтамабіляў ва Ўкраіну ня ўвозілі, нягледзячы на наяўнасьць інфармацыі пра гэта ва ўкраінскіх дзяржаўных базах.

– У мяне наагул і правоў няма, я наагул і ня мару пра іх.

– У вас няма ніякай машыны?

– Не, і не было. І фінансаў нават няма.

– Гэта значыць, ніякіх машын? Ні Audi, ні Volkswagen?

– Няма. Вунь суседку спытайце, ці быў у мяне хоць нейкі матацыкл. Вось адны ровары. Вось тое, што ў мяне ёсьць.

– А ва Ўкраіне бывалі?

– Я быў толькі тут, на Удрыцку. Але гэта мы езьдзім проста на закупы.

 

Жыхар беларускай вёскі Ўладзімер Гунько сьцьвярджае, што ніякіх аўтамабіляў ва Ўкраіну ня ўвозіў
Жыхар беларускай вёскі Ўладзімер Гунько сьцьвярджае, што ніякіх аўтамабіляў ва Ўкраіну ня ўвозіў

Адмаўляе сваю датычнасьць да перагону аўтамабіляў на эўранумарах і жыхар вёскі Заастравечча, дадзеныя якога ўтрымліваюцца ва ўкраінскай базе аб перасячэньні мяжы:

– Не, нічога не перавозілі.

– Ніколі не пераганялі хоць нейкую машыну?

– Не.

– Проста нам сказалі, што Opel Astra – у Антона Анатольевіча.

– Не, ніякай машыны ў нас няма. Дзе вы ў двары бачыце?

Гэты жыхар беларускай вёскі Заастравечча таксама адмаўляе сваю датычнасьць да перагону машын ва Ўкраіну
Гэты жыхар беларускай вёскі Заастравечча таксама адмаўляе сваю датычнасьць да перагону машын ва Ўкраіну

Але частка беларусаў прызнае, што машыны ва Ўкраіну яны ўсё ж ўвозілі. Сярод іх – жыхар беларускай вёскі Зарытава.

– Хай там знаходзіцца машына. Галоўнае, каб ня я. Я тут.

– А вы на ёй ня езьдзіце?

– Вядома, не.

– А пераганялі яе туды?

– Была справа, прадаў машыну туды.

– Вы яе туды прадалі? Зразумела. І вы больш ёю не карысталіся і ня езьдзілі на ёй?

– Не.

– А вы разумееце, што гэта не зусім правільна?

– Мікрафон выключыце.

А гэты беларус прызнае: машыны ва Ўкраіну ўвозіў
А гэты беларус прызнае: машыны ва Ўкраіну ўвозіў

А вось жыхар вёскі Заастравесься нават пагадзіўся распавесьці дэталі гэтай схемы.

«Я проста браў пашпарт. Там таксіст браў, людзей шэсьць з сабой. Там з нашага сяла людзей 40-50 ўжо езьдзілі. Мне проста патэлефанавалі, сказалі: хочаш зарабіць 20 даляраў? «Вядома, - кажу: - А што трэба?» Нічога, толькі пашпарт, каб не было судзімасьці і ўсё такое. Кажу: "Усё нармальна. У мяне праца ёсьць, працую, як мае быць, на дзяржаўным прадпрыемстве». Грошы, думаю, 20 даляраў не пашкодзяць. Я паехаў. Нас пасадзілі па розных машынах. Як ён сказаў, гэта можна рабіць толькі раз у год», - распавёў беларус.

Адзін з жыхароў вёскі Заастравечча пагадзіўся расказаць пра дэталі схемы ўвозу машын ва Ўкраіну
Адзін з жыхароў вёскі Заастравечча пагадзіўся расказаць пра дэталі схемы ўвозу машын ва Ўкраіну

«Замежныя» натарыюсы і несапраўдныя нумарныя знакі

Цікава, што здараўся нават ўвоз аўтамабіляў з эўрапейскай рэгістрацыяй па падробленых дакумэнтах нібыта ад замежных натарыюсаў. Такія выпадкі выяўлялі і памежнікі, і самі мытнікі, у прыватнасьці, на пункце пропуску Ягадзін Валынскай мытні.

Як адзначае прэсавы прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян, выяўленьне гэтай схемы і яе вывучэньне працягвалася больш за паўгода.

«Была выкрытая схема, калі зламысьнікі, выкарыстоўваючы практычна поўны пакет падробленых дакумэнтаў, завозілі аўтамабілі польскай рэгістрацыі і па такіх жа падробленых дакумэнтах затым рэалізоўвалі аўтамабілі ўжо на тэрыторыі Ўкраіны. Задакумэнтавана 47 такіх эпізодаў, але гэта яшчэ не канец, сьледзтва працягваецца. Цяпер па справе праходзіць 9 чалавек, двум зь іх ужо ўручана падазрэньне», - тлумачыць Слабадзян.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян адзначае, што выкрыцьцё адной са схем увозу эўрапейскіх машын трывала больш за паўгода.
Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян адзначае, што выкрыцьцё адной са схем увозу эўрапейскіх машын трывала больш за паўгода.

Цікава і тое, што частка аўтамабіляў зь літоўскага рэгістрацыяй былі ўвезены ва Ўкраіну зь несапраўднымі нумарнымі знакамі. Такія машыны «Схемы» заўважылі і на аўтарынку, і на сайтах па продажы машын.

Праверыць гэта можна на сайце літоўскага дзяржаўнага прадпрыемства Regitra проста паводле нумарнога знаку і ВІН-коду аўтамабіля. У некаторых выпадках, насупраць катэгорыі "Дзяржаўны рэгістрацыйны нумарны знак для ўдзелу ў грамадзкім дарожным руху» стаіць адзнака – «нядзейны».

Самі прадаўцы праблем у гэтым ня бачаць.

На сайце літоўскай Regitra можна праверыць сапраўднасьць нумароў аўтамабіля
На сайце літоўскай Regitra можна праверыць сапраўднасьць нумароў аўтамабіля

 

«Глядзіце, я на мяжы заяжджаў, мяне паліцыянты спынялі ўжо тры разы. Вось я страхоўку зрабіў, што дзейнічае год, ніякіх пытаньняў ня ўзьнікала. Мне самому было цікава. Зразумела, што гэта не 5-дзённая, гэта на год», - кажа адзін прадавец.

«Ня ведаю, ня можа такога быць. Ён сам заганяў, ён там з трала зьняў яе і адразу паставіў на літоўскую рэгістрацыю. Яна на Кіеў езьдзіла, у Кіеве спынялі, і нічога», - распавядае іншы прадавец.

У адказ на ліст «Схем» ў літоўскае дзяржпрадпрыемства адказала, што машыны зь несапраўднымі літоўскімі нумарнымі знакамі ня могуць удзельнічаць у грамадзкім дарожным руху з прычыны адсутнасьці сапраўднага страхаваньня і тэхагляду, таму кіраваньня такім аўтамабілем зьяўляецца парушэньнем.

«За кіраваньне аўтамабілем зь несапраўднымі нумарнымі знакамі можа быць прызначана пакараньне, якое менавіта – вызначаецца ў кожнай краіне асобна. Транспартныя сродкі з несапраўднымі нумарнымі знакамі... можна перавозіць толькі на аўтавозе», - патлумачылі ў фірме.

Мытнікі-кантралёры. Непрафэсіяналізм або наўмысная «абыякавасьць»?

Непразрысты ўвоз аўтамабіляў ва Ўкраіну непазьбежна прыводзіць да карупцыі сярод супрацоўнікаў мытні. Бо хіба яны могуць ня бачыць выпадкаў, калі машыны на эўрапейскіх нумарах завозяць беларусы, якія адразу ж пакідаюць Украіну пешшу? Чаму яны зачыняюць на гэта вочы?

У судовым рэестры зафіксавана толькі некалькі прысудаў мытнікам, якія нібыта атрымлівалі грошы за беспраблемнае афармленьне аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй.

Валынскую мытню ўзначальваў ужо згаданы Віктар Крывіцкі. Значную частку кар'ернага шляху ён прайшоў у падатковых органах Віньніцы, як і выканаўца абавязкаў старшыні ўсёй Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны Міраслаў Прадан. На час падрыхтоўкі гэтага матэрыялу нумары Крывіцкага былі адключаныя. На паведамленьне ў мэсэнджэры ён не адказаў.

У самой Дзяржаўнай фіскальнай службе запэўніваюць, што кожны раз правяраюць транспартныя сродкі, якія перасякаюць мяжу Ўкраіны.

«Правяраем мы іх шляхам запытаў у іншыя краіны, і гэтыя запыты мытня ня мае права правяраць наўпрост. Мы кожны раз працуем празь міжнародныя дамовы, таму прыцягваем ДФС і МЗС. Як толькі транспартны сродак заяжджае на мытны пост, ён там можа знаходзіцца максымум чатыры гадзіны, на якія мы можам яго затрымаць і паглядзець.

Але часам бывае так, што адказ прыходзіць праз два тыдні, тры тыдні пасьля таго, як мы яго адаслалі. І ў гэтым выпадку мы ня маем права трымаць чалавека так доўга. Валынская мытня масавасьць гэтых парушэньняў дакладна фіксуе апошнія два гады. І мы кожны раз кажам пра тое, што мытні не хапае паўнамоцтваў, каб навесьці парадак у гэтай сфэры», - адзначае прэс-сакратар Валынскай мытні ДзФСУ Валянціна Чарныш.

У ДзФСУ ёсьць і адмысловы дэпартамэнт, які займаецца такімі парушэньнямі, якія, сярод іншага, датычацца і непразрыстага ўвоз аўтамабіляў, - Дэпартамэнт арганізацыі процідзеяньня мытным правапарушэньням, які ўзначальвае Васіль Поезд.

Як жа жыве мытнік Поезд, які ўсё жыцьцё працаваў выключна на дзяржаўнай службе, і задача якога – выяўляць і процідзейнічаць правапарушэньням на мытні, такіх, якія апісаны ў гэтым сюжэце?

«Схемы» наведалі ягоны, паводле дакумэнтаў, незавершаны дом ў вёсцы Гатнае пад Кіевам. Там журналісты заўважылі, у прыватнасьці, Audi Q7, якой, згодна з дэклярацыяй Поезда, карыстаецца яго жонка.

Праўда, аформлены гэты дом не на галоўнага мытнага кантролера, а на яго маці, якая раней працавала ў сфэры адукацыі ў Чаркаскай вобласьці. Адкуль у яе сродкі на маёнтак?

«Гэта ж ня значыць, што калі на ёй, то яна яго зрабіла. Гэта бацькоў маіх, бацькі яго будавалі, разам з бацькамі маёй жонкі, і таксама ў дэклярацыі я адзначыў, што я прымаў удзел у будаўніцтве... Гэта ўсе разам склаліся», - растлумачыў Поезд.

Усёй мытняй і падатковай інспэкцыяй, што цяпер аб'яднаныя ў Дзяржаўную фіскальную службу Ўкраіны, кіруе Міраслаў Прадан. Як ён ацэньвае сытуацыю адносна парушэньняў пры ўвозе ва Ўкраіну машын з эўрапейскай рэгістрацыяй? На момант выхаду сюжэту «Схемам» не ўдалося атрымаць яго вусны або пісьмовы камэнтар.

Усёй мытнай службай і падатковай інспэкцыяй Украіны, якія цяпер аб'яднаныя ў адзіную Дзяржаўную фіскальную службу, кіруе Міраслаў Прадан
Усёй мытнай службай і падатковай інспэкцыяй Украіны, якія цяпер аб'яднаныя ў адзіную Дзяржаўную фіскальную службу, кіруе Міраслаў Прадан

Як і галоўны мытны кантролер Васіль Поезд, Міраслаў Прадан таксама карыстаецца нерухомасьцю, аформленай на сваякоў: кватэрай больш чым на 100 квадратных мэтраў сваёй роднай сястры ў адным з жылых комплексаў бізнэс-клясы ў сталіцы. Сама сястра, паводле дадзеных яе старонкі ў адной сацыяльных сетак, жыве ў Віньніцкай вобласьці.

У гэтай сталічнай новабудоўлі Міраслаў Прадан арандуе ў сваёй сястры кватэру больш чым на 100 квадратаў.
У гэтай сталічнай новабудоўлі Міраслаў Прадан арандуе ў сваёй сястры кватэру больш чым на 100 квадратаў.

 

 

У Радзе рыхтуюцца зьмяніць закон

Вырашыць пытаньне аб аўтамабілях з замежнай рэгістрацыяй ва Ўкраіне ўзяліся народныя дэпутаты. У парлямэнце ёсьць некалькі законапраектаў, накіраваных на рашэньне цяперашняй праблемы.

Сярод іх – законапраекты старшыні Камітэту ў пытаньнях падатковай і мытнай палітыкі Ніны Южанінай. У прыватнасьці, ён прадугледжвае зьмены ў Падатковым кодэксе.

«Мы замяняем тую незразумелую цяпер дзеючую сыстэму ўстанаўленьня стаўкі акцызнага падатку на празрыстую – якая лёгка чытаецца, пралічваецца і ўспрымаецца грамадзянамі», – тлумачыць дэпутат.

Гэтым законапраектам прадугледжаныя і зьмены ў Мытны кодэкс, напрыклад, падыходы па выкарыстаньні аўтамабіляў замежнікамі.

Народны дэпутат Ніна Южаніна адзначае, што ў яе законапраекце дакладна прапісана стварэньне адзінай інфармацыйнай базы паміж памежнікамі, мытнікамі і паліцыяй.
Народны дэпутат Ніна Южаніна адзначае, што ў яе законапраекце дакладна прапісана стварэньне адзінай інфармацыйнай базы паміж памежнікамі, мытнікамі і паліцыяй.

«Для таго, каб урэгуляваць гэты рэжым часовага ўвозу, праз прымяненьне якога цяпер ідуць значныя парушэньні, мы выпісалі выразна нормы... Не грамадзянін Украіны можа ўвозіць аўтамабіль ня больш чым на 30 дзён без часовай рэгістрацыі гэтага аўтамабіля ў нашых дзяржаўных органах», – адзначае Южаніна.

Паводле яе слоў, у дакумэнце таксама выразна прапісана стварэньне адзінай інфармацыйнай базы паміж памежнікамі, мытнікамі і паліцыяй.

«Патрульная паліцыя сапраўды будзе мець доступ да гэтай базы, і ўжо ўсе аўтамабілі, якія будуць прыбываць з парушэньнямі... гэтая інфармацыя будзе абнаўляцца і адлюстроўвацца. Гэтая база рыхтуецца, яна амаль гатовая. І з прыняцьцем закону гэтая база запрацуе адразу», - заключае дэпутат.

Ці задавальняюць прапановы Южанінай уладальнікаў аўтамабіляў на эўрапейскіх нумарах?

«Зараз у гэтым законапраекце ўсё ж будзе скасавана «Эўра-5», калі ён будзе прыняты. Гэта першы велізарны плюс. Тое, што гэта не папраўкі, а законапраект, і ня толькі для тых, хто ўжо ўвёз аўтамабілі, але і для ўсіх ўкраінцаў. Адзінае, што нас зараз рэальна не задавальняе – вельмі маленькі сэгмэнт людзей зацікавяць тыя стаўкі па акцызы, якія цяпер прапануюцца. Калі гэтыя стаўкі будуць зьніжаны, то тады нас у прынцыпе можа ўсё задаволіць», – тлумачыць экспэрт грамадзкага таварыства «АўтаЭўраСіла» Аляксандр Палянскі.

Аляксандар Палянскі
Аляксандар Палянскі

А пакуль Вярхоўная Рада за магчымае кампраміснае рашэньне дзяржавы з уладальнікамі машын на эўрапейскіх нумарах і ды імпартэрамі не прагаласавала, машыны з замежнай рэгістрацыяй будуць трапляць ва Ўкраіну.

У тым ліку з дапамогай паказаных ў гэтым матэрыяле непразрыстых схем, калі афіцыйны ўладальнік аўтамабіля – замежны грамадзянін ці фірма, вось толькі езьдзіць на ім украінец.

А ў самым сэрцы гэтай схемы – грамадзянін Беларусі, які, падобна, за невялікае ўзнагароджваньне можа зрабіць усе неабходныя апэрацыі з часовым увозам-вывазам аўтамабіля, якія дазволіць пасьля ўкраінцу езьдзіць на гэтай машыне цэлы год, ня плацячы ў бюджэт належных збораў.

Усё гэта адбываецца проста на вачах саміх мытнікаў на мяжы. І пра гэта ня могуць ня ведаць сталічныя кіраўнікі ўсёй Дзяржаўнай фіскальнай службы, якія працуюць на дзяржаву, а карыстаюцца каштоўнай нерухомасьцю, паводле дзіўнага зьбегу абставінаў, запісанай на іх сваякоў.

Крыніца: Радыё Свабода

Новости из этой категории

0 Комментариев