Творы Мікалая Тарасюка ўпершыню пакажуць у Менску

Творы Мікалая Тарасюка ўпершыню пакажуць у Менску
Творы Мікалая Тарасюка ўпершыню пакажуць у Менску

Пэрсанальная выстава Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мікалая Тарасюка «Страчаны рай» адчыняецца 7 жніўня ў вялікай залі Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Ф. Скарыны, 47). Яна прысьвечаная 80-годзьдзю аўтара.

Тарасюк жыве ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёну. Ён мае ганаровае званьне Народнага майстра Рэспублікі Беларусь. Ягонай творчасьці прысьвечаныя цэлыя альбомы.

Мастацтвазнаўцы называюць драўляныя кампазыцыі Мікалая Тарасюка «наіўным», «прымітыўным» або «інсітным» мастацтвам, дзе праз абагульненьне зьнешняга выгляду прадметаў і дзеючых асобаў на першае месца выходзіць ідэя, вобраз, падзея. Спрашчэньне і абагульненасьць формы, імкненьне да непасрэднасьці характэрна для шматлікіх сучасных мастацкіх практык. Прымітывізм існуе як самастойны кірунак у мастацтве, акрамя таго, у той ці іншай ступені да яго зьвяртаюцца шматлікія сучасныя мастакі, якія працуюць у рамках мадэрнісцкіх ці постмадэрнісцкіх тэндэнцыяў.

На выставе можна будзе ўбачыць скульптурныя кампазыцыі на тэму сялянскага жыцьця, выкананыя ў тэхніцы разьбы па дрэве, размаляваныя і ўмацаваныя на падстаўках, плеценыя з лазы. У кампазыцыях паказаныя сцэны з жыцьця беларускай вёскі, асобныя абрады, нізкі твораў зьвязаныя з паказам асобных відаў дзейнасьці — земляробства, ткацтва. Звычайна адной падзеі з жыцьця чалавека (напрыклад, вясельлю) прысьвечаная цэлая сэрыя работ. Ва ўласных працах аўтар увасабляе ўласны досьвед, успаміны, выражае сацыяльную пазыцыю з уласьцівым яму гумарам, разуменьнем жыцьця простага чалавека. Ёсьць у творчым даробку майстра і працы, у якіх адлюстравана грамадзкае жыцьцё краіны. Ці пакажуць іх на выставе — можна будзе даведацца заўтра.

Пэрсанальная выстава Мікалая Тарасюка ў Менску арганізаваная ўпершыню і працягнецца да 18 жніўня.

Наша Ніва, Інтэрфакс.

Новости из этой категории

1 Комментарий

  • 06.08.2012
    20:50
    Renessaince

    Да артыкулу дадайце, калі ласка, цэтлік «Мікалай Тарасюк».