Сёння - 200-годдзе Юзафа Крашэўскага!

Сёння - 200-годдзе Юзафа Крашэўскага!
Сёння - 200-годдзе Юзафа Крашэўскага!

Юзаф Ігнацы (Іосіф Ігнат) КРАШЭУСКІ (польск.: Józef Ignacy Kraszewski; 28 ліпеня 1812, Варшава — 19 сакавіка 1887, Жэнева; Псеўданімы: Б. Балеславіта; Др. Амега; К. Пастарнак) — беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст. Пісаў па-польску, лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы. Член Польскай АН у Кракаве (1872), Ганаровы член Чэшскай АМ (1873).

Біяграфічныя звесткі

Брат Люцыяна Крашэўскага і Каятана Крашэўскага. Бацькі Ю. Крашэўскага паходзілі і мелі родавы маёнтак на Пружаншчыне. Юзэф Крашэўскі скончыў Свіслацкую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гадоў, сядзеў у віленскай турме. 3 1833 жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан (Брэсцкая вобл.), з 1837 на Валыні, спачатку ў маёнтку Амельна, потым Гродэк, Губін, а ў 1853 г. — ў Жытоміры. У Вільні 10 гадоў рэдагаваў часопіс «Athenaeum» («Атэнэум»), у 1858 стаў рэдактарам «Gazety Codziennej», пазней «Gazety Polskieej». 3 1859 перабраўся ў Варшаву. Калі пачалося паўстанне 1863-1864, Крашэўскі, баючыся арышту, назаўжды пакінуў Польшчу. 3 1863 у эміграцыі, жыў у розных гарадах Германіі, найбольш у Дрэздэне, дзе меў сваю друкарню. Выдаваў публіцыстычны штогоднік «Rachunki» («Рахункі», 1866—70), часопісы. У 1884 асуджаны германскімі ўладамі за супрацоўніцтва з французскай разведкай. Вызваліўшыся пад залог, ён паехаў лячыцца ў Італію. Памёр у Жэневе.

Творчасць

Юзэф Крашэўскі напісаў больш за 600 тамоў твораў: 223 раманы і аповесці, навуковыя працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве, філасофіі і інш.

Наватарская канцэпцыя чалавека-працаўніка выяўлена ў цыкле аповесцей «Уляна» (1843), «Хата за вёскай» (1855), «Гісторыя калка ў плоце» (1860) і інш. Вострая крытыка шляхты і арыстакратыі ў сацыяльна-бытавых раманах «Чарадзейны ліхтар» (1843—44), «Два светы» (1856), «Могілкі» (1874) і інш. Падзеі паўстання 1863—64 адлюстраваны ў раманах «Дзіця Старога Горада» (1863), «Мы і яны» (1865), «Дзядуля» (1869) і інш. Для раманаў «Апошняя з слуцкіх князёў» (1841), «Сеймавыя сцэны» (1875), «Кунігас» (1882), «Маці каралёў» (1883), «Кароль у Нясвіжы. 1784» (1887) і інш. характэрны зварот да мінуўшчыны Беларусі, дакументальнасць. Сярод лепшых гістарычных раманаў — саксонская трылогія «Графіня Козель» (1874), «Бруль» (1875), «3 часоў Сямігадовай вайны» (1876), а таксама «Старое паданне» (1876) — першы твор з цыкла 29 раманаў, прысвечаных гісторыі Рэчы Паспалітай.

Аўтар зборнікаў «Паэзія» (т. 1—2, 1838) і «Гімны смутку» (1857), паэтычнай трылогіі з гісторыі Літвы «Анафеляс» (1840—45), 20 драматычных твораў, у т.л. камедый з дзеяннем у Нясвіжы «Кастэлянскі мёд» (1860), «Пане Каханку» (1867).

У падарожных нарысах «Пінск і Піншчына» (1837), «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву» (1840), «Карціны з жыцця і падарожжаў» (1841—42), «Друскенікі» (1848), этнаграфічным нарысе «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» (1860) апісаў беларускія мясціны і жыхароў Беларусі. Аўтар гістарычных прац «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.» (т. 1—4, 1840—42), «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні...» (1847—50), «Барысаў» (1848), «Польшча ў час трох падзелаў» (т. 1—3, 1873—75) і інш.

Быў прафесійным мастаком, музыкантам.

Паўплываў на творчасць Э. Ажэшкі, Б. Пруса, Г. Сянкевіча, Я. Купалы. Два вершы Юзэфа Крашэўскага пераклаў на беларускую мову Янка Купала. На беларускую мову яго творы таксама перакладалі П. Бітэль, В. Сёмуха, М. Кенька.

Крытыка

Юзафа Крашэўскага называюць «польскім Дзюма»[Крыніца?]. Яго гістарычныя аповесці грунтуюцца на дакументальнай аснове, у іх выкарыстаныя факты з жыцця. Ю. Крашэўскі добра ведаў гісторыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, быў знаёмы з летапісамі, хронікамі, паданнямі, у час сваіх падарожжаў наведваў мясціны, дзе разгортваліся падзеі ягоных твораў. Польскі пісьменнік Стэфан Жэромскі пісаў, што Крашэўскі меў здольнасць «з археалагічнай дакладнасцю маляваць жыццё дзядоў нашых». Разам з тым, як заўважае беларускі літаратуразнаўца Міхась Кенька, ён не заўсёды пільнаваўся гістарычнай праўды, часам залішне давяраўся храністам, якія былі іншы раз суб'ектыўныя ў апісанні і ацэньванні падзей, трапляў пад уплыў польскай гістарыяграфіі, выказваў сімпатыі да адных гістарычных асоб і непрыхільнасць да другіх.

Беларускія пераклады


* Хата за вёскай / пер. П. Бітэль — Мн., 1989.
* Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане Каханку) / пер. В. Сёмуха (скароч.) // Крыніца. 1998. № 3.
* Кароль у Нясвіжы. 1784 / пер. М. Кенька // Полымя. 2006. № 5—6.
* Маці каралёў (Ягайлавы часы); Паперы Глінкі: гіст. аповесці / Юзаф Ігнацы Крашэўсжі: пер., прадм. і камент. М. Кенькі. — Мн.: Маст. літ., 2007. — (Скарбы сусветнай літаратуры). ISBN 978-985-02-0926-9

Крыніца: Вікіпэдыя

Новости из этой категории

1 Комментарий

  • 29.07.2012
    01:08
    Renessaince

    Чорта лысага гэта зь Вікіпэдыі. Гэта зь Вікіпедзіі наркамаўкай. А вось у тарашкевіцкай Вікі інфармацыі нашмат болей, і артыкул у дадзены момант намінаваны ў добрыя артыкулы.