Рэпартаж з канферэнцыі, прысвечанай Юзафу Крашэўскаму

Рэпартаж з канферэнцыі, прысвечанай Юзафу Крашэўскаму
Рэпартаж з канферэнцыі, прысвечанай Юзафу Крашэўскаму

Незвычайная канферэнцыя, прысвечаная Крашэўскаму, прайшла ў Брэсце

У кожнага з нас свой Крашэўскі. Я яго адкрыў, калі прачытаў аповесць «Кароль у Нясвіжы. 1784». Апісанне побыту таго часу, першых асоб, якія адыгралі выключную ролю ў гісторыі, не магло пакінуць раўнадушным.

Нядаўна ў Брэст з Польшчы прыбыла дырэктарка музея Юзафа Ігнацы Крашэўскага ў вёсцы Раманаў Люблінскага ваяводства пані Ганна Чабадзінска-Пшыбыслаўска (там вядомы польскі пісьменнік жыў, як быў малы). Незвычайную канферэнцыю «Крашэўскі – вялікі і невядомы» арганізавалі энтузіясты, прадстаўнікі так званага ўніверсітэта трэцяга ўзросту з нашага і польскага бакоў.

- Геній не можа належаць аднаму народу, аднаму этнасу, - падкрэсліла пані Ганна Чабадзінска-Пшыбыслаўска.

Госця расказала пра запланаваную прэзентацыю ўнікальнай калекцыі, якую падарыў музею ў Раманаве некалькі гадоў таму Браніслаў Камароўскі, цяпер прэзідэнт Польшчы. Гэта перапіска брата Крашэўскага Каятана з родзічамі ў Раманаве. З цягам часу з перапіскі выявіліся ўнікальныя артэфакты, звязаныя з Беларуссю, жыццём ў вёсцы Доўгае Пружанскага раёна. Гэта цікавы архіў, у тым ліку фотадакументы, якія належыць дасканала вывучыць усім неабыякавым да гісторыі берасцейцам.

Ужо ў прыватнай размове дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч падзяліўся, што калі аднойчы надарыцца магчымасць стварыць музей у Доўгім, то, зразумела, музей у польскім Раманаве стане яго добрым партнёрам. Пачатак такому супрацоўніцтву быў пакладзены ў 2003 годзе, калі польскія аднадумцы перадалі ў Пружаны збор копій дакументаў, жывапісных работ, звязаных з жыццём і творчасцю Юзафа Крашэўскага. Да 200-годдзя з дня нараджэння (28 ліпеня) у Пружанскім раёне адкрыюць памятны знак знакамітаму пісьменніку. Таксама ёсць планы назваць яго імем адну з вуліц райцэнтра.

- Мы ганарымся, што Пружаншчына мае дачыненне да гэтага вялікага творцы, – выказаўся Юрый Сяргеевіч.

Далей ініцыятыву ў свае рукі ўзялі навукоўцы, гісторыкі і пісьменнікі. Выкладчык БрДУ імя А.С. Пушкіна, доктар педагагічных навук Марыя Жыгалава гаварыла пра вывучэнне студэнтамі літаратурнага працэсу беларуска-польскага памежжа (раней гэта наогул было немагчыма). Затым зачытвала ўрыўкі са сваёй новай працы: «Этновитальность и мультикультурность в литературе: поэзия». Гаворка ішла пра мультыкультурнасць (дачыненне да розных культур) асобы Крашэўскага.

Не сакрэт, большасць твораў Ю. Крашэўскага пакуль можна чытаць толькі на польскай мове. Першыя ўзоры перакладу вершаў «Дзед і баба», «Ці ты знаеш старонку» зрабіў беларускі пясняр Янка Купала. Пісьменнік з Жабінкі Расціслаў Бензярук кажа, што знарок не чытаў пераклад класіка, пакуль не скончыў свой. Зачытваць гэты верш не адважыўся, але «і ў мяне сёе-тое атрымалася», - сціпла падзяліўся з аўдыторыяй. Затое з задавальненнем чытаў лірычныя «Два словы» («Кахаю цябе»), і атрымалася, па-мойму, няблага. Да выступаючага далучыўся паэт-пчаляр з Пружаншчыны Мікола Папека.

- Пры перакладзе паэмы «Вёска» стараўся ісці за аўтарам, - падзяліўся ён. - Ну а калі некаму не спадабалася, няхай паспрачаецца са мной, сам перакладзе… І чым больш будзе такіх спроб, тым лепей.

Пісьменнік, гісторык і краязнаўца Анатоль Бензярук паведаміў пра цікавыя падарожжы, якія ажыццяўлялі Крашэўскія з Падляшша на Палессе (і наадварот), у тым ліку праз сучасную Жабінкаўшчыну.

Яшчэ шмат карыснай інфармацыі прагучала ад мастацтвазнаўцы Аркадзя Дзенісевіча. Ён рэпрэзентаваў аўдыторыі Крашэўскага як таленавітага мастака – жывапісца і графіка. Дарэчы, шляхі Юзафа Крашэўскага і Напалеона Орды неаднойчы перасякаліся, яны сябравалі, перапісваліся. Выдатны настрой мерапрыемству дадала інсцэніроўка верша «Дзед і баба» ў выкананні арганізатараў.

Нельга не адзначыць выдатную выставу кніг. Брастаўчанка Марыя Саловіч прыйшла з рарытэтам – кнігай твораў Крашэўскага, выдадзенай у 1880 годзе - пры жыцці славутага пісьменніка! Аляксандр Трыбухоўскі рэпрэзентаваў больш за тры дзясяткі кніг юбіляра розных гадоў выдання на польскай і рускай мовах. Сваё захапленне ён пранёс праз усё жыццё, бо першую кнігу Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» набыў у 15 гадоў. Сустрэчу падтрымаў сваёй прысутнасцю консул Генеральнага консульства Польшчы ў г. Брэсце Пшэмыслаў Шыманьскі.

Звышзадача – імем Ю. Крашэўскага зблізіць два суседнія народы – на той дзень была цалкам выканана. Няхай выдатная справа доўжыцца, бо адкрываць яшчэ належыць вельмі шмат. І перш за ўсё саміх сябе ў гэтым Сусвеце. Дзякуючы такім вось зоркам, што свецяць нам звысоку і асвятляюць беларускі шлях.
Рэпартаж з канферэнцыі, прысвечанай Юзафу Крашэўскаму

Дырэктар музея-сядзібы Ю. Крашэўскага ў Раманаве пані Ганна Чабадзінска-Пшыбыслаўска.


Рэпартаж з канферэнцыі, прысвечанай Юзафу Крашэўскаму

Пераклад «Вёскі» чытае паэт-пчаляр Мікола Папека.


Рэпартаж з канферэнцыі, прысвечанай Юзафу Крашэўскаму

Рарытэт Марыі Саловіч - кніга твораў Ю.Крашэўскага 1880 года выдання!


Рэпартаж з канферэнцыі, прысвечанай Юзафу Крашэўскаму

Інсцэніроўка верша «Дзед і баба».


Сяргей Мошчык
Вечерний Брест

Новости из этой категории

0 Комментариев