Выстава "Пружанскае вяселле" у палацыку

Выстава "Пружанскае вяселле" у палацыку
Выстава "Пружанскае вяселле" у палацыку

Значная частка прадметаў на выставу “Пружанскае вяселле” прадстаўлена з фондаў музея, астатнія – з асабістых архіваў жыхароў раёна і розных куткоў Беларусі, чые продкі паходзяць з Пружаншчыны. Экспанаты дазваляюць убачыць, як на ўрачыстасці выглядалі людзі ў ранейшыя часы, і прасачыць эвалюцыю вясельнай моды.
У першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. вясельны ўбор маладой гараджанкі найчасцей быў белага колеру, яго абавязковыя элементы – вэлюм і флёрдаранж (кветкавы галаўны вянок). Напярэдадні Першай сусветнай вайны нявесты аддавалі перавагу доўгім сукенкам са стаячым каўняром і шырокім поясам. Сукенка аздаблялася карункавымі ўстаўкамі, валанамі, вышыўкай, прышпіленай брошкай, ніткамі жэмчугу і інш.
На той час у Пружанах фотасправай займаліся некалькі майстэрань, сярод якіх вылучаліся фотастудыі Г. Дамбравіцкага і
М. Льва. Менавіта здымкі, зробленыя ў іх у 1910 – 1930-я гады, складаюць значную частку экспанатаў выставы.
Істотна змяніліся адносіны да шлюбу і вясельных убораў у часы Першай сусветнай вайны і пасля яе. Найчасцей маладыя ў звычайным адзенні вянчаліся без далейшага святкавання.
У пасляваенны перыяд вясельныя ўборы ў заходнебеларускіх мястэчках заставаліся таксама простымі, на што ўплывалі эканамічны крызіс і беднасць людзей. Як правіла, строй маладой складаўся з белай блузкі і цёмнай спадніцы.
У сярэдзіне 1920-х гг. Еўропа ўступіла ў перыяд стабілізацыі. Гэта адразу знайшло адлюстраванне ў адзенні. На яго выгляд паўплывала змяненне статусу жанчыны, якая ў час вайны заняла важнае месца ў вытворчай сферы і грамадскім жыцці. Істотна змяніліся ідэалы прыгажосці: красуня адрознівалася хударлявай спартыўнай фігурай і кароткай геаметрычнай стрыжкай. Рэвалюцыйнае ўкарочванне жаночага адзення, якое ў пачатку 20-х зрабіла К. Шанэль, дакацілася і да Пружан. Мясцовыя модніцы сталі надзяваць кароткія вясельныя сукенкі з прыспушчанай таліяй і капялюшыкі-кацялкі ці вэлюм з накінутым флёрдаранжам (на здымку).
Новы віток моды быў звязаны з распаўсюджаннем канонаў, якія дыктаваліся амерыканска-еўрапейскім кінематографам і перыядычнымі друкаванымі выданнямі. У іх паказваўся ідэал прыгажосці, арыентаваны на вытанчанасць, рамантычнасць і жаноцкасць. На фота другой паловы 30-х гадоў ізноў можна сустрэць доўгія сукенкі і вэлюмы.
Паступовае сціранне меж у адзенні паміж горадам і вёскай прывяло да выцяснення традыцыйнага беларускага касцюма. Уборы маладых, якія яшчэ ў пачатку ХХ ст. захоўвалі рэгіянальныя асаблівасці і адпавядалі пэўным строям і эстэтычна-магічным уяўленням жыхароў розных куткоў Беларусі, сыходзілі ў нябыт. Аднак у мясцовасцях, якія былі аддалены ад горада, доўгі час захоўваліся спрадвечныя беларускія абрады і адзенне, што пацвярджаюць фотаздымкі, зробленыя на Пружаншчыне ў 1930 – 1950-я гады.
Свае карэктывы ў вясельную абраднасць унесла і Другая сусветная вайна: на некаторы час нявесты адмовіліся ад белай сукенкі і вэлюму. Але ўжо з 50-х маладыя сталі выкарыстоўваць вясельныя ўборы, якія выглядалі сціпла, але рамантычна: доўгія спадніцы, прыспушчаная талія і туфлі-лодачкі.
З палітыкай хрушчоўскай адлігі звязваюць разнастайнасць вясельных убораў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывалі еўрапейскія ўплывы, якія, нягледзячы на адносную зачыненасць СССР, пранікалі за “жалезную заслону”. З сярэдзіны 60-х пружанскія модніцы сталі апранацца ў белыя міні-сукенкі з крэмплену з кароткім цюлевым вэлюмам…
Нягледзячы на ваганні моды, на Беларусі заўсёды ўважліва ставіліся да выбару вясельнай вопраткі. Мода дыктавала разнастайныя галаўныя ўборы, даўжыню і фасоны сукенак, упрыгажэнні, прычоскі, але некаторыя правілы заставаліся нязменнымі на працягу многіх пакаленняў. Так, белае
адзенне з вэлюмам апранала толькі нявеста-дзяўчына, вясельны ўбор абавязкова прыкрываў грудзі і плечы, сукенка не перадавалася ў чужыя рукі. Зараз забытыя многія з гэтых канонаў, назіраецца поўная дэмакратызацыя вясельнага ўбору і абраду. Ды нязменнымі застаюцца перавага белага колеру ў адзенні, урачыстасць шлюбнай цырымоніі, імкненне зафіксаваць святочны момант нараджэння сваёй сям’і на здымку.
Наталля ПРАКАПОВІЧ,
галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы
“Пружанскі палацык”.

Новости из этой категории

0 Комментариев