Унікальнаму майстру Мікалаю Тарасюку споўнілася 80 гадоў

Унікальнаму майстру Мікалаю Тарасюку споўнілася 80 гадоў
Унікальнаму майстру Мікалаю Тарасюку споўнілася 80 гадоў


Апошнім часам да яго сядзібы, што знаходзіцца ля вёскі Стойлы на Пружаншчыне, зачасцілі вясельныя картэжы. Імкненне моладзі зладзіць тут модную цяпер «фотасесію» зразумелае: не кожны хутар мае такое незвычайнае аблічча і такую славу. Яго гаспадар не толькі ахвотна фатаграфуецца з жаніхом і нявестай, а ладзіць цэлы вясельны абрад, як у часы сваёй маладосці. Развітваючыся з гасцямі, абсыпае аўтамабіль жытам і бласлаўляе новую сям´ю на шчаслівае жыццё.

Што ж гэта за чалавек, да якога на хутар пралажылі дарогу не толькі вясельныя картэжы, але дарослыя і дзеці, журналісты і навукоўцы, беларусы і грамадзяне розных краін – ад Францыі да Японіі? І не палохае іх бездарожжа, геаграфічная аддаленасць і, як сёння кажуць, адсутнасць інфраструктуры, бо наперадзе чакае знаёмства з унікальным творцам, сапраўдным носьбітам і захавальнікам народнай культуры. Мікалай Тарасюк - народны майстар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі прэзідэнта РБ дзеячам культуры і мастацтва «За духоўнае адраджэнне» ў намінацыі «Народная творчасць».

Гэты чалавек ажыццявіў тое, што ніхто ў яго родзе, у вёсцы, увогуле на ўсёй Беларусі не рабіў ніколі. На сваёй сядзібе ён пабудаваў музей і даў яму назву «Успаміны Бацькаўшчыны». На палічках і сталах – каля 300 работ, якія ўяўляюць сабой скульптурныя кампазіцыі на тэмы сялянскага жыцця. Выкананыя ў тэхніцы разьбы па дрэве, расфарбаваныя і замацаваныя на падстаўках, плеценых з лазы, яны расказваюць пра жыццё і працу чалавека на зямлі, пра яго радасць і смутак. Кожны твор стаіць на сваім, прызначаным яму месцы, у адпаведнасці з паслядоўнасцю традыцыйнага жыццёвага кругавароту.

У 2008 годзе па ініцыятыве ўпраўлення культуры аблвыканкама і абласнога грамадска-культурнага цэнтра (АГКЦ) пры фінансавай дапамозе Фонда прэзідэнта РБ па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама Брэсцкага аблвыканкама выдадзены альбом-манаграфія «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» (аўтар Вольга Лабачэўская). Гэта першае ў нашай краіне выданне падобнага кшталту пра творчасць народнага майстра.

Гады тры таму са спадаром Мікалаем пазнаёмілася каардынатар па міжкультурных і міжнародных пытаннях Шведскага нацыянальнага савета па традыцыйных рамёствах Эва Мэлдал. Яна была ў захапленні ад убачанага. Вынікам стаў сумесны праект паміж шведскімі і беларускімі разьбярамі па дрэве. Амаль тыдзень гасцявалі яны ў дзеда Тарасюка, а днямі ў Брэст перадалі шведскі часопіс «Хемслёйдэн» («Рамяство»). Пяць старонак прысвечаны творчасці Мікалая Тарасюка.

Творы М.В. Тарасюка захоўваюцца і экспануюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», АГКЦ. Майстар удзельнічае ў выставах рознага рангу і кірмашах рамёстваў. У 2010 годзе па ініцыятыве АГКЦ адбылася персанальная выстаўка майстра «Драўляны свет Мікалая Тарасюка» ў Бельску-Падляшскім (Польшча). Тарасюка і яго творы прымалі на ўра.

Унікальнаму майстру Мікалаю Тарасюку споўнілася 80 гадоў


На жаль, яшчэ ні разу калекцыя «драўлянага народа» Тарасюка не дэманстравалася ў Мінску. Таму ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама разам з АГКЦ ініцыявалі выставу ў сталічным музеі сучаснага мастацтва. Прыемна, што яго дырэктар Наталля Шаранговіч адгукнулася на нашу прапанову. На яе погляд мастацтвазнаўцы, «драўляны свет» са Стойлаў – гэта самае сапраўднае сучаснае канцэптуальнае аўтарскае мастацтва. Адкрыццё экспазіцыі ў Мінску запланавана на пачатак жніўня. У час вернісажу адбудзецца ўрачыстае ўшанаванне нашага юбіляра.

З 80-годдзем Вас, Мікалай Васільевіч! Здароўя Вам, бадзёрасці духу, зоркасці Вашым назіральным вачам і моцы Вашым таленавітым рукам! Жывіце доўга! Вы нам вельмі патрэбныя! Многая лета!

Ларыса Быцко
Вечерний Брест

Новости из этой категории

0 Комментариев