За гады савецкай улады толькі адзін беларус узначальваў спецслужбы БССР

За гады савецкай улады толькі адзін беларус узначальваў спецслужбы БССР
За гады савецкай улады толькі адзін беларус узначальваў спецслужбы БССР


На сайце Камітэта дзяржаўнай бяспекі змешчаныя біяграфіі ўсіх кіраўнікоў спецслужбаў БССР і Беларусі ад 1919 да сённяшніх дзён. Прычым насупраць кожнага пазначана ягоная нацыянальнасць.

За ўвесь савецкі перыяд толькі адзін этнічны беларус узначальваў спецслужбы.

Быў гэта ўраджэнец вёскі Масева Пружанскага павета Піліп Мядзведзь.

Ён навучаўся ў Варшаўскім тэхнічным вучылішчы Вавельберга і Ротванда, пасля трэцяга курса (1906) быў выключаны за ўдзел у забастоўцы. Працаваў рабочым у Варшаве і Маскве.

У органах дзяржбяспекі быў ад 1918, сябар ВЧК, працаваў непасрэдна пад кіраўніцтвам Фелікса Дзяржынскага. Мядзведзь нават бародку насіў падобную, як у Дзяржынскага.

У 1924—1925 быў кіраўніком ГПУ БССР. Фактычна, ягонае жыццё з Беларуссю звязанае не было. Што да пасады, то ён быў дасланы з Масквы, а не прызначаны як мясцовы кадр.

Мядзведзь удзельнічаў у арышце Барыса Савінкава, вядомага тэрарыста, аднаго з лідараў баявой арганізацыі эсэраў. Пры ім адбыўся пагром Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Потым працаваў на Далёкім Усходзе і Ленінградскай вобласці. У 1934 быў арыштаваны і асу­джаны да трох гадоў лагераў, адбываў пакаранне ў Магаданскай вобласці. У 1937 асуджаны паўторна як сябра так званай «Польскай арганізацыі вайсковай». Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957¬м. Тыповы лёс для савецкіх чэкістаў першай хвалі: сістэма, якую яны стварылі, першымі з’ела сваіх дзяцей.

Болей беларусам пасаду «пастуха над беларусамі» не давяралі.

Толькі ў 1990-м, калі кіраўніцтва СССР спрабавала выратаваць тонучы карабель заігрываннем з нацыянальнымі элітамі, пасаду старшыні КДБ заняў ураджэнец вёскі Новы Свержань Эдуард Шыркоўскі.

Калі ў перыяд да Другой сусветнай вайны назіраецца нацыянальная разнастайнасць, то пасля 1951¬га кіраўнікамі беларускіх спецслужбаў з’яўляліся толькі расейцы.

Ужо ў незалежнай Беларусі КДБ узначальвалі іншыя беларусы — Эдуард Шыркоўскі, Генадзь Лавіцкі (абодва — яшчэ да Лукашэнкі), Уладзімір Ягораў, Уладзімір Мацкевіч, Сцяпан Сухарэнка. А таксама расеец Леанід Ерын.

Нацыянальнасць двух апошніх кіраўнікоў КДБ — Юрыя Жадобіна і Вадзіма Зайцава — не пазначаецца, але абодва яны родам з Украіны, а адукацыю атрымлівалі ў Расіі.

Цікава, ці існуе хоць у якой краіне нешта падобнае, калі органы дзяржбяспекі на працягу дзесяцігоддзяў займалі прадстаўнікі не тытульнай нацыі?

***

ЧК, ГПУ, КДБ БССР кіравалі

расейцы Віктар Яркін (1918—1919), Георгій Малчанаў (1936—1937), Аляксей Наседкін (1938), Міхаіл Баскакаў (1952—1954), Аляксандр Перапяліцын (1954—1959), Васілій Пятроў (1959—1970), Якаў Нікулкін (1970—1980), Веніямін Балуеў (1980—1990), габрэі Аляксандр Ротэнберг (1920—1921), Рыгор Рапапорт (1929—1931), Ізраіль Ляплеўскі (1934—1936), Барыс Берман (1937—1938), палякі Ян Ольскі (1921—1923), Станіслаў Пінталь (1923—1924), Станіслаў Рэдэнс (1931), латышы Герман Матсан (1931—1932), Леанід Закоўскі (1932—1934), грузін Лаўрэнцій Цанава (1943—1951).

Крыніца: Наша Ніва

Даведка вікіпедыі:

Пілі́п Дзям’я́навіч Мядзьве́дзь (1889/1890, в. Масева, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя — 27 лістапада 1937, Масква) — савецкі дзяржаўны дзяяч, удзельнік барацьбы за ўсталяваньне савецкай улады ў БССР і РСФСР.

Жыцьцяпіс

Навучаўся ў Варшаўскай тэхнічнай вучэльні Вавэльбэрга і Ротванда(pl), пасьля трэцяга курсу (1906) выключаны за ўдзел у забастоўцы.

У 1906—1917 працаваў тэхнікам-будаўніком у магістраце Варшавы, у 1907 па рэкамэндацыі Фэлікса Дзяржынскага прыняты ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы(pl). У сакавіку 1917 пераехаў у Маскву і ўладкаваўся на працу ў майстэрню. Зь лістапада 1917 да траўня 1918 пасьлядоўна займаў пасады сябра Сакольніцкага раённага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту, старшыні 1-га Маскоўскага рэвалюцыйнага атраду, ваеннага камісара Сакольніцкага раёну.

Ад траўня 1918 на працы ў Надзвычайнай камісіі: сябра Кантрольнай калегіі ВЧК пры Саўнаркаме РСФСР, ад верасьня — старшыня Тульскай губэрнскай НК. 27 сакавіка 1919—1920 — сябра калегіі ВЧК пры СНК РСФСР, адначасна з 5 траўня 1919 да 30 жніўня 1919 старшыня Петраградзкай губэрнскай НК. Адзін з арганізатараў «чырвонага тэрору» ў Петраградзе, асабіста кіраваў здушэньнем паўстаньня ў фартох(ru) Кранштату.

30 жніўня 1919 — кастрычнік 1919 — старшыня Асобага аддзелу ВЧК Заходняга фронту, пасьля загаднік Аддзелу прымусовых працаў НКУС РСФСР. У сьнежні ізноў вернуты на пасаду старшыні Асобага аддзелу ВЧК Заходняга фронту, ад студзеня 1921 спалучаў таксама пасаду паўнамоцнага прадстаўніка ВЧК па Заходнім краі.

Лістапад 1921 — сьнежань 1923 — старшыня Маскоўскага акруговага транспартнага аддзелу НК, намесьнік старшыні Маскоўскага губэрнскага аддзелу НК, старшыня Асобага аддзелу ВЧК — ДПУ — АДПУ Маскоўскае ваеннае акругі.

7 красавіка 1924 — 3 сьнежня 1925 — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Заходнім краі, старшыня ДПУ пры СНК БССР. Удзельнічаў у апэрацыі па арышце ў Менску Барыса Савінкава (1924), пры ім была арыштаваная большая частка сябраў Беларускае епархіяльнае ўправы Аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

12 лютага 1926 — сьнежань 1929 — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Далёка-Ўсходнім краі. З 1 жніўня 1929 таксама старшыня Асобага аддзелу Асобнай Чырванасьцяжнай Далёка-Ўсходняй арміі.

Ад 8 студзеня 1930 — старшыня Асобага аддзелу АДПУ (да 20 красавіка 1932), старшыня Ленінградзкага акруговага транспартнага аддзелу АДПУ (да 20 красавіка 1934), паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Ленінградзкай ваеннай акрузе (да 10 ліпеня 1934). Адначасна з 22 лістапада 1931 да 10 ліпеня 1934 — сябра калегіі АДПУ пры Саўнаркаме СССР. 15 ліпеня — 3 сьнежня 1934 — старшыня Ўправы НКУС СССР па Ленінградзкай вобласьці. У Ленінградзе кіраваў арыштамі і высылкай прыхільнікаў Троцкага і Зіноўева, «кулакоў». На загад Кірава зладзіў масавую высылку ў Сыбір дзясяткаў тысячаў асобаў «непралетарскага паходжаньня».

Арыштаваны ў сьнежні 1934 року пасьля забойства Кірава. 23 студзеня 1935 па абвінавачаньні ў «злачыннай халатнасьці» прыгавораны да трох рокаў выпраўленчых працаў і сасланы на Калыму. Працаваў намесьнікам начальніка Аратуканскага горна-прамысловага раёну, начальнікам Паўднёвае горна-прамысловае ўправы Галоўнае ўправы будаўніцтва Далёкай Поўначы НКУС СССР. 7 верасьня 1937 ізноў арыштаваны, 27 лістапада расстраляны за «ўдзел у польскай ваеннай арганізацыі». Рэабілітаваны 17 сьнежня 1957.

Узнагароды

Два ордэны Чырвонага Сьцягу (1922, 1930).

Знак «Ганаровы работнік ВЧК-ДПУ» (1932).

Сям’я

Жонка Раіса Міхайлаўна і 14-гадовы сын Міхаіл падзялілі лёс бацькі. Сымбалічны кенатаф Піліпа Мядзьведзя і ягонай сям’і разьмешчаны ў Маскве на Новых Данскіх могілках, каля магілаў ягоных бацькоў, братоў і сястры.

Крыніца: Вікіпедыя

Новости из этой категории

7 Комментариев

  • 21.04.2012
    10:06
    Зьміцер

    27 ноября 1937 года Постановлением Комиссии НКВД СССР, Прокуратуры СССР и председателя Военной Коллегии Верховного суда СССР повторно осужден и приговорен как участник т.н. Польской организации войсковой к ВМН. Приговор приведен в исполнение в тот же день. Реабилитирован определением Военной Коллегии Верховного суда СССР от 17 декабря 1957 года.Сталинские репрессии 1937 года коснулись и пружанцев, хотя сами Пружаны были в то время в составе Польши...Хотя судя по "На загад Кірава зладзіў масавую высылку ў Сыбір дзясяткаў тысячаў асобаў «непралетарскага паходжаньня»." это не самый праведный человек, которого коснулись расстрелы...

  • 21.04.2012
    13:14
    Хмара

    Наколькі вядома, Піліп Мядзведзь з вёскі Масева Пружанскага павета, якая зараз знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. А Вікіпедыя пакуль не эталон дакладных ведаў - калі пішаце нешта, калі ласка, пераправярайце дадзеныя.

  • 21.04.2012
    14:52
    Зьміцер

    2 xmara:Проверено. Сайт КГБ говорит: "Родился в 1890 году в д. Мосеевка Пружанского уезда Гродненской губернии. Белорус."А кому как не им знать? :)

  • 21.04.2012
    15:46
    Хмара

    Паглядзіце мапу над канец 19 ст. - такой вёскі на Пружаншчыне не было! Вось вам і КДБ! Zmicier,Ага, Вы да іх яшчэ схадзіце распытайце, у якім доме? Маскальскі(і дагэтуль) КДБ апаганьвае на свой лад беларускія назвы!Больш аўтарытэтныя крыніцы:бачына "Возвращённые имена" альбо праца гарадзенскага навукоўца Чарапіцы В.М. "Чтобы помнили. . . Уроженцы Гродненщины – жертвы литических репрессий в СССР (1937 – 1938)".Шукайце - у Сеціве ёсць!

  • 22.04.2012
    10:58
    Зьміцер

    Паправіў у пачатку артыкула (частка, узятая з Нашай Нівы).А вось у даведке Вікіпедыя, дарэчы, з самага пачатку было напісана, што нарадзіўся ён у вёсцы Масева. Так што Вы, мабыць не да канца прачыталі артыкул...

  • 22.04.2012
    13:16
    Renessaince

    Значыцца, так. Пра ўсё па парадку.1. Піліп Мядзьведзь нарадзіўся ў вёсцы Масева Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні. Гэтак напісана ў Вікіпэдыі. Што хацеў выправіць шаноўны спадар xmapa, незразумела.2. Калі спадар меў на ўвазе, што ў Пружанскім раёне такое вёскі цяпер няма, дык Пружанскі павет тэрытарыяльна адрозьніваўся ад цяперашняга адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, і на той час вёска, якая цяпер на мяжы Польшчы зь Беларусяй, сапраўды магла быць у Пружанскім павеце.3. Так, Вікіпэдыя не эталён, але гэта таму, што яе артыкулы грунтуюцца не на выдумках пэўных удзельнікаў, а на крыніцах, якімі могуць быць кнігі, артыкулы, іншыя публікацыі, фота- і відэаматэрыялы і да т. п. Такім чынам, калі ў Вікіпэдыі нешта ёсьць, гэта значыцца, што гэтае нешта ўзятае з прац іншых аўтараў і проста паўтарае агульнапрынятыя або проста вядомыя зьвесткі. Таму наракаць варта ў першую чаргу не на Вікіпэдыю, а на першакрыніцы.4. Калі спадар xmapa мае ўвогуле мае нейкія сумневы ў аўтарытэтнасьці інтэрнэт-крыніцаў, дык вось калі ласка, некалькі жывых прыкладаў страшэнных, проста недапушчальных для друкаваных энцыкляпэдычных выданьняў памылак з II кнігі 4-га тому энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», прысьвечанага Берасьцейскай вобласьці. Нас цікавіць у першую чаргу Пружанскі раён. Што ж мы там бачым?4а) «Пружаны… 12 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Баранавічы—Брэст…». Добра, няхай так. Ідзем далей.4б) «Сланімцы… за 5 км на Пд ад Пружан… 8 км ад чыг. ст. Аранчыцы…» Так-с, тут ужо зьявіўся «лішні» кілямэтар (5+8=12). Але гэта яшчэ ня ўсё…4в) «Слабодка (!)… за 10 км на Пн ад Пружан (!)… 23 км ад чыг. станцыі Аранчыцы…» (клічнікі мае). Гэта быў першы раз, калі ў мяне адвісла сківіца. Справа нават ня ў тым, што цяпер наўрад ці хто называе Слабудку такім чынам. Але ўражаньне такое, што складальнікі артыкулу нават ня здолелі паглядзець на мапу, каб убачыць уласнае глупства пра 23 км. Ня кажучы ўжо, напрыклад, пра тое, што Сланімцы былі на поўдзень ад Пружанаў, а «Слабодка» — на поўнач. Рушым далей.4г) «Гарадняны… за 10 км на Пд ад Пружан… 5 км ад чыг. ст. Аранчыцы…» Ізноў на поўдзень. І тут ужо 12=10+5.4д) «Інтэрнацыянальны… за 12 км на Пд ад Пружан… 4 км ад чыг. станцыі Аранчыцы…» 12=12+4 (!) Скажаце, што памылкова памераная адлегласьць ад Пружанаў да Аранчыцаў у першым артыкуле? Давайце паглядзім далей.4е) «Лінова… за 12 км на Пд ад Пружан…» Такім чынам, усё-ткі ад Пружан да Лінова 12 км. Ну а правілы арытмэтыкі ў кнізе могуць мяняцца, як пажадаюць яе складальнікі (не падымаецца рука назваць іх «аўтарамі»).Гэта яшчэ ня ўсё. Вось некалькі іншых прыкладаў безмазговасьці гэтай «энцыкляпэдыі».4ё) Думаю, усе ведаюць, дзе знаходзяцца Малыя Якавічы. Што ж пра іх? «Малыя Якавічы… за 2 км на Пн ад Пружан… 23 км ад чыг. ст. Аранчыцы…» Ну што тут можна сказаць (ізноў адносна адлегласьці да тых самых Аранчыц)? 12+2=23!!!

  • 23.04.2012
    00:02
    Renessaince

    4ж) Каштанаўка і Чахец — суседнія вёскі? Ды нічога падобнага! «Каштанаўка… за 7 км на Пд ад Пружан… 6 км ад чыг. станцыі Аранчыцы…» «Чахец… за 18 км на Пд ад Пружан… 10 км ад чыг. станцыі Аранчыцы…» Без камэнтароў. Хаця не, адзін усё-ткі дам: аказваецца, Каштанаўка недзе між Пружанамі і Аранчыцамі.4з) Самае простае. Вялікі Красьнік і Малы Красьнік. Вёскі аддзяляе нейкі кілямэтар. Прыкладна так і напісана ў гэтай «інцыкляпедзіі». «Вялікі Краснік… за 30 км на ПнЗ ад Пружан… 47 км ад чыг. ст. Аранчыцы…» «Малы Краснік… за 31 км на ПнУ ад Пружан… 48 км ад чыг. ст. Аранчыцы…» Тое, што пераблытаныя месцамі адлегласьці (Малы Красьнік павінен быць бліжэйшы да Пружанаў за Вялікі), можна было б лічыць дробязьзю на тле ўсяе ранейшай глупоты, калі б не… Заўважылі? Дык яны ж у розных баках зусім! Адна — «на ПнЗ», другая — на «ПнУ»!Такіх прыкладаў у кнізе можна прыводзіць яшчэ шмат… І гэта самае простае, што можна абвергнуць, проста паглядзеўшы на мапу. А колькі там рознастылёвасьці ў апісаньнях суседніх вёсак, нібыта гэтая пісаніна складалася абсалютна рознымі людзямі і так, як ім прыйшло на дадзены момант у галаву… А як спраўдзіць зьвесткі пра колькасьць насельніцтва гэтых вёсак у розныя гады? А я ж купляў гэтую, выбачайце, «інцыкляпедзію» якраз дзеля гістарычных зьвестак…Выбачайце, аднак у Вікіпэдыі зьвесткі пра Пружанскі рэгіён і пра яго знакамітых асобаў вывяраюцца значна больш дакладна, чым у такіх вось друкаваных энцыкляпэдыях. Менавіта гэта дазволіла мне скласьці карэктную біяграфію Піліпа Мядзьведзя на падставе ня толькі сайту КГБ, а й іншых крыніцаў, прыведзеных у артыкуле ў Вікіпэдыі. Так што раю ўсё-ткі найперш азнаёміцца з вікіпэдыйным артыкулам, а потым выпраўляць, калі што насамрэч яшчэ не адпавядае рэчаіснасьці. Нічога мець супраць ня буду.