Неверагодная кар’ера Льва Сапегі

Неверагодная кар’ера Льва Сапегі
Неверагодная кар’ера Льва Сапегі

Леў Сапега ў 59 гадоў. Прыжыццёвы партрэт (1616)


Калі мы кажам «Сапега» — у 90% выпадкаў маем на ўвазе «Леў». Гэты, без перабольшання, вялікі чалавек вывеў свой род на першыя пазіцыі ў дзяржаве, сам зрабіў фантастычную кар’еру, а сваёй краіне даў суд і Закон на два з паловай стагоддзі.

Праваслаўны Сапега атрымаў перадавую пратэстацкую адукацыю: спачатку ў Нясвіжскай школе, якой апекаваўся сам Мікалай Радзівіл Чорны, а пасля — ад 13-гадовага веку — у Лейпцыгскім універсітэце.

Яму давалася рымскае і царкоўнае права, яго захапляла мастацтва Рэнесансу. Кароль і вялікі князь Сцяпан Батура, да якога Сапегу прынялі на службу па вяртанні на радзіму, быў уражаны эрудыцыяй юнака.

У 23-гадовым веку Леў быў ужо сакратаром гаспадарскім, а праз год — пісарам гаспадарскім у Канцылярыі ВКЛ.
Ён ініцыяваў стварэнне Трыбунала ВКЛ — найвышэйшага суду краіны.


Прытым Сапега не быў «батанікам», кажучы сённяшнім слэнгам.
Магутны інтэлект знаходзіў прымяненне не толькі ў юрыспрудэнцыі, але і ў палітыцы, фінансах. Быў ён і ваяром:

змалада браў удзел у Лівонскай вайне, сабраны на яго грошы гусарскі полк удзельнічаў у аблозе Пскова Батурам.

Наступны кароль, Жыгімонт Ваза, даручыў Сапегу працу над трэцяй рэдакцыяй Статуту ВКЛ — зводу законаў краіны.

У 1588 — у 31-гадовым веку — Сапега выдае за свае грошы Статут.

Пра яго якасць і ўніверсальнасць можа сведчыць тое, што нашы продкі будуць карыстацца ім да 1840 года.

«Чалавеку годнаму нічога не мусіць быць даражэйшым за вольнасць», — пісаў Сапега ў прадмове да Статуту.


У 1589 Сапега робіцца канцлерам ВКЛ (прэм’ер-міністрам, калі можна так умоўна накладаць тагачасныя пасады на сённяшнія рэаліі) і застанецца ім 34 гады. Пазней Сапега акумулюе ў руках яшчэ большую ўладу: у 1621 ён зробіцца ваяводам віленскім (г.зн. кіраўніком сталічнага рэгіёна ВКЛ), а ад 1625 — і вялікім гетманам літоўскім (міністрам абароны).

Ласосін, Ружаны, Зэльва, Асвея, Бешанковічы, Бялынічы, Цяцерын, Круглае, Дзятлава, Чарнобыль, Іказнь, Друя, Слонім, Свіслач, Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел — і гэта яшчэ не поўны пералік уладанняў Сапегі.

Яго багацце дазваляла яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты. Ён жа быў і адным з натхняльнікаў паходу на Маскву ў пачатку XVII ст.

Сапега нарадзіўся праваслаўным, пад уплывам Мікалая Радзівіла прыняў кальвінізм, а ў 1588 перахрысціўся ў каталіцтва.
Ён падтрымліваў ідэю царкоўнай уні, бо бачыў у ёй сродак дасягнуць рэлігійнага міру.

Але Сапега рэзка выступаў супраць гвалтоўнага насаджэння любой веры.

Дыпламат Сапега ўзначальваў дыпламатычныя місіі ВКЛ у Маскве, мецэнат Сапега будаваў храмы — касцёлы (у т.л. Віленскі касцёл Св. Міхаіла, дзе пасля быў пахаваны), уніяцкія і праваслаўныя цэрквы, — адкрываў школы, шпіталі, прытулкі,
кніжнік Сапега сабраў у сваіх маёнтках бібліятэку з трох тысяч тамоў…

Сапега — як і Скарына, Гусоўскі, Астрожскі — быў адным з увасабленняў таго самага «залатога веку» беларускай гісторыі.

А найбольшым матэрыяльным помнікам Льву Сапегу можна лічыць велічны Ружанскі палац, які пачаў стварацца пры ім.

* * *

Віктар Шніп. Балада Льва Сапегі

У Ружанах на вуліцы вецер,
Нібы воўк, што ў начы заблудзіў,
Ля вакон, што да раніцы свецяць,
Прыпыніўся, свой шлях прытаіў
І заціх… І прыцішыў дыханне
Па-над кнігаю новаю ён,
Адзінокі, сівы, бы ў тумане,
І самотны, як вечнасць, як сон,
Леў Сапега, што сёння начуе
Сярод кніг, як сярод цішыні,
У якой па стагоддзях вандруе
Белы рыцар на белым кані.
І гараць свечкі светла, бы ў Храме,
І па кнігах зноў цені, як дым,
Прапаўзаюць, губляюцца з намі
У паветры ад зор залатым.
І запіша ён зноў, што спазнае,
Запісаўшы, закрэсліць ізноў.
Ён — Сапега, Сапегу свет знае,
Як сам знае Сапега любоў
Да зямлі, на якой нарадзіўся,
За якую маліўся і біўся…
І назаўтра ён сядзе ў карэту,
Зноў у Вільню паедзе, у свет,
І за ім, нібы воўк, на край свету
Будзе вецер ляцець след у след…

Неверагодная кар’ера Льва Сапегі

Статут ВКЛ 1588.


Неверагодная кар’ера Льва Сапегі

Касцёл Святога Міхала ў Вільні, фундаваны Сапегам.


Неверагодная кар’ера Льва Сапегі

Надмагілле Льва Сапегі і дзвюх яго жонак у касцёле Св.Міхала.


Неверагодная кар’ера Льва Сапегі

Велічныя Ружаны закладаліся пры Льву Сапегу.


Крыніца: Наша Ніва

Новости из этой категории

1 Комментарий

  • 04.04.2012
    11:39
    fals

    А вось адкажыце мне, чаму калі ў 2008 годзе было прынятае рашэнне назваць адну з вуліц Пружанаў імем Льва Сапегі, гэтага не было зроблена па сёнешні дзень? Хаця ў 2011 годзе Пружанскі Савет дэпутатаў вырашыў:"1. Проектируемой улице №2 присвоить наименование «улица Майская» (вулiца Майская);2. Проектируемой улице №3 присвоить наименование «улица Звездная» (вулiца Звёздная);3. Проектируемой улице №4 присвоить наименование «улица Светлая» (вулiца Светлая);4. Проектируемой улице №5 присвоить наименование «улица Лучистая» (вулiца Лучыстая);5. Проектируемой улице №6 присвоить наименование «улица Радужная» (вулiца Радужная);6. Проектируемой улице №7 присвоить наименование «улица Янтарная» (вулiца Янтарная);7. Проектируемой улице №8 присвоить наименование «улица Жемчужная» (вулiца Жамчужная);8. Проектируемой улице №9 присвоить наименование «улица Изумрудная» (вулiца Ізумрудная);9. Проектируемой улице №10 присвоить наименование «улица Дружная» (вулiца Дружная)."