17 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах пройдуць урачыстасці з нагоды 400-годдзя асвячэння парафіяльнай святыні.
У гэты дзень у 12.00 тут пройдзе ўрачыстая святая Імша з удзелам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.
Касцёл у Ружанах быў пабудаваны ў 1617 г. ў стылі позняга рэнесансу дзякуючы намаганням князя Льва Сапегі. У 1779 г. святыня была перабудаваная ў стылі ранняга класіцызму па праекце архітэктара Яна Самуэля Бэкера. Пазней касцёл рэстаўраваўся ў 1850 і 1891 г.
Каталіцкая парафія ў Ружанах заставалася без пробашча толькі кароткі час у сярэдзіне XX ст. У 1945 г. мясцовы святар павінен быў выехаць у сувязі з жорсткім атэістычным пераследам. Душпастырскай апекай тутэйшых вернікаў займаўся кс. Ізідор Борыс з в. Косава. У 1956 г. у Ружанах зноў з’явіўся свой пробашч — ксёндз Міхал Варанецкі СМ.
Ён даязджаў з душпастырскай паслугай да вернікаў у Шарашова, Поразава, Косава, Слонім і шматлікія іншыя мясцовасці. У найбольш цяжкія часы атэістычных пераследаў святыня ў Ружанах і яе ахвярны пробашч сталі асаблівым аазісам веры для цэлых пакаленняў вернікаў з вялікага рэгіёна Беларусі, бо тут яны маглі прыступіць да святых сакрамэнтаў, падтрымліваць жывы кантакт з душпастырам.
Чытайце таксама:
- Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
- Хрысціянская сімволіка беларускіх гарадоў. Герб Ружанаў
У 1990 г., калі мінулі часы агрэсіўнай атэізацыі і з’явілася магчымасць свабоднага вызнавання веры, святыня ў Ружанах адкрыла новую старонку ў гісторыі нашага лакальнага Касцёла.
Мястэчка Ружаны акрамя велічнай каталіцкай святыні мае вядомы палацавы комплекс былой рэзідэнцыі князёў Сапегаў.
Новости из этой категории
23.05.2022
0 Комментариев