Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы

Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы
Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы

 

Няўжо веліч Ягоная
не палохае вас,
і страх Ягоны
не нападае на вас?..

 

Ёў, 13:11



Калі з Купліна па слонімскай дарозе едзеш на Мінск, праз нейкі час пасля панылага балоцістага Палесся зямля пачынае дыхаць узвышшамі. Далягляд калышацца, і ў ружаватай смузе паўстае невялікі трохтысячны пасёлак, па-над якім на ўзгор’і з’яўляюцца руіны знакамітага палаца Сапегаў.

Ружаны.

У гэтым палацы, збудаваным на мяжы залатога ХVI і срэбнага ХVIІ стагоддзяў ВКЛ, Сапегі прымалі каралёў і вялікіх князёў Уладзіслава ІV і Станіслава Панятоўскага, а Канцлер Львінае Сэрца парадкаваў Літоўскую метрыку. Падвалы-лабірынты тут такія глыбокія, што ад недахопу кіслароду затухаюць свечы.

Пра Палац расказваюць, што ў ім захоўваюцца нечуваныя скарбы, што падземныя хады (ды такой вышыні, каб вершнік праехаў!) ідуць у Косава, Бярозу ды Слонім, і што аднойчы ў 1970-х позна ўвечары чорная «Волга» з літоўскімі нумарамі пад’ехала да сцяны замка, а зранку там зеўрала вялізная ніша і ў грудку бітай цэглы тутэйшыя падабралі пару залатых манетаў.

З гаспадарак Ружанскага краю, якія атаварваюцца ў Купліне, прыязджаюць мужыкі-ліцвіны — жывой беларускай гутаркі, святлейшыя, у адрозненне ад цёмных палешукоў, ды рослыя, ды дужыя, і ў мазгах шторазу шыецца падазрэнне:

а ці не сапегаў двор і сапегава прыватная гвардыя, што стагоддзямі таўклася ў Ружанах і ваколіцах, падмацавала тут генафонд грэнадзёрамі?

Герб Ружанаў аточаны вянком ружаў, ахвяраваных Дзеве Марыі. Ружаны — гэта ад ружанца, асаблівага спосабу малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы на пялёстках ружы, і разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Ружанец адгаворваюць на пацерках (ад Pater noster — «Ойча наш», пачатковай малітвы), калі метадычна, злучво за злучвом, адзначаецца кожная кароткая частка.

Руіны Палаца, контур разбураных сценаў на сотні метраў — агромністы ружанец, пакладзены на ўзгор’і. Глыбы з вачніцамі высаджаных вокнаў, рэшткі муроў, асобныя аркі, бы каласальныя пацеры, — ідзеш, перабіраеш вачыма, кранаеш пыл з камення і адлічваеш малітвы за аднаўленне велічы Вялікай Літвы.

Молімся за беларускі народ, які сам забыўся, як маліцца, і ходзіць на разваліны, каб адкаркаваць «чарніла», абвесці былыя ўладанні пустымі вачыма, задраць глотку ўгару, туды, адкуль хлыне павольная смерць, і хрыпла прачысціць горла: «Ну, будзем….»

Молімся, каб у сённяшняй дробненькай Беларусі паўставалі волаты, падобныя Сапегам:

Ільву, абаронцу незалежнасці, аўтару статута; Казіміру Леону, што атрымаў адукацыю ў чатырох еўрапейскіх універсітэтах, валодаў васьмю мовамі, заснаваў кляштар картузаў у Бярозе ды катэдру права ў Вільні; кардыналу Адаму Стэфану, што вывеў у свет Караля Вайтылу, будучага Папу Яна Паўла ІІ…

Молімся за выбарны Богам народ Ізраіля, бо якраз з мястэчка Ружаны — адзін з кіраўнікоў сіянісцкага руху Іэхіэль Пінэс, пісьменнік і паэт Ааарон Любашыцкі, кампазітар Генры Русота, восьмы і дзясяты прэм’ер-міністр Ізраіля Іцхак Шамір… і сотня насельнікаў ружанскага гета, вывезеных нацыстамі ў Трэблінку.

Молімся, каб ружанцы, сучасныя жывыя ружанцы, памяталі: усё прамінае: і слава, і багацце, і веліч, але застаюцца, запісаныя ў вечнасці, справы чалавечага сэрца.

Заходзіш у агромністы пралом, бачыш небакрай, надламаны руінамі, узгадваеш, што Палац быў пабудаваны ў форме крыжа, раптам разумееш, які ты ў свеце маленькі-маленькі — і вусны самі пачынаюць шаптаць: Ойча наш!..

Веліч чалавечая заключаецца ў здольнасці прызнаць уласную нішчымнасць перад усёмагутнасцю Божай — бо менавіта праз нашую немач выяўляецца Моц

Таго, Хто стварыў і гэтую краіну, і гэтую мову, і нас саміх.

Палац паціху аднаўляюць, пачынаючы з брамы. Марудна. Цяжка.

Але настойлівыя, доўгія, шматгадовыя малітвы, якія ўваскрашаюць паўмёртвыя нацыі, патрабуюць надзвычайнай руплівасці і цярпення.

Час збіраць камяні. Час аднаўляць — глыба за глыбай, пацерка за пацеркай, замак за замкам, храм за храмам — увесь грандыёзны Ружанец Беларусі — цэрквы, касцёлы, зборы, палацы, калісьці, у эпоху беларускай магутнасці, збудаваныя тымі, хто любіў Беларусь і верыў у Ісуса Хрыста.

Фота: belarus-travel.by

Новости из этой категории

0 Комментариев