Жыццёвыя вехі паэта Папекі

Жыццёвыя вехі паэта Папекі
Жыццёвыя вехі паэта Папекі

Хто не знае Міколу Папеку? Міколу Папеку знаюць усе. У двух словах яго можна ахарактарызаваць «паэт-пчаляр». Але ж калі кінуцца ў дэталі, паўстае значна больш шматгранная асоба. Пчаляр Папека дыпламаваны – з вышэйшай адукацыяй. На пасеку пачаў хадзіць з таго самага часу, як устаў на ногі, а сур´ёзна заняўся пчоламі ў падлеткавым узросце. Потым – тэхнікум і Кіеўская акадэмія... Сёння Мікола Папека жыве ў вёсцы Лінова (станцыя Аранчыцы ў накірунку Мінска) з жонкай-настаўніцай. Добрай традыцыяй стала заснаваная Папекам літаратурная “Мядовая прэмія”, узнагародай з´яўляецца пуд мёду. У ёй няма пераможцаў: штогод галоўную ўзнагароду пісьменнікі атрымліваюць не за выключныя заслугі, а проста па чарзе. У снежні Папеку споўнілася палова веку. Разам з пісьменнікам, краязнаўцам, пчаляром і аматарам беларускай мовы мы паспрабавалі зрабіць кароценькія падсумаванні пражытага.

– Я не чытаю пра сябе інтэрв´ю! – папярэджвае Мікола. – Так што пішыце, што хочаце.

Першыя вершаваныя нататкі Мікалай зрабіў, калі быў зусім яшчэ юнаком. Тады ў жыцці Папекі адбыўся першы значны віраж – сям´я пераехала ад родных мясцін Івацэвіцкага раёна на Маладзечаншчыну. Тут вясковы хлопец размаўляў на сакавітай паляшуцкай мове, а на новым месцы жыхарства апынуўся ў асяроддзі, дзе ўсе размаўлялі выключна на літаратурнай мове. З яго гутаркі кпілі і дзеці, і выкладчыкі. Але Міколу гэта не моцна турбавала – на малой радзіме ён таксама заўсёды заставаўся ў баку ад калектыву:

– Я вельмі любіў прыроду, – успамінае Мікалай. – А ў новую школу прыходзілася хадзіць за чатыры кіламетры. Ідзеш, назіраеш за снегам, бярозамі, горачкамі... Так само па сабе і пачало пісацца. Тады я пісаў вельмі шмат, але ўсе тагачасныя вершы сёння страчаныя.

Той сшытак згубіўся ў час навучання ў тэхнікуме. Сёння ўжо так не пішацца – Міколу больш займае перакладчыцкая дзейнасць:

– Спрабую перакладаць з розных моваў. З польскай – Крашэўскага, з украінскай – сучасных пісьменнікаў. Нават з французскай, якую не вывучаў. Карыстаюся слоўнікамі, спрабую ўхапіць сутнасць.

Амаль усё сваё жыццё Мікола Папека размаўляе выключна на беларускай мове. Але ж быў кароценькі перыяд, калі матчына слова знікла з моўнага асяроддзя маладога яшчэ чалавека. Гэта здарылася, калі ён вучыўся ў аграрным тэхнікуме. Сёння Папека кажа – такая рэакцыя непадрыхтаванага арганізма (а між словамі чытаецца – сарамлівасць вясковага хлопца). За тры месяцы навучання ён забыў тую мову, на якой ішло выкладанне ў роднай школе. Вяртанне да вытокаў адбылося толькі ў Кіеве, дзе Мікола атрымліваў вышэйшую адукацыю:

– Мне пашчасціла: я неяк адразу апынуўся ў свядомым украінскім асяроддзі. У хуткім часе авалодаў украінскай мовай, а потым сябры папрасілі мяне паразмаўляць па-беларуску. І яны зразумелі, што ўкраінская мова падобна да нашай. А я ўсвядоміў, што ёсць такая небяспека – страціць мову. І пачаў свядома яе вяртаць у сваё жыццё. Так што шлях гэты быў няпросты. У сваю чаргу, я вельмі ўдзячны лёсу, што пасля тэхнікума мяне не ўзялі вучыцца ў Горкі, дзе я б не сустрэў тых, хто дапамог мне вярнуцца да вытокаў. Беларуская мова існавала, існуе і будзе існаваць. Ёсць нават такое меркаванне, што сёння яна перажывае сваё маленства, і, калі паспрыяць яе развіццю, расквітнее з новай сілай.

Але ж ёсць і іншыя разважанні. Сёння беларускай мовай карыстаецца ўсё менш і менш людзей. Для большасці школьнікаў яна вывучаецца як яшчэ адна замежная. Чаму ж так здарылася? На гэта пытанне адказвае Папека-краязнавец: у беларусаў ёсць шмат дакументальных пацвярджэнняў, што беларуская мова існавала. Гэта і рукапісы, і сведчанні судовых спраў, і адзін з самых выдатных помнікаў – Статут ВКЛ. Вядома, у гэтых выданнях не зусім тая мова, на якой размаўлялі простыя людзі. Але ж гэта былі словы, якія адрозніваліся ад суседніх гаворак.

– Але ўся бяда ў тым, што нешта зрушылася і не спрацаваў ген самаабароны. Чаму беларуская шляхта, якая супраціўлялася паланізацыі, усё ж паддалася ўплыву Польшчы? Я бачу ў гэтым працэсе асобую ролю каталіцызму таго часу. Шляхта пераходзіла ў каталіцызм, пачынала размаўляць па-польску, намагаючыся тым самым аддзяліцца ад тых, кім яна кіравала. Пэўна, для іх было дзівам, што на польскай мове размаўляюць не толькі паны. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай нам пачала шкодзіць Расія. Вось так і здарылася, што беларускую мову выціскалі з ужывання. Толькі ў пачатку ХХ стагоддзя ў нас з´явілася прышчэпка, што дазволіла развіцца і Таварыству беларускіх школ, і Таварыству беларускай мовы і адраджэнскаму руху цалкам.

У некаторых выпадках Мікола Папека напамінае Дон Кіхота, які змагаўся з млынамі. Але ж і ў гэтай барацьбе ёсць своеасаблівы сэнс. Ён выказвае спрэчныя меркаванні, з якімі не заўсёды пагаджаецца афіцыйная думка. Так, увосень краязнавец падняў многа шуму наконт таго, што ў вёсцы Доўгае зруйнавалі капліцу Крашэўскіх. Праз гэта ён сапсаваў адносіны ў Пружанах з усімі, хто мае дачыненне да культуры. Але ж пусціць справу на самацёк намеру не мае:

– Я буду змагацца да той пары, пакуль не адновяць усё, што сапсавалі.

Такі вось ён – сучасны беларускі Дон Кіхот.

Аляксандра Агіевіч

Новости из этой категории

0 Комментариев