Рэха пад ДАХам.

Рэха пад ДАХам.

Адгрукацеў чацвёрты фэст эксперыментальнага мастацтва «Рэха ДАХу» ў знакамітым «Пружанскім палацыку», які і так апошнім часам радуе сваімі даволі прагрэсіўнымі імпрэзамі. Што ён прынёс гэтым разам – праграма была даволі незвычайная, хоць і сціплая на першы погляд.

Як і заўжды,  вядучую ролю ў падзеі маюць выставы. Гэтым разам іх было толькі дзве, але вельмі моцныя па змесце. Першую  – прадставіў галоўны завадатар (пракуратар) фэсту – Зміцер Юркевіч, гэта выстава яго паплечніка Алеся Родзіна (у якога, нажаль, не атрымалася прыехаць), сузаснавальніка міжнароднага фэстывалю ідрасілізму і савэрсізму «ДАХ» – менавіта ягонае рэха далятае ўжо які год запар да Пружанаў. З вельмі мудрагелістай канцэпцыяй творцы схацелі затлуміць простыя думкі аматараў мастацтва, але такога не адбылося: усе ўбачылі даволі класічныя творы сп.Алеся, якія яны неаднаразова бачылі на папярэдніх фэстах. Гэта манументальныя работы поўныя сымбалізму і адкрыццяў, але здаецца, што кожны бачыць свае.

 

На выставе Алеся Родзіна

На прэзэнтацыю другой выставы пад назвай “РОДНАЕ”, ўжо вядомага на Берасьцейшчыне ананімнага мастака whatname? запрасіў сам дырэктар установы – Юры Зялевіч, з ягонай прамовы адразу было адчувальна, што зараз нешта будзе, але нешта было не адразу. Перад гэтым усім прысутным раздалі чорныя маскі (падобна, што коцікаў) з нумарамі, і як заявіў голас дыктара з аудыёзапісу нам прапанавалі– «… адыйсці ад штодзёнасці і пражыць ролю галоўнага герая – мужчыны, які пакутуе бессанню, зранку ўключыў свае старое радыё ў надзеі на тое, што этэр дапаможа яму заснуць. …”. І атрымоўваецца, што ўсе прысутныя павінны былі заснуць і толькі тады “палотна адкроюцца”. Але, зразумела, што гэтага не адбылося. І, не гледзячы на нейкія накладкі, прысутныя ўлавілі ўтаймаванасць “станцыі ДОМ” (менавіта ў рамках гэтага брэнда прыехала выстава), якая была закрыта ад гледача, дзе “Кожны зможа ўбачыць тое, што робіцца ў цені вашага дому, зона камфорту скончылася даўно, але многія даведаюцца аб гэтым… “  толькі сёння. Усё роднае недзе скрыта, сховна, як і вялікія творы whatname? (1,5х2,0 м) пад шчыльнай чорнай заслонай тканіны, якія ніхто так і не ўбачыў. Верагодна, што не кожны з выходзячых з залі зразумеў мэту экперымента – кожны за залонай павінен адчуць і ўбачыць сваё “РОДНАЕ”. Разам з выставай, як гэта прынята ў еўрапейскіх традыцыях, можна было набыць паштоўкі з выявамі твораў whatname? з папярэдніх выстаў, каталагі і  сувеніры з фірменным аздабленнем ‘’lostness’’ ад whatname?.

 

Гледачы на выставе whatname?

 

Далей усім прапанавалі дакрануцца да “зорак” — у прамым і пераносным сэнсе – пачалася прэзентацыя манаграфіі супрацоўніка Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Цімафея Авіліна “Паміж небам і зямлёй: ЭТНААСТРАНОМІЯ”. Як аказалася: – Што мы ведаем народнага па зорках? – Анічога! Спадар Цімафей правёў сапраўдны занятак па АСТРАНОМІІ і з паглыбленнем у этнаастраномію. І як было крыўдна, што аказваецца не “Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю…”, а Сірыўс. Але ж колькі мы ўсяго няведаем, асабліва свайго роднага, з чым павінны нараджацца. Такую шчырую ўдзячнасць прысутныя выдалі гэтаму вясёламу маладому даследчыку, што здавалася, як у дзіцячым садку дзеці да выхавацелькі – задавалі пытанні, і ён шчыра адпавядаў.

 

Этнаастраном Цімафей Авілін

Як і заўжды ў праграме фэсту прысутнічае музычны блок. Гэтым разам ён атрымаўся – у працяг папярэдняй выставы – родным і блізкім: Настасся Хмель (салістка гурта “Крыві”, што не так даўно пасялілася на Пружаншчыне ў в.Залессе) адрабіла наймацнейшую праграму сваіх апрацовак залесскіх і іншых аўтэнтычных спеваў, што прабірала да костак, пад гукі джамбея і гітары.

 Спявае Настасся Хмель

У працяг  гурт “ПаЦі”– ужо вядомы этнаастраном Цімафей Авілін (гітара, вакал) з Паўлам Сілівончыкам (акардыён, рытм-пантофля, вакал) запалілі атмасфэру залі “песнямі вясковых рамантыкаў”. Гледачы з запалам віталі кожную песню выканаўцаў!
 
Гурт “ПаЦі”
Раман Яраш, ўжо вядомы пружанскім аматарам мастацтва чалавек-аркестр, як і заўжды ўразіў сваім непаўторным вакалам і музыкай ў стылі сумнага “вясковага блюза”. Што неімаверна, гэты блюз ўспрымаўся, як модная сучасная музыка, і гэта так.

 

Журба-блюз ад Рамана Яраша.

Музыкі не раз выходзілі на сцэну разам і ладзілі сапраўдны джэм-сэйшэн, гэта яшчэ болей аб’ядноўвала выканаўцаў з слухачамі.
Сапраўды, гэтым разам адбыўся неверагодны сінтэз творчасці і пачуццяў, мастацтва і музыкі. А што вы хацелі, гэта ж – фэст эксперыментальнага мастацтва “Рэха ДАХу”. Рыхтуйцесь на наступны год, будзе цікава, не прапусціце! 

Яўхім Рупайла,Пружаны

Фота by Пружанскі палацык

Новости из этой категории