Ад сёння замежнікі пачнуць ездзіць у беларускую Белавежскую пушчу без візаў, першымі едуць палякі

Ад сёння замежнікі пачнуць ездзіць у беларускую Белавежскую пушчу без візаў, першымі едуць палякі

Бязвізавы рух у Белавежы — ужо ад бліжэйшай пятніцы, 12-га чэрвеня. Уваходзіць у жыццё ўказ пра свабоднае перамяшчэнне праз польска-беларускую мяжу для замежных грамадзянаў ў пешаходна-роварным пункце пропуску Грудкі-Перароў. Замежнікі змогуць знаходзіцца без візаў з беларускага боку на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» ў турыстычных мэтах. У нашай студыі Яўген Лаўранюк, дырэктар турыстычнай фірмы ў Беластоку «Юніёр».

РР: Ці гэта выдатная добрая навіна для грамадзянаў Польшчы?

Яўген Лаўранюк: Гэта вельмі добрая навіна, але не толькі грамадзянам Польшчы, але і ўсім грамадзянам Еўразвязу, бо гэты пераход у Белавежскай Пушчы — міжнародны. Гэта вельмі добрая навіна, гэта прынясе шмат прыбытку не толькі беларускаму боку, але і польскай частцы Белавежскай пушчы.

РР: Ці Белавежская пушча па-ранейшаму найлепшы турыстычнае месца тут на Падляшшы і на беларускім баку?

Яўген Лаўранюк: Так, у нашым ваяводстве Белавежская пушча — гэта самы папулярны напрамак для турыстаў з Польшчы ды іншых краінаў. Кожны год сюды прыязджае больш за 100 тысяч турыстаў. Гэта вельмі шмат. Цяпер яны будуць мець магчымасць не толькі пабачыць прыгожыя мясціны польскай часткі, але і беларускай часткі.

РР: Як будзе гэта выглядаць тэхнічна? Давайце ўявім такую сітуацыю, што я — слухач Беларускага Радыё Рацыя, чую такую інфармацыю, што магу паехаць у Белавежскую пушчу нават на беларускі бок. Што мне для гэтага трэба зрабіць? Куды ісці? Што пры сабе мець, якія дакументы?

Яўген Лаўранюк: Каб наведаць беларускі ўчастак Белавежскай пушчы, трэба мець з сабой пропуск, пашпат і забеспячэнне фірмы, якая мае дамову з Белдзяржстрахам на паездкі ў Беларусь. І гэта ўсе дакументы.

РР: А што такое “пропуск”? Дзе яго можна браць?

Яўген Лаўранюк: Пропуск можна будзе браць у турыстычных фірмах. Крыху пазней, калі праграма запрацуе яго можна будзе браць у Белавежскіх гатэлях, і ў Белавежскім парку. Ужо на сайце Белавежскага парку ёсць уся інфармацыя. Можна скідваць заяўкі, і на падставе гэтай заяўкі Нацыянальны парк будзе дасылаць усім турыстам гэтыя адмысловыя пропускі. Калі турыст атрымае гэты пропуск, то будзе ведаць, што і памежнікі беларускія прапусцяць і гэты пропуск адпраўляе яго ў Белавежскую пушчу, але толькі пра памежны пераход Перароў.

РР: А калі я вельмі цікаўны турыст і выйду крыху далей, чым Белавежская Пушча – паглядзець, што там? Літаральна за лясок выйду?

Яўген Лаўранюк: Такой магчымасці не будзе. Гэта праграма разлічаная толькі на тэрыторыю парка Белавежская пушча і вёска Камянюкі. За межы гэтай вёскі альбо Белавежскай пушчы нельга будзе выйсці без беларускай візы. У каго ёсць беларуская віза — тады ніякіх праблем. А па бязвізавым рэжыме — толькі тэрыторыя Нацянальнага парку Белавежская пушча.

РР: А што, там Белавежская пушча неяк агароджаная?

Яўген Лаўранюк: Там будуць адмысловыя знакі, дзе канец гэтага бязвізавага рэжыму. І спадзяюся, што турысты не будуць парушаць правілаў. На працягу тыдню-двух усё нармальна запрацуе, і турысты будуць ведаць, што можна адведаць.  

РР: А што цікавага можна пабачыць на беларускім баку Белавежскай пушчы?

Яўген Лаўранюк: Мы шмат прымаем турыстаў у Белавежскай пушчы з польскага боку, і заўсёды гучаць пытанні: “Як можна дабрацца ў пушчу з беларускага боку?” Цяпер гэтая магчымасць будзе. Гэта ж пушча. Там прыгожыя мясціны. Большая частка пушчы — з беларускага боку. Там больш дзікая прырода, там больш цікавых мясцінаў. І што мне вельмі падабаецца — вельмі доўгія веласіпедныя сцежкі і маршруты. Веласіпедыстам паездкі ў беларускую частку Белавежскай пушчы вельмі спадабаюцца. Таксама можна наведаць сядзібу беларускага Дзеда Мароза. Пакаштаваць добрай беларускай кухні. Цяпер у Белавежскай пушчы шмат бараў, рэстаранаў, кавярняў — будуць турысты задаволеныя.

З беларускага боку замежнікі змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” ў турыстычных мэтах. Пра гэта нашаму радыё паведаміў генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня:

— Усё добра, ужо ад пятніцы гэта пачынае дзейнічаць. Замежнікі змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы на працягу 72 гадзін, гэта значыць трое сутак. Ужо распрацаваныя адмысловыя маршруты, сцежкі, там ёсць месцы, дзе можна праехаць роварам, пагуляць пешшу. З сабой неабходна мець пашпарт.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 115 такі бязвізавы рух будзе ажыццяўляцца праз пункт пропуска Грудкі-Перароў у Белавежы. Са зместам згаданага нарматыўнага дакумента, які рэгулюе таксама парадак бязвізавага наведвання Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”, можна азнаёміцца на сайце пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы, або на сайце Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” (РБ), У пятніцу, 12-га чэрвеня, у беларускую частку Белавежскай пушчы рушыць першая група польскіх турыстаў. Хоць на гэты момант яшчэ няма падрабязнай інфармацыі пра арганізацыю такога бязвізавага перамяшчэння. Вядома, што ахвотныя павінны зарэгістравацца, цяпер гэта можна зрабіць праз турыстычнае бюро (напрыклад, у Беластоку) або на інтэрнэт-старонцы Нацыянальнага парка „Белавежская пушча” (РБ). Рэгістрацыйны фармуляр пасярэднікам адсылаецца ў памежныя службы Берасця, дзе адбываецца праверка, ці гэтая асоба мае права на ўезд у Беларусь. Пасля гэтага трэба чакаць на адказ, пазней яго раздрукаваць – гэта і ёсць пропуск на мяжы.

Таксама вядома, што ў час рэгістрацыі неабходна выкупіць квіткі найменш на дзве турыстычныя прапановы ў Нацыянальным парку ў Беларусі (прапановы ёсць у фармуляры рэгістрацыі). Пакуль што сустракаць турыстаў з беларускага боку будзе адзін аўтобус у 10 гадзін раніцы, вяртаецца да мяжы ён у 18 гадзін. Пры сабе неабходна мець пропуск (гэта раздрукаваны дазвол), пашпарт і медычную страхоўку. Плаціць трэба толькі за страхоўку. Кошт паслугі ў турыстычнай фірме – каля 50 злотых, страхоўка – ў межах 8 злотых.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: www.racyja.com

Новости из этой категории

0 Комментариев