Невядомыя старонкі царкоўнай дзейнасці Р.Шырмы

Невядомыя старонкі царкоўнай дзейнасці Р.Шырмы

Пра жыццё і дзейнасць Рыгора Раманавіча Шырмы сказана, напісана і праспявана вельмі многае. Здавалася б, яго біяграфія вывучана цалкам, і новымі фактамі ўжо нікога не здзівіш. Аднак шэраг дакументаў, якія захоўваюцца ў музеі-сядзібе "Пружанскі палацык", раскрываюць яшчэ не вядомыя для большасці старонкі з жыцця вялікага музыкі.

Згодна з гэтымі дакументам, Рыгор Шырма амаль 20 гадоў працаваў рэгентам-псаломшчыкам, і першым месцам працы ў гэтай пасадзе стаў для яго Свята-Аляксандра-Неўскі сабор Пружанаў. Па словах тагачаснага пружанскага благачыннага протаіерэя Канстанціна Пілінкевіча, "прыцягненне ў склад членаў кліру такіх людзей, як Рыгор Шырма, стала сапраўдным набыткам для епархіі".

Як псаломшчык і рэгент хору Рыгор Шырма зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Праўда, не маючы польскага пашпарта, на працягу амаль двух гадоў ён лічыўся выконваючым абавязкі псаломшчыка, і толькі ў 1925 годзе, па атрыманні дакумента, быў узведзены ў пасаду саборнага псаломшчыка з наступным правам выкладання Закона Божага ў пачатковых вучэльнях Пружанскага павета.

Рыгор Шырма шмат папрацаваў пры станаўленні саборнага хору, сабраны ім калектыў быў прызнаны адным з лепшых у Палескай епархіі. Пры гэтым за гады працы Шырма зведаў нямала цяжкасцяў. Сутыкнуўся са звычайнай чалавечай зайздрасцю і непрыстойнасцю. Неаднаразова чуў на свой адрас лютыя слова "чырвоны псаломшчык", якія гучалі ў той час як прысуд. У афіцыйных колах шмат казалі пра пракамуністычны настрой Рыгора Раманавіча, але гэта не перашкаджала яму быць годным кіраўніком царкоўнага хору. З рапарта настаяцеля Сабора протаіерэя Аляксея Русецкага благачыннаму Пружанскага павета вядома, што "Г. Шырма шмат пакутаваў ад даносаў і пераследаў, але, нягледзячы на ўсё гэта, не пакідаў сваёй любімай справы і ўвесь час падтрымліваў хор, працаваў бязвыплатна з любові да мастацтва, і з дазволу ўлад даў два канцэрту, якія мелі вялікі і заслужаны поспех".

Невядомыя старонкі царкоўнай дзейнасці Р.Шырмы

Сустрэча Р.Шырмы з пеўчымі (Пружаны, 17 кастрычніка 1959 года)


З маральнага боку Г. Шырма быў чалавекам бездакорным. "Акуратны, сумленны, рэлігійны, адукаваны, паважны да старэйшых", — сведчыў пра яго айцец Аляксей Русецкі, які неаднаразова хадайнічаў перад духоўнымі ўладамі пра заахвочванне свайго добрасумленнага падначаленага. У выніку 30 ліпеня 1925 Шырма быў узнагароджаны стыхаром.

Дакладна вядома, што, будучы псаломшчыкам, Рыгор Шырма ўваходзіў у лік тых, хто праводзіў і падпісваў так званыя "Вобыскі шлюбныя" — адмысловыя сведчанні пра тое, што "жадаючыя ўзяць шлюб знаходзяцца ў добрым розуме, у сваяцтве духоўным ці цялесным не знаходзяцца і да шлюбу прыступаюць па сваёй згодзе і жаданню, а не па прымусу". З яго лёгкай рукі ўзялі шлюб Павел і Ксенія Дэмасюк (в. Тулоўшчына), Іван і Фёкла Старунь (в. Кацёлкі), Міхась і Марыя Баязлівец (в. Чахец), Мікалай і Алена Станкевіч (в. Шубічы), Макар і Ганна Дзмітруковіч (в. Смаляны), Ілля і Марыя Раманюк (в. Круглае), Мікалай і Лізавета Ціханчук (в. Куплін), Хведар і Лізавета Вакульчык (в. Зеляневічы), Мікалай і Вера Русіновіч (в. Сланімцы), Макарый і Алена Волчык (в. Доўгае), Зіновій і Хрысціна Патапчук (в. Аранчыцы), жыхар польскага горада Лодзь Аляксандр Лялёкін і жыхарка Пружан Анастасія Міклашэвіч і дзясяткі іншых сем’яў (паводле "Вобыску шлюбнага" за 1923–1926 гады). Апошняй парай, пад сведчаннямі якой распісаўся Рыгор Шырма, былі Васіль Аляксандравіч Карсак (в. Калядзічы) і Надзея Кандрацьеўна Кузьміч (д. Гарадняны). Акрамя таго, Шырма быў галоўным сведкам на вяселлі з боку нявесты Алены Аляксандраўны Рашчынскай (Пружаны), якая 24 лютага 1924 года ўступіла ў шлюб з Даніілам Лявонцьевічам Канарэйкам (Жабінка). Напэўна, лёс гэтых сем’яў склаўся паспяхова.

Таксама Рыгор Раманавіч прымаў актыўны ўдзел у выбарах ганаровых кцітараў Свята-Аляксандра-Неўскага Сабора Міхася Антонавіча Жукоўскага і Хведара Марцінавіча Маркевіча, і на правах псаломшчыка прысутнічаў пры дачы імі клятвавых абяцанняў (паводле Прысуду ад 6 снежня 1925 года).

Але сярод усіх дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах музея і датычацца пружанскага перыяду жыцця Рыгора Раманавіча Шырмы, найвялікшую цікавасць выклікаюць матэрыялы "Справы пра цудоўнае абнаўленне Іверскага абраза Божай Маці".

Невядомыя старонкі царкоўнай дзейнасці Р.Шырмы

Фрагмент дакументу па "Справе пра абнаўленне абраза" з заявамі відавочцаў цуду і з подпісам Р. Шырмы


Пра гэту дзіўную падзею, які адбыўся ў в. Гарадняны 30 снежня 1923 года, і пра масавы хросны ход з Гараднян у Пружаны, пісалася неаднаразова. Але ні разу не гаварылася пра той малітоўны подзвіг, які здзейсніў Рыгор Шырма са сваімі пеўчымі. Гэта было сапраўднае падзвіжніцтва. З "Рапарту ад 29 лютага 1924 года благачыннага Сабору епіскапу Палескаму і Пінскаму пра здзяйсненне хроснага ходу" вядома, што перад выхадам з Гараднян у хаце войта Паўла Бунаты, дзе і адбыўся цуд, была здзейснена ўсяночная па старажытным манастырскім. Служба вялася з 17 гадзін да раніцы наступнага дня, а з 7 гадзін пачаўся хросны ход. Абраз заносілі ў кожную хату, доўга затрымліваліся там, дзе знаходзіліся цяжка хворыя. Да горада падышлі апоўдні. Потым у саборы адслужылі літургію, якая "прайшла з вялікай урачыстасцю пры цудоўным і малітоўным спеве саборнага хору". Набажэнства скончылася ўвечары. Хор на чале з Рыгорам Раманавічам спяваў больш за суткі, увесь гэты час пеўчыя прастаялі на нагах, пры гэтым ніхто з іх не ўжываў ніякай ежы і вады, трымаючы абсалютны пост. За свае малітвы Шырма меў гонар стаць відавочцам шматлікіх цудаў, якія зыходзілі ад Іверскага абраза Божай Маці. У прыватнасці, на яго вачах 23 жніўня 1925 года пасля дакранання да абраза быў вылечаны ад глухаты селянін з вёскі Парасляны Майсей Васільевіч Казёл (54 гады), і псаломшчык засведчыў яго публічную заяву.

Невядомыя старонкі царкоўнай дзейнасці Р.Шырмы

Фрагмент дакументу па "Справе пра вылячэнне Майсея Казла" з подпісам Р. Шырмы


Служэнне Рыгора Шырмы ў Пружанскім храме працягвалася нядоўга. Па афіцыйнай версіі, агульны стан здароўя і сямейныя абставіны прымусілі Шырму прасіць Палескую духоўную кансісторыю вызваліць яго ад пасады псаломшчыка. Прашэнне было падпісана.

Далей пачалася вядомая ўсім віленская старонка жыцця Рыгора Раманавіча. Шырма заняўся актыўнай зборам фальклору і дырыжорскай дзейнасцю, узначаліў ТБШ, быў рэдактарам часопісаў "Летапіс ТБШ" і "Беларускі летапіс", пры гэтым не забываў пра землякоў. Ён часта прыязджаў у Пружаны, каб наведаць родных — жонку і дзяцей, якія з-за цяжкага фінансавага становішча вымушаны былі вярнуцца з Вільні. Наведваў і сваіх старых сяброў — пеўчых з саборнага хору. Некаторых з іх, у прыватнасці, Зінаіду Дзям’янаўну Ільяшэвіч, уладальніцу шыкоўнага сапрана, і Надзею Андрэеўну Салтруковіч, лепшага альта хору, запрашаў пазней у сваю знакамітую харавую капэлу. Дарэчы, іх дочкі — Чалядзінская Алена Фёдараўна і Ганчарка Кацярына Іосіфаўна (адпаведна) — больш за паўстагоддзя сваімі галасамі ўпрыгожвалі саборны хор.

Таксама вядома, што падчас знаходжання ў Пружанах Шырма сустракаўся са сваім спадкаемцам, новым псаломшчыкам сабора, Рыгорам Сіняком, і пераканаўшыся, што справа ўсяго яго жыцця знаходзіцца ў надзейных руках, перадаў яму шэраг сваіх рукапісных нот з рэдкімі мясцовымі напевамі, дзякуючы якім была закладзена трывалая аснова адмысловага нотнага спеву на Пружаншчыне. І кожны наступны рэгент лічыў сваім абавязкам прытрымлівацца прапанаванага Шырмай рэпертуару.

Дагэтуль у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы па вялікіх святах урачыста гучаць "Пружанская” Херувімская песня і "Шарашоўская” екценія.

Алена Зялевіч,
старшы навуковы супрацоўнік музея “Пружанскі палацык”


Крыніца: Новы час

Новости из этой категории

0 Комментариев