Ларыса Быцко: Не хачу, каб паміралі вёскі

Ларыса Быцко: Не хачу, каб паміралі вёскі

Амаль вымерлая вёска Стойлы пад Пружанамі атрымала «другое жыцьцё» пасьля рэалізацыі мясцовага праекту «Вясковы рэнэсанс». «Рухавіком» праекту стала Ларыса Быцко, якая за кошт набыцьця тут сядзібы і папулярызацыі памяці пра мясцовага майстра Міколу Тарасюка, літаральна кажучы, ажыцьцявіла рэнэсанс месца.

Пра тое, як праз батлейку адраджаецца вёска Стойлы, гутарым зь сёньняшняй «Госьцяй Рацыі» – гаспадыняй сядзібы «Стулы» Ларысай Быцко.

РР: Праект «Вясковы рэнэсанс» ажыцьцяўляўся пры падтрымцы нямецкай Асацыяцыі народных унівэрсытэтаў і аддзелу культуры Пружанскага райвыканкаму. Што атрымалася зрабіць у выніку?

Ларыса Быцко: У 2014 годзе я напісала гэты праект «Вясковы рэнэсанс». Мы зрабілі чатыры опцыі, чатыры актыўнасьці. Першая, мы труцілі работы Тарасюка ад шашаля. Гэта была вялікая праца. Другая, мы зрабілі мапу вёскі, як яна выглядала ў сярэдзіне XX стагодзьдзя. Я лічу, што кожная зьнікаючая вёска павінна мець падобную мапу. І я вельмі рада, што нашую ініцыятыву падтрымалі і як мінімум два чалавекі для сваіх вёсак падобнае зрабілі. І я з задавальненьнем падзялілася б зь людзьмі сваім досьведам. Бо гэта было складана прыдумаць. Пасьля мы зрабілі вялікі Крыж у гонар жыхароў вёскі. Бо на той момант, калі ў 2014 годзе мы ладзілі гэты праект, у нас афіцыйна быў адзін жыхар — гэта Мікола Тарасюк. Гэта было ўсё ў траўні, а ў студзені 2015 году ён памёр. І апошняя актыўнасьць была «Сьвята вёскі, якой няма» і называлася гэтае сьвята — «Я родам са Стойлаў». Нават калі б мы захацелі яшчэ раз зрабіць такое сьвята, яно, напэўна, ужо так не ўдалося б. Бо гэта было ня сьвята, а проста шчасьце. Папрыяжджалі людзі — выхадцы з нашай вёскі. І такім чынам нашая вёска пачала адраджацца. Гэта было апошняе сьвята Міколы Тарасюка — досыць вядомага чалавека, бо да яго прыяжджала шмат людзей і з розных краін.

РР: Пра спэктаклі батлейкі з драўлянымі фігуркамі ў выніку атрымаўся найлепшы варыянт рэпрэзэнтацыі спадчыны майстра Міколы Тарасюка. І візітная картка для вашай аграэкасядзібы. Якім жа чынам узьнікла батлейка ў Стулах?

Ларыса Быцко: Калі памёр Мікола Тарасюк — гэта было ўнікальнае пахаваньне. Бо мы хавалі апошняга жыхара вёскі. Прыехалі прыхільнікі ягонай творчасьці. Мы несьлі яго празь вёску на руках. Пасьля гэтага ўсяго я падумала: вось аграсядзіба ўжо ёсьць. А як я буду распавядаць пра Тарасюка? І ўначы я прысьніла гэты спэктакль. І я падумала, што гэты ўвесь люд Тарасюка — ягоныя скульптуры — гэта і ёсьць драўляны народ і гэта і ёсьць беларуская батлейка. І мы прыдумалі такім чынам спэктакль «Прытулак памяці». Я зацікавілася батлейкай, стала скурпулёзна вывучаць, езьдзіць на школы батлейкі. І мне сказала вядомая батлеечніца, спадарыня мастачка Ганна Выгонная, што трэба зрабіць клясычную батлейку: ты ня зробіш батлейку пра Тарасюка, не зрабіўшы клясычную. І мы з мужам зладзілі першую батлейку…

Цалкам гутарку слухайце на Радыё Рацыя.

Новости из этой категории