20 студзеня - 120 год з дня нараджэння Рыгора Шырмы

20 студзеня - 120 год з дня нараджэння Рыгора Шырмы
20 студзеня - 120 год з дня нараджэння Рыгора Шырмы

Рыгор Раманавіч Шырма (20 студзеня 1892, вёска Шакуны, Міхайлаўская воласьць Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер Пружанскі раён Берасьцейскай вобласьці) — 23 сакавіка 1978, Менск) — беларускі харавы дырыгент, фальклярыст, грамадзкі й музычны дзяяч, публіцыст, літаратуразнаўца. Вядомы пад псэўданімамі Р. Баравы, Вучыцель; крыптанімы: В. М.; В.-ч; Г. Ш.; Р. Ш.

Маладыя гады

Нарадзіўся ў вялікай сям’і, дзе сьпевакамі былі ўсе, пачынаючы з бондара дзеда Васіля па мянушцы Майстровіч. Добра сьпявалі дзянна Ганна Іванаўна Шырма, яе дачка Алеся. Лепшыя калыханкі хлопчык пачуў ад маці Тэадоры Дзям’янаўны. Таленавітым выканаўцам быў бацька Раман Васільевіч, які двойчы прызываўся ў царскую армію і ведаў даволі казацкіх, рэкруцкіх і салдацкіх песьняў. Адсюль пачалося захапленьне малога Рыгора роднай песьняй.

У 1904 употай ад бацькі з 15 капейкамі ў кішэні Рыгор адправіўся ў Пружаны, каб паступіць у гарадзкую вучэльню. Таленавіты хлопчык ужо праз год стаў лепшым вучнем, іграў на струнных інструмэнтах і ўдзельнічаў у аркестры і хоры вучэльні. Моцна ўразіла юнака тое, што ў хоры не сьпявалі беларускіх песьняў. Яшчэ большае абурэньне выклікалі шавіністычныя наскокі на родныя песьні, калі іх называлі перакручанымі расейскімі ці ўкраінскімі або ўвогуле адмаўлялі іх мастацкую каштоўнасьць.

Цягу Рыгора да народнай паэзіі заўважыў настаўнік літаратуры Манцэвіч. Ён і заахвоціў таго запісваць песьні. Спачатку гэта былі запісы ад Ганны Дудзейкі, у якой кватараваў юнак, пазьней і ад іншых сьпевакоў. У 1907, у час летніх вакацый, Рыгор Шырма пешшу адправіўся ў сваю першую фальклёрную вандроўку па Белавескай пушчы, дзе запісаў беларускія народныя песьні «Ой, не вылятай, сіва зязюлька», «Я з казаком стаяла», «Там за гаем». Але першай песеньніцай была бацькава сястра Захвея Васільеўна Хвораст зь вёскі Кацёлкі. Акрамя такіх выдатных народных песень, як восеньская «Ой, не вылятай, сіва зязюлька», Шырма запісаў ад яе радзінны і вясельны абрады. Пра багацьце паэтычнай душы цёткі Захвеі ён напіша ў 1941 годзе ў артыкуле «Выдатная песеньніца з народу». Калі фальклярыст назваў Захвеі Васільлеўне лічбу ў сто пяцьдзясят запісаных уласна ад яе песьняў, тая ўсклікнула: «Мусіць, я самая грэшная на сьвеце!» — «Чаму, бабко?» — «Бо ў нас ніхто столькі гэтых песьняў ня помніць, колькі я».

У час навучаньня на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Сьвянцянах у 1911—1912 Шырма праходзіць сальфэджыё, вучыцца іграць на скрыпцы, арганізуе настаўніцкі хор. Адначасова ён спрабуе запісваць мэлёдыі. Пасьля сканчэньня курсаў настаўнічаў у Лідзкім і Сьвянцянскім паветах. Больш плённа канцэртная работа працягнулася ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (1914), які на той час быў эвакуяваны спачатку ў Маскву і Яраслаўль, а потым у Варонеж (скончыў у 1918). Аднак ладзячы канцэрты, яго глыбока абражала тое, што ён ня мог знайсьці аніводнае апрацоўкі беларускае народнае песьні. Можа з тых пор ён і пакляўся запоўніць гэтую пустку ў нацыянальнай культуры беларусаў.

Настаўніцкая дзейнасьць

У канцы Першай сусьветнай вайны мабілізаваны ў войска. Адразу пасьля рэвалюцыі па накіраваньні Беларускага нацыянальнага камісарыяту едзе арганізоўваць школу ў вёсцы Навагольскай Новахапёрскага павету Варонескай губэрні Расеі, куды выехалі перад вайной ягоныя бацькі. Тут шматбакова раскрыўся талент Шырмы-пэдагога: ён выкладаў псыхалёгію, пэдагогіку і славеснасьць, адначасова загадваў валаснымі аддзеламі адукацыі і культуры (да лета 1922). «Сьветам свайго юнацтва» назваў яго навагольскі вучань, расейскі пісьменьнік, аўтар аповесьці «Белы Бім Чорнае вуха» Гаўрыла Траяпольскі.

На другі год існаваньня школы Рыгора Шырму прызвалі ў Чырвоную Армію. Але калектыў вучняў напісаў пісьмо Н. К. Крупскай, і неўзабаве школьнікі зноў былі разам са сваім любімым настаўнікам.

Заходнебеларускі пэрыяд

Улетку 1922 вярнуўся ў родныя Шакуны Пружанскага павету і адразу актыўна ўлучыўся ў палітычную дзейнасьць. Калі Шырма адмовіўся запісацца палякам, яму забаранілі займацца настаўніцкай працай. «Ніякіх беларусаў няма, — гаварылі там польскія шавіністы, — гэта выдумка менскіх бальшавікоў».

Каб пракарміць сям’ю (у іх з жонкай Клаўдзіяй Іванаўнай Раеўскай 22 верасьня нарадзілася дачка Алена), Рыгор вымушаны быў шукаць працу і напрыканцы 1922 року прыняў прапанову стаць рэгентам хору пружанскага Аляксандра-Неўскага сабору.

У такіх умовах Шырма арганізаваў у Пружанах хор (у 1924), запісвае народныя песьні і заахвочвае да гэтае працы здольных людзей, ладзіць канцэрты, пераносіць на заходнебеларускую глебу «Беларускія вечарынкі». Каб паліцыя не магла іх забараніць, яны праводзіліся пад выглядам «Вечароў славянскай песьні», а ў праграму ўключаліся і польскія народныя сьпевы. Хутка выступы хору і імя ягонага кіраўніка становяцца вядомымі ў Заходняй Беларусі.

Паваротным для Шырмы стаў канцэрт у Пружанах, на якім прысутнічаў правадыр стотысячнай Грамады — рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі ў Заходняй Беларусі — Браніслаў Тарашкевіч. Пазнаёміўшыся з фальклёрнымі запісамі зьбіральніка, сам вядомы філёляг, Тарашкевіч убачыў у Шырме чалавека, здольнага ўзначаліць культурна-асьветную працу, якая ва ўмовах Заходняй Беларусі набыла характар вострай сацыяльнай барацьбы.

У 1925 Шырма нарэшце атрымаў польскі пашпарт і атрымаў дазвол на выкладаньне ў пачатковых школах Закону Божага. У 1926 пераехаў у Вільню. Працуе ў сакратарыяце Грамады, выхавацелем у інтэрнаце для хлопчыкаў Віленскай беларускай гімназіі. З 1926 — выкладае ў гімназіі сьпевы і арганізуе хор. Будучы паплечнік і найбольш пасьлядоўны вучань Шырмы, арганізатар Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору БССР Г. І. Цітовіч напіша:

1926 год… Мая першая віленская восень. Бязмэтна блукаю па квадраце сьціснутага манастырскімі сьценамі двара. І раптам з напаўадчыненага акна палілася беларуская народная песня, за ёю другая, трэцяя. Чымсьці родным, блізкім дыхнула на мяне. «Сасна»? Ды гэтую ж песьню і ў нас сьпяваюць… Але тут прыгажэй! «Перапёлачку» я ўжо слухаю ў зале, захаваўшыся ў далёкім вугалку, — таму што перад хорам строгі рэгент… Закончылася гэта генэральная рэпэтыцыя, і куды дзелася сур’ёзнасьць кіраўніка. Ён стаіць цяпер з дабрадушнай усьмешкай у акружэньні моладзі, а тую дзяўчыну, што запявала «Зязюльку», па-бацькоўску нават па галоўцы пагладзіў. Ад выходзячых я даведаўся, што гэты рэгент — Шырма, беларускі пясьняр. Сказалі гэта, ды яшчэ на мяне насьмешліва: маўляў, хто ты такі, што Шырмы не знаеш!

Каб захаваць Шырму для культурна-асьветнай легальнай працы (па Рыскай дамове Польшча абавязалася захаваць культурную аўтаномію нацыянальных меншасьцяў), Б.Тарашкевіч рэкамэндаваў яму не ўступаць афіцыйна ні ў Грамаду, ні ў КПЗБ. З 1927 Шырма ўзначаліў Таварыства беларускай школы і заставаўся сакратаром Галоўнай управы аж да забароны арганізацыі ў 1936. За гэты час ён аб’ехаў усю Заходнюю Беларусь, наладжваў усюды гурткі ТБШ і хоры, школы зь беларускай мовай навучаньня, дапамагаў ставіць спэктаклі. Адначасна служыў яшчэ й рэгентам у віленскім Катэдральным саборы.

Усюды, дзе б ні бываў Шырма, ён не забываў запісваць народныя песьні, для чаго нястомна адшукваў таленавітых сьпевакоў. Шырма не спыняўся толькі на запісе народных песень, а шукаў кампазытараў, якія б апрацавалі іх. Ня маючы магчымасьці зьвярнуцца да музыкантаў Савецкай Беларусі, ён знайшоў выдатных майстроў — расейскага кампазытара А.Грачанінава ў Парыжы і ўкраінскіх А.Кошыца і М.Гайваронскага ў Ню-Ёрку. Атрыманыя ад іх і К.Галкоўскага апрацоўкі адразу правяраліся ў хорах гімназіі ў другой палове 20-х і Беларускага саюзу студэнтаў у 30-я гады. Апошні, заснаваны Шырмам у 1931, пасьля таго, як зь ім стаў выступаць выдатны саліст-інтэрпрэтатар родных песень Міхась Забэйда-Суміцкі, стаў выдатнай мастацкай зьявай у Заходняй Беларусі.

Акрамя таго, Р.Шырма ўдзельнічаў у дзясятках зьездаў ТБШ, прачытаў сотні лекцыяў па беларускай культуры, выступіў са шматлікімі канцэртамі, быў выдаўцом зборнікаў беларускіх песьняў, папулярнага ў Заходняй Беларусі паэта Міхася Васілька, Сяргея Крыўца, прапагандаваў творчасьць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая. Рыгор Раманавіч першым разглядзеў магутны талент удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху М.Танка, адклаў выданьне сваіх фальклёрных запісаў і на ахвяраваныя грошы выдаў першы «пабіты шматкроп’ямі» і адразу ж канфіскаваны зборнік паэта «На этапах».

Узрослая папулярнасьць Р. Р. Шырмы яшчэ ў сярэдзіне 20-х гадоў непакоіла польскую санацыю. Спачатку яна дабілася яго звальненьня з пасады настаўніка гімназіі «за наладжваньне камсамольскіх ячэек» (1928), тройчы арганізоўвала судовыя працэсы ў першай палове 30-х, спрабавала спакусіць «цёплым месцам» за згоду выйсьці з кіраўніцтва ТБШ. Аднойчы віленскі ваявода нават прапанаваў Шырму прадаць фальклёрныя запісы, каб перакласьці іх і выдаць як польскія, на што зьбіральнік гнеўна адказаў: «Каб перакласьці народныя песьні, трэба геній Адама Міцкевіча, а так як у вас яго няма, то гэта будзе тое самае, што абліць гэты белы абрус атрамантам!» У адказ на абвінавачаньні ў камунізаваньні ТБШ Шырма сьмела заявіў на працэсе 1933 году: «За вашымі пышнымі судзейскімі тогамі я бачу свае паляшуцкія сьвіткі, дзеля асьветы якіх мы працуем, і з гэтага кірунку нас не саб’е ніхто і ніколі». Ад бясьсільля паліцыя пайшла нават на правакацыю, выпусьціўшы фальшыўку, што Шырма зьяўляецца агентам дэфэнзывы, ды прагрэсіўная грамадзкасьць на яе не паддалася. Судовыя акцыі, перасьледы цягнуліся да далучэньня Заходняй Беларусі да БССР. Сядзеў у вядомай турме «Лукішкі».

Зь літаратуразнаўчымі артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у друку з 1933 году. У 1933 разам з Ф. Стацкевічам пачаў выдаваць часопіс «Летапіс ТБШ» (з 1936 «Беларускі летапіс»). Наладжваў беларускія музычныя перадачы на польскім радыё, супрацоўнічаў са сьпеваком М.Забэйдам-Суміцкім. У сярэдзіне 1930-х адным зь першых дзеячоў культуры падтрымаў праграму Народнага фронту, актыўна супрацоўнічаў як публіцыст з народнафронтаўскай газэтай «Наша воля».

Выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі «Беларускія народныя песні» (1929) і «Наша песня» (1938).

Савецкі пэрыяд

Ужо 1 лістапада 1939 году Шырму ўручылі мандат на стварэньне прафэсійнага калектыву. Шырма зьбірае вакол сябе таленавітых сьпевакоў, у тым ліку і многіх былых удзельнікаў віленскіх хораў, і пачынае мэтанакіраваную працу зь імі ў Беластоку. У канцы 1940 Беларускі ансамбль песьні і танцу пад яго кіраўніцтвам зь вялікім посьпехам выступае ў Менску, а ў траўні 1941 — на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. У 1955 ансамбль атрымаў назву Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларускай ССР. У 1978 капэле нададзенае імя Рыгора Шырмы.

У 1941 арыштаваны, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены па хадайніцтве Я. Коласа перад П. Панамарэнкам.

Вайна застала калектыў у Арле. У час вайны артысты гастралявалі на Кузбасе і Ўрале, давалі канцэрты ў шпіталях. У ліпені 1944 ансамбль вярнуўся ў Менск. З восені 1944 калектыў (у 1950 перайменаваны ў Дзяржаўны хор БССР) плённа працуе ў Горадні.

У 1952 Дзяржаўны хор пераяжджае ў Менск, а ў 1955 бліскуча выступае на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, пасьля якой Р. Шырму было прысвоена званьне Народнага артыста БССР.

У 1966—1978 старшыня праўленьня Саюзу кампазытараў БССР і сакратар праўленьня Саюзу кампазытараў СССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 4 — 9 скліканьняў (1955—1978). Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1966 году.

Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.

Узнагароды

Народны артыст БССР (1949), Народны артыст СССР (1955), Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1946). Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сьцяга, «Знакам Пашаны», баўгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія II ступені, мэдалямі. Ляўрэат Дзяржаўных прэмій БССР за канцэртна-выканаўчую дзейнасьць (1966) і за «Беларускія народныя песьні ў апрацоўках для хору» (1974).

Ушанаваньне памяці

Імя Рыгора Раманавіча Шырмы носяць Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР, малая зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Пружанская музычная школа і Берасьцейскі музычны каледж. У сярэдняй школе №150 г. Менску з харавой спэцыялізацыяй створаная прысьвечаная яму экспазыцыя, а ў вёсцы Шакуны, на радзіме Р. Р. Шырмы, створаны яго мэмарыяльны музэй. У Менску на доме, дзе ён жыў, устаноўленая мэмарыяльная дошка.
20 студзеня - 120 год з дня нараджэння Рыгора Шырмы

Дом у Менску на плошчы Незалежнасьці, у якім жыў Рыгор Шырма


Адна з цэнтральных вуліц гораду Пружаны носіць ягонае імя, а ў 2008 імем Рыгора Шырмы названая вуліца і ў Менску.

Творы

Сабраў больш за 2 тысячы беларускіх народных песень.

* «Беларускія народныя песні» (1929)
* «Наша песня» (1938)
* «Беларускія народныя песні, загадкі і прыказкі» (1947)
* «Беларускія песні» (1955)
* «Школьны спеўнік» (1957)
* «Выбраныя песні з репертуару Дзяржаўнага хору БССР» (1958)
* «Дзвесце беларускіх народных песень» (1958)
* «Беларускія народныя песні» (т. 1, 1959; т. 2, 1960; т. 3, 1962; т. 4, 1976)
* «Спявае Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР» (1966)
* «Беларускія народныя песні (для хору)» (т. 1, 1971; т. 2, 1973)[5]
* «Песня — душа народа: Публіцыстыка; Фальклёр; Музыка; Літаратура: 1929—1939; 1944—1974» — Мн., 1976;
* «Песня — душа народа: З літаратурнай спадчыны.» Мн., 1993.

Крыніца: Вікіпедыя

Новости из этой категории

2 Комментария

  • 20.01.2012
    10:45
    fals

    Сёньня таксама спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча, беларускага грамадзка-палітычнага дзеяча, мовазнаўцы, перакладчыка, публіцыста, акадэмік АН БССР (1928), стваральніка беларускага правапіса, які атрымаў назву «тарашкевіца», растралянага ў 1938-ым годзе «двойкай» НКВД і Пракуратуры СССР.Як бачым, ("Паваротным для Шырмы стаў канцэрт у Пружанах, на якім прысутнічаў правадыр стотысячнай Грамады — рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі ў Заходняй Беларусі — Браніслаў Тарашкевіч. Пазнаёміўшыся з фальклёрнымі запісамі зьбіральніка, сам вядомы філёляг, Тарашкевіч убачыў у Шырме чалавека, здольнага ўзначаліць культурна-асьветную працу, якая ва ўмовах Заходняй Беларусі набыла характар вострай сацыяльнай барацьбы."), Тарашкевіч быў знаёмы з Шырмай і бываў у Пружанах.Ня ведаю, ці варта напісаць пра яго на Pruzhany net?..

  • 20.01.2012
    18:17
    Зьміцер

    На партале ТУТ БАЙ у раздзеле "Культура" размешчаны артыкул "Это мы. Наш Ширма", дзе выкладзенае ўнікальнае відэа з архіваў Беларусі. Было б цікава, каб адміністрацыя Пружаны нэт змагла размясціць яго ў сябе на сайце...