Беларуская глыбіня. Пракаповіч на Полі цудаў

Беларуская глыбіня. Пракаповіч на Полі цудаў
Беларуская глыбіня. Пракаповіч на Полі цудаў


А той, хто атрымаў адзін талент, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго.
Мацьвея 25:18


Паўз дарогу зь берасьцейскай трасы на Пружаны — бясконцыя чароды яблыневых садоў. Дрэўцы маленькія, прыгожанькія — казка. «Галяндзкія», — са знаўствам кажуць тутэйшыя. Але чые?

— Пракаповіча, як чые?

М-м-м. Канечне. Вядома, што колішні кіраўнік Нацбанка Пятро Пятровіч Пракаповіч з гэтых краёў… Авой, якая цацачная імпартовая тэхніка!

— Ну, гаспадаркі Нацбанка. Не глядзі так: ягоныя. Ягоныя!

А далей вёсачка Казлы, адкуль Пятро Пятровіч родам, — альпійскай прыгажосьці.

Пытаньне, чыімі высілкамі і коштам у Пружанах у 2003-м адбыліся рэспубліканскія «Дажынкі», пабудаваныя лядовы палац, гатэлі і аквапарк, павісае ў паветры. Здаецца, увесь тутэйшы глямур, мадэрнізацыя і іншая бліскучая дарагоўля моўчкі глядзяць на вас эўрапакетамі — праз знакамітыя акуляры нашага Маркіза дэ Карабаса.

Народжаны ў 1942-м на Пружаншчыне (між іншым, тады тэрыторыя Трэцяга Райху, Райхскамісарыят «Украіна»), Пракаповіч карыстаецца паўсюднай павагай палешукоў. «Дзядзька — во! — кажуць. — Ціхі такі, маўчыць, слухае, усіх выслухае, а пасьля — хоп і агучвае адзіна правільнае рашэньне». Проста цар Саламон, калі ўлічваць фотасэсіі каля залатых збліткаў.

Хм.

Толькі калі Пятро Пятровіч такі харошы, чаму ж ён не ў апазыцыі?

Пакуль адзін вядомы Пракопавіч пракопваў дарогу да ўлады праз плошчу і турэмныя сьцены — наш Пракаповіч закопваў гэту самую ўладу, канвэртаваную ў беларускія рублі, сярод тутэйшых тарфянікаў. Грошы, надрукаваныя для ўсёй Беларусі, вывозіліся ў Пружанскі раён, на запаветныя палі паміж Белавескай і Ружанскай пушчамі, пагружаліся ў беларускую глыбіню — і крэкс, пэкс, фэкс! — з гэтых пяці пасеяных сольда праклёўваліся… не, чамусьці не залатыя дрэвы з манэтамі 585-й пробы замест лісьця, але такія наліўныя — нішто сабе — галяндзкія яблычкі, аграсядзібы, дзівосныя лісы Алісы, каты Базыліё ды скарасьпелыя алігархі.

На калгасы, куды ў свой час запампоўвалі тыя самыя сотні мільёнаў даляраў эмісійных нацбанкаўскіх грошай, узятых проста з паветра («Айчына», «60 гадоў БССР», які пружанцы называлі «60 гадоў без ураджаю», былы «Савецкі», а цяпер «Жураўлінае», скляпанае з пяці гаспадарак «Ружаны-Агра»), люд глядзіць з сумесьсю зайздрасьці і пагарды. Зласловяць: калі згары сыпаліся «залатыя», хадзілі гогалем ды трэсьлі вясёлкавай статыстыкай. Гаспадары! А цяпер, калі Пятровіч сышоў, і пустыя рублі гукнуліся ўсёй краіне, спахапіліся — як жыць?!

Хтосьці казаў: «Дзе грошы, Саша?» Але надта цікаўным бурацінам, якія любяць соваць свой доўгі востры нос у прыгожыя намаляваныя палотны, каб даведацца, што ж там, за даматканым агмянём насамрэч, можна толькі параіць быць больш асьцярожнымі: таямніцы Маркіза дэ Карабаса ахоўваюць пракуратура, міліцыя і невядомыя ў цывільным з незапамінальнымі рысамі твару.

Калісьці Сапегі, Радзівілы, Абрамовічы ды Храптовічы таксама ўкладалі багацьце ў сваю зямлю — дагэтуль іхнія палацы ды сядзібы, фундаваныя імі цэрквы і касьцёлы трымаюць на сваіх плячах неба па-над Беларусьсю.

А што застанецца тут ад Пятра Пятровіча?

Невыпадкова пасьля адстаўкі Пракаповіча заўважылі на экскурсіі ў Ружанах, дзе паціху аднаўляецца замак Сапегаў

У рэшце рэшт, і такіх цяперашніх магнатаў, як Пракаповіч, або берасьцеец Аляксандар Машэнскі (што спансаруе будаўніцтва храмаў ды мінскае хакейнае «Дынама), або бярозаўскі алігарх Юры Чыж (што ўтрымлівае «Дынама» футбольнае), ці піцерскі прадпрымальнік зь беларускімі каранямі Мікалай Бурнас (што адбудаваў у Пушчы сядзібу «Белавежтур») — цягне і рана ці позна зацягвае беларуская глыбіня.

Бо ўсім, усім нам ляжаць у гэтай балоцістай, дзе пясчанай, дзе сугліністай, дзе тарфяной зямлі — праху, адкуль мы ўзятыя і куды вернемся — у чаканьні Прышэсьця. Заміраць. Прыслухоўвацца, як расьце трава. Як цябе топчуць, памінаюць і забываюць… Ляжаць ціха-ціха, быццам закапаным талантам, па якія ўрэшце сапраўдным Гаспадаром прыйдзе і спытае з кожнага па справах ягоных Госпад Бог.

Наша Ніва

Новости из этой категории

1 Комментарий

  • 14.01.2012
    19:38
    Renessaince

    Да артыкулу варта дадаць цэтлікі «Павал Севярынец», «Беларуская глыбіня», «Пётар Пракаповіч», «Наша Ніва».