Мядовая прэмія-2011

Мядовая прэмія-2011
Мядовая прэмія-2011
Алесь Зайка. Фатаздымак з http://vushasti.livejournal.com/184536.html

Апошнія гады ўсё часьцей уручэньне Мядовай прэміі адбываецца «на выезьдзе», так бы мовіць — яна сама прыяжджае да ляўрэата. Сёлетняя імпрэза прайшла 13 студзеня на Івацэвіччыне, адкуль родам і Алесь Зайка, і сам Мікола Папека.

Ці не ўпершыню ў арганізацыі ўрачыстасьці прынялі ўдзел мясцовыя ўлады: у прадастаўленым памяшканьні косаўскай бібліятэкі сьпяваў фальклёрны калектыў Мілейкаўскага Дому культуры, прысутнічаў намесьнік старшыні райвыканкаму, які прамаўляў на чысьцюткай беларускай мове. Ну а аздабленьнем залі займаўся ўласна заснавальнік прэміі. Сярод вядомых гасьцей былі таксама літаратары Алесь Каско (першы ляўрэат Мядовай прэміі), Мікола Пракаповіч, Аляксей Філатаў (яшчэ адзін ляўрэат), Вінцэсь Вашэка (таксама з Івацэвіччыны)…

Цікава, што прэмію Алесь Зайка атрымаў нават не за грунтоўную 35-рочную працу па зьбіраньні матэрыялу для выдадзенага напрыканцы 2011 року «Дыялектнага слоўніку Косаўшчыны». Некалькімі месяцамі раней у менскім выдавецтве «Логвінаў» выйшла кніга мініятураў, абразкоў, апавяданьняў Зайкі «Дым з коміна». Свой выбар Мікола Папека абгрунтоўвае «шчырасьцю, лёгкасьцю, зь якой напісаны гэты твор».

Мядовая прэмія-2011
Акрамя пуда мёду, пераможца атрымоўвае памятны дыплём. Фатаздымак «Эўрарадыё»

Віншаваньні ад: ужо згаданага раней намесьніка старшыні райвыканкаму Аляксандра Велікасельца; даўняга Зайкавага знаёмага Міколы Пракаповіча, зь якім яны разам ладзілі і запісвалі праграму «Вячоркі»; сяброў; пісьменьнікаў; і ад шмат, шмат якіх іншых людзей гучалі чыста па-беларуску. Косаўшчына даўно не памятала падобнай беларускай імпрэзы! Самая смачная літаратурная прэмія знайшла свайго чарговага ляўрэата.

Ну а ён на дасягнутым спыняцца не зьбіраецца. У плянах Алеся Зайкі выданьне «Мікратапанімікі Косаўшчыны», «Паселішчаў Івацэвіччыны», «Фразэалягічнага слоўніку Косаўшчыны», «Прымавак і прыказак Косаўшчыны»… Хочацца пажадаць яму доўгіх гадоў жыцьця дзеля зьдзяйсьненьня ўсіх гэтых жаданьняў, а таксама зьяўленьня (альбо праяўленьня, калі ўжо ёсьць) падобнага рупліўца ў нас, на Пружаншчыне.

Новости из этой категории

1 Комментарий

  • 14.01.2012
    19:36
    Renessaince

    Ну нарэшце. Эксклюзыўныя матэрыялы варта зьмяшчаць як мага хутчэй, тым болей калі пра гэта ніхто яшчэ ня ведае. Толькі такім чынам pruzhany.net зможа прэтэндаваць на званьне навінаснага сайту. Калі ласка, дадайце да артыкулу наступныя цэтлікі: «Мядовая прэмія», «Мікола Папека», «Алесь Зайка», «Косава».