Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах
Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

Выпускная кляса гімназіі (1936)

Дзяржа́ўная вышэ́йшая гімна́зія імя́ Ада́ма Міцке́віча (па-польску: Wyższe Gimnazjum Państwowe im. A. Mickiewicza) — 8-міклясная адукацыйная ўстанова Пружаны ў міжваеннай Польшчы. Дзейнічала ў 1922—1939 роках, выкладаньне вялося па-польску.

Мінуўшчына
Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

Пячатка Пружанскай гімназіі

Пасьля адыходу Заходняе Беларусі да Польшчы сярэднія школы пачалі зьяўляцца і на гэтай тэрыторыі. Аднак бліжэйшыя ўстановы, якія б давалі магчымасьць па яе заканчэньні паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, знаходзіліся толькі ў Кобрыню ды Берасьці. Таму мясцовыя шляхцічы, заможныя жыхары, жыды ды чыноўнікі пачалі ўздымаць пытаньне пра стварэньне падобнае ўстановы і ў Пружане. Канчатковае рашэньне было прынятае пасьля бурнае дыскусіі. Вырашылі ствараць тут гімназію матэматычна-прыродазнаўчага тыпу за кошт сродкаў места.
Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

Будынак гімназіі ім. Адама Міцкевіча ў Пружане. 1925 р.

21 верасьня 1922 року магістрат атрымаў дазвол ад кураторыюму Палескай школьнай акругі. Гімназія разьмясьцілася ў выкупленым драўляным будынку па вул. Стражацкай, 9. Дырэктарам прызначаны Зьбігнэў Нячай-Хрузевіч, створаныя тры клясы (IV, V, VI). 3 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыцьцё гімназіі.

1 кастрычніка 1923 пастановаю Міністэрства веравызнаньняў і публічнай асьветы (польск. Ministerstwo Wyznań Religijnych i Oświecenia Publicznego) пераўтвораная ў вышэйшую матэматычна-прыродазнаўчую гімназію.

6 лістапада 1923 гімназія атрымала назву «Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружане» (польск. Państwowe Wyższe Gimnazjum im. A. Mickiewicza w Prużanie). У 1923—24 навучальным року ў гімназіі навучаліся 74 вучні і 75 вучаніц; існавалі 5 вышэйшых клясаў (ад IV да VIII) і адна паралельная. У 1924—25 займаліся 93 вучні і 90 вучаніц.

З 2 кастрычніка 1924 тып гімназіі зьменены на гуманітарны. Напрыканцы таго ж року дырэктарам гімназіі быў прызначаны Ўладыслаў Ціхоцкі , прафэсар II дзяржаўнай гімназіі ў Жэшаве.

Напачатку гімназія месьцілася ў адным драўляным будынку, пасьля пружанскі магістрат адрамантаваў і перадаў у выкарыстаньне гімназіі цагляны будынак па вуліцы Стражацкай ( за савецкім часам Пажарная; не захавалася).

З пачаткам 1925—26 навучальнага року былі адчыненыя тры ніжэйшыя клясы. Колькасьць вучняў вырасла да 297, зь іх 140 хлопцаў і 157 дзяўчат. З прычыны недахопу памяшканьняў для ўзрослай колькасьці гімназыстаў навучаньне адбывалася ў дзьве зьмены. Аднак дзякуючы захадам бацькоўскага камітэту непадалёк было знойдзенае дадатковае памяшканьне, і ўжо ў наступным року навучаньне вернутае на ранейшую схему.

У 1932 року бацькоўскі камітэт збудаваў побач новы двухпавярховы будынак, які мог зьмясьціць усе клясы, прасторную залю і калідор. Агульная плошча гімназіі склала 967 метраў квадратных;.
Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

У цяперашні час на месцы будынку гімназіі плошча

З прыходам Саветаў гімназія была пераўтвораная ў сярэднюю школу, а ў 1940 року частка пэдкалектыву гімназіі па абвінавачаньні ў контаррэвалюцыйнай дзейнасьці была сасланая на пасяленьне ў Калпашава Томскай вобласьці і Казахстан.

Адразу па сканчэньні вайны ў будынак пераехала першая беларуская сярэдняя школа Пружанаў, створаная ў 1941 року. Пазьней у ім разьмяшчаўся Дом піянэраў. Будынак быў зруйнаваны ў пачатку 1990-х рокаў падчас узьвядзеньня новага Палацу культуры.

Навучаньне

Навучаньне было платным, 22 000 злотых у рок; аплата ўносілася двума часткамі — за першае і другое паўгодзьдзе. Аднак для дзяцей дзяржаўных службоўцаў і настаўнікаў існавала шмат ільготаў, ажно да поўнага вызваленьня ад аплаты. Таму такіх дзяцей у гімназіі было найбольш, а найменш — сялянскіх, якія ня мелі сродкаў для аплаты навучаньня. Частка жыдоўскіх дзяцей займалася ў жыдоўскай школе ля плошчы, бо там яны мелі магчымасьць вывучаць старажытна-габрэйскую і сучасныя замежныя мовы (у тым ліку ангельскую), якія ў гімназіі не выкладаліся.
Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

Гімназісты

Заняткі пачыналіся 1 верасьня, сканчаліся напрыканцы чэрвеня. Паводле праграмы дзяржаўных установаў матэматычна-прыродазнаўчага тыпу выкладаліся:

* польская і замежныя (нямецкая, лацінская) мовы;
* матэматыка;
* прыродазнаўства;
* фізыка;
* гісторыя;
* рымска-каталіцкая, праваслаўная і юдэйская рэлігіі — для адпаведных катэгорыяў вернікаў;
* гімнастыка;
* сьпевы;
* маляваньне;
* гігіена;
* ваенная падрыхтоўка.

Усе гімназісты абавязаныя былі насіць школьную форму ўсталяванага ўзору: хлопцы — мундзірыкі цёмна-сіняга колеру з баваўнянай тканіны, дзяўчаты — спаднічкі ў складачку і блузкі з доўгімі рукавамі. На левым рукаве была нашыўка са знакам гімназіі, на сьпінжаках — пазнакі клясы. На галовах хлапцы насілі капелюшы са значкамі з намаляванай лямпадкай на тле кнігі; дзяўчаты — такія самыя бярэты.

У выпадку хваробы або іншае прычыны неабходна было ў 24-гадзінавы тэрмін паведаміць пра немагчымасьць прысутнічаць на занятках. Калі вучань адсутнічаў на занятках болей за 8 дзён без тлумачэньняў, яго выключалі з гімназіі. Пасьля 8-й гадзіны вечара гімназістам забаранялася выходзіць на вуліцу.

На заднім двары гімназіі была разьмешчаная спартовая пляцоўка, дзе ладзіліся гімнастычныя заняткі, гульні ў валейбол, рэгбі, баскетбол, футбол, трэніроўкі ў кіданьні кап’я, ядра.

У гімназіі дзейнічала вучнёўская бібліятэка, якая напрыканцы 1927/28 навучальнага року мела 1810 працаў, 2120 кніг. Настаўніцкая бібліятэка налічвала 819 працаў, 829 тамоў.
Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

Валейбольная каманда

Выхаваўчая праца таксама ладзілася праз гурткі і клюбы:

* паляністычны
* нямецкай мовы
* матэматычны
* гістарычны
* драматычны
* марыянскае братэрства
* гуф вайсковай падрыхтоўкі
* мужчынскі і жаночы хоры
* зьмяшаны аркестар
* хлапечая і дзявочая харцарскія дружыны імя Завішы Чорнага
* шахматны
* авіяканструктарскі

Выдавалася насьценгазэта «Наш шлях» (выйшла 13 нумароў).

Стаўленьне да беларускай мовы

Раіса Жук-Грышкевіч згадвала, што нягледзячы на родную беларускую мову, у школе яны размаўлялі па-польску:
« У школе мы, дзеці, гаварылі па-польску, але як толькі высыпалі на вуліцу, усё зашчабятала па-свойму. »

Раіса Жук-Грышкевіч, На адзін кароткі момант у Пружаны // «Раённыя будні». — 4 верасьня 1993. — С. 3.

Пасьля «вывядуўкі» (наведаньня школы) бацька аднаго з вучняў дзяліўся ўражаньнямі з дамашнімі: «Настаўнік польскай мовы сказаў, што калі мы ня будзем дома гаварыць па-польску, то дачка ня скончыць школу».

Падчас аднаго з апытаньняў вучняў ім задавалі пытаньне пра родную мову. Усё адказвалі «родны ензык — польскі», толькі адна дзяўчынка назвала роднай беларускую мову. Пасьля таго, як пан прафэсар ня здолеў пераканаць вучаніцу, што яе родная мова не беларуская, а польская, прапанаваў назваць лепей роднай расейскую, «бо яна прыгажэйшая». На што дзяўчынка ня вытрымала і адказала: «Запішыце, што француская: яна, кажуць, найпрыгажэйшая!»

Штандар гімназіі

Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

Штандар гімназіі з выявай Вастрабрамскай Божай Маці

На 17 рок існаваньня гімназіі было прынятае рашэньне стварыць для гімназіі штандар. У распрацоўцы малюнку прымалі ўдзел вучні гімназіі, а сшылі штандар мясцовыя манашкі ў канцы 1938 або пачатку 1939 року. Пасьля асьвячэньня ў касьцёле ён быў урачыста пранесены па вуліцах.

З аднаго боку на штандары была выяўленая Маці Божая Вастрабрамская, зь іншага — белы арол і словы зь верша заступніка гімназіі Адама Міцкевіча «Песьня» — «Ojczyzna, Nauka, Cnota» (бел. Айчына, навука, дабрадзейнасьць). Міцкевіч быў асабліва шанаваны ў павеце з прычыну цеснай сувязі рэгіёну зь Вільняй.

У верасьні 1939 року штандар захоўваўся ў працоўнай майстэрні. Па прыходзе Саветаў было вырашана схаваць штандар, бо існавала небясьпека ягонага зьнішчэньня з прычыны таго, што на ім была выяўленая Маці Божая Вастрабрамская. За часам нямецкай акупацыі штандар захоўваўся ў доме прафэсара гімназіі Базана, які пасьля пакінуў Пружану разам з адыходзячымі нямецкімі войскамі, выехаўшы ў Седльцэ. Тут штандар зьнік, і доўгі час пра яго нічога не было вядома.

Нечакана праз шмат рокаў ён знайшоўся ў Дзяржонюве, падкінуты сыну прафэсара Базана Веславу. Гэтую гісторыю прафэсар і распавёў на трэцім спатканьні выпускнікоў пружанскае гімназіі ў Дарлуўку(pl) ў 1987 року. Цяпер штандар захоўваецца ў сям’і Веслава.

Вядомыя вучні

Гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружанах

Выпускнікі гімназіі перад матурай. Другая справа ў ніжнім шэрагу — Раіса Жук-Грышкевіч

* Ігар Балабушэвіч — настаяцель Петрапаўлаўскай царквы ў Мокрым, Ільінскага храму ў Хараве
* Васіль Гарустовіч — хірург, правёў больш за 20 000 апэрацыяў
* Раіса Жук-Грышкевіч — дзяячка беларускай эміграцыі, жонка прэзыдэнта БНР Вінцэнта Жука-Грышкевіча
* Міхаіл Мартынюк — прафэсар, доктар фізычна-матэматычных навук, ганаровы доктар Расейскага ўнівэрсытэта дружбы народаў
* Сэрафін Міхалеўскі — філёляг, сябра Акадэміі навук Польшчы
* Уладыслаў Найбіч — афіцэр авіяцыі, кавалер ордэну «Віртуці Мілітары»
* Валянтына Пашкевіч — навукоўца, дзяячка беларускай эміграцыі
* Людвіка Прэс — прафэсарка археалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэта
* Уладыслаў Ягела — генэрал брыгады Войска Польскага

Беларуская вікіпедыя

Новости из этой категории

3 Комментария

  • 26.12.2011
    00:13
    Хмара

    Да, нашай гімназіі далёка да такога ўзроўню, бо яна, нават, і не рухаецца ў гэтым накірунку!

  • 26.12.2011
    01:27
    Renessaince

    Наконт узроўню ня ведаю. А вось з пункту погляду беларусаў што адна, што другая гімназіі ня надта паважліва ставіліся/ставяцца да беларускай мовы.

  • 26.12.2011
    18:39
    Хмара

    Жэстачайшэ ЗГОДНЫ!