Беларуская глыбіня. Віскулі

Беларуская глыбіня. Віскулі
Беларуская глыбіня. Віскулі

Ісус спытаўся яго:
«Як тваё імя?»
Той сказаў: «Легіён»,
бо шмат дэманаў
увайшло ў яго.

Лукі 8:30


Друзлы ўсходні чалавек з чорнымі вачыма купляе ў нас на складзе ў Купліне жалезьзе.

— Герой, — ціхенька піхае мяне локцем галоўны інжынэр Максімавіч, — ваяваў у Прыбалтыцы, Югаславіі, Чачэніі…
— Што, праўда? — пытаюся.
— Ну.
— Як у францускім «Замежным легіёне»?
— Легіёне? Ну так, як у легіёне.
— І людзей забівалі?
— А як і ўсе.
— І цяпер пайшлі б?
— Канечне.
— А чаму?
— Я прысягу даваў.
— Каму, Савецкаму Саюзу? Дык Савецкага Саюзу ўжо няма.

Друзлы ўсходні чалавек ускідвае на мяне чорныя-чорныя вочы і бахае ва ўпор:
— А што, лепш каб туды Амэрыка ўлезла?!

Разваліўся, рассыпаўся СССР, а яго асколкамі, вінцікамі і цэлымі мэханізмамі, быццам запчасткамі нейкага гіганцкага кібарга-трансформэра, Беларусь дагэтуль проста кішыць.

Савецкі Саюз зьнік роўна 20 гадоў таму. Тады назва маленькай вёсачкі Віскулі ў Пружанскім раёне, у глыбі Белавескай пушчы, зь нясьцерпным віскам успарола ўвесь сьвет. Тое, што не ўдалося ніводнаму магутнаму ворагу савецкай імпэрыі, раптам адбылося ў Беларусі.

Калі чуеш «Віскулі», увушшу — рэзкае вясковае рэха: дзень, калі б’юць кабана. Ён крычыць, раве знадрыўна, аж душу выварочвае — і сьвіньні па ўсёй вёсцы пачынаюць масавы суладны віск. Пералівісты, шматгорлы, дзікі, у гулкім марозным паветры асабліва жудасны. Віскулі на ўсё навакольле. Як у Эвангельлі, калі Ісус выгнаў легіён бесаў з вар’ята ў гурт сьвіней, і тыя ашалелі, «і кінуўся гурт з урвішча ў мора, і патануў».

Днямі праз Пушчу пусьцілі новую дарогу — Брэст—Гародня. Прыгажосьць. Краявіды. Падземныя пераходы ў месцах міграцый жывёлаў. Турыстычныя знакі. Ціха, урачыста. І ніхто не вішчыць.

Пушча, заўсёднае, з часоў Вітаўта, логвішча загнаных беларусаў — змоўшчыкаў, канфэдэратаў, паўстанцаў, партызанаў, сховішча Ўрублеўскага, Харэўскага, Рагулі, Урбановіча; радзіма Нямцэвіча, Карпінскага, Крашэўскага, Панятоўскага… Месца грандыёзнага забою зуброў і ласёў для Вялікай вайны перад Грунвальдам; паляўнічы рай Жыгімонта Аўгуста, Мікіты Хрушчова, Леаніда Брэжнева; зямля, зрытая на невымерную глыбіню сакрэтнымі бункерамі і ракетнымі шахтамі.

Толькі ў глыбокіх беларускіх лясах ды балотах магчыма было ўтапіць такую аграмаду зла.

Памятаю: мне чатырнаццаць, за акном бела-бела, сьветла-сьветла ад сьнегу, сьвежа-сьвежа, і навіна: СССР больш няма. Беларусь.

Маленькі, утульненькі паляўнічы дамок. Крыштальныя кілішкі. Сьветлы, сьвежы бел-чырвона-белы сьцяжок. Упалявалі-такі зьвера!

Векавечны напеў, далячыняў смуга
У чаканьні зары, што заблішча
сьляпушча…
Як свая мне твая векавая туга,
Белавеская пушча,
Белавеская пушча!


А такое ж хараство, асабліва ў сьнежні!

Ох, як сёньня хочацца ім, чыё імя легіён, каб ані Белавескай пушчы, ані таго сьнежаньскага дня не было ніколі! Саюзная дзяржава… Мытны саюз… Эўразійская эканамічная прастора… Эўразійскі саюз… І агукаецца: Віскулі, Віскулі, Віскулі!

Зноў імпэрыя? Ласкава запрашаем у Белавескую пушчу.

З часоў Бабілёнскай вежы чалавецтва будуе калясальныя імпэрыі, а Госпад іх разбурае. Сьветла, ціха і лёгка. СССР, найвялікшая ў гісторыі бязбожная імпэрыя, была разбураная ў Беларусі гэтак жа, як і калісьці Эгіпецкая, Асірыйская ці Рымская: надыходзіць час, і з подыхам духу спаруды людской пыхі рассыпаюцца ў прах.

Чалавечая веліч вечна пнецца адгарадзіцца ад свабоды, любові і праўды бэтоннымі сьценамі, бункерамі, грудамі зброі і горамі трупаў. Але на зямлі ёсьць месца, дзе ў туманнай смузе, цудам, быццам прывіды, зьнікаюць цені і сьцены, змрок і страх, лютасьць і самае зло — і, як тады, у Гадарынскай краіне на беразе Галілейскага мора, людзі раптам спыняюцца перад пранізьлівым адчуваньнем: тут Бог.

-----------------------
Павал Севярынец, Куплін
«Наша Ніва» №45 (738) 7 сьнежня 2011. — С. 12.

Новости из этой категории

2 Комментария

  • 12.12.2011
    10:28
    fals

    Цікавы экскурс у гісторыю і цікавыя параўнанні прыводзіць Павал...

  • 13.12.2011
    00:44
    Renessaince

    Асабліва добра, што гарманічна згадвае пры гэтым славутых асобаў, ураджэнцаў, жыхароў ды проста якім-небудзь чынам зьвязаных з Пружаншчынай. Зьяўляецца дадатковы стымул: «Паша ведае, а я чаму не?»