Беларуская глыбіня. Папараць-людзі

Беларуская глыбіня. Папараць-людзі
Беларуская глыбіня. Папараць-людзі

Дзе скарб ваш,
Там будзе і сэрца вашае.
Мацьвея, 6:21


«Паша, вітаю. Так, Паша, чаму ўчора не тэлефанаваў? Табе што, нічога не патрэбна?»

Гэта — Анатоль Сахаруша з Малеча, за 15 км ад Купліна. У любы дзень, час сутак, любое надвор’е ён падкіне машынай гасьцей або возьме іх на начлег, даставіць сьвежую прэсу, прывязе любую дробязь. За шэсцьдзясят, сівы, але бадзёры, жвавы, усьмешлівы, спадар Анатоль родам з Сяльца — таго самага, адкуль сваякі Ўладзімера Высоцкага і Алеся Разанава, з ваколіцаў якога сям’я Андрэя Макарэвіча і матуля Анатоля Папанава.

Пасьля падаўленьня Праскае вясны 18-гадовы слухач «Свабоды» Сахаруша задаў выкладчыку вучэльні пытаньне, якое паставіла на вушы тутэйшы аддзел КДБ: «Што за студэнты выйшлі ў Маскве на Красную плошчу пратэставаць супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну?» Бацькоў настрашылі, прыймач даручылі сканфіскаваць.

Дыплямаваны аграном, Сахаруша сышоў з калгасу, бо ня мог трываць бязглуздага гаспадараньня. Уступіў у Фронт ды заснаваў мясцовую газэту «Крыніца». І жыхары, і чыноўнікі ведаюць: калі што — да Сахарушы. Тыя, хто ўчора хаяў «бэнээфаўца», сёньня прызнаюць: Анатоль, а ты меў рацыю!

Прыглядаюся, прыслухоўваюся — і чую ў ягонай гаворцы разанаўскі задуменны рытм і хрыплую праўду Высоцкага, і бачу шырокую Макарэвічаву ўсьмешку.

Галоўны беларускі скарб — глыбокія людзі, з роду ў род закопваныя ў глебу, утоптваныя ў твань, топленыя ў балотах — раптам прарастаюць, як у легендах альхіміі, расцьвітаюць і зьзяюць неверагоднымі цудамі. Беларуская глыбіня дала чалавецтву Дастаеўскага і Міцкевіча, Касьцюшку і Шагала, Быкава і Пазьняка, і цяпер тоіць тысячы самаахвярных праведнікаў і ціхіх геніяў.

Мы шукаем іх, быццам папараць-кветкі, кожны ў сваім гушчары.

Ня тры кіты, не вэртыкальныя слупы ва ўладзе, не наглядчыкі з Масквы, Піцера ці Менску — а глыбокія беларусы, па пояс ці грудзі ў дрыгве, дзякуючы ім Беларусь дагэтуль не апусьцілася ў багну. Людзі, у якіх беларускасьць глыбокая-глыбокая — часам як крыніца, часам як студня, часам як бездань. Ці ведаем мы іх?

Зь якіх, зарытых тут стагодзьдзі таму, сьпеўных генаў прабіўся Юры Давідзюк, эвангельскі вернік, паэт, аўтар гімну Кобрыня і прадусар маленькага фэнамэнальнага Данілы Казлова з «Эўрабачаньня»?

Адкуль у Пінску, дзе за веданьне свайго краю ссылалі, расстрэльвалі і закопвалі паглыбей у зямлю, зьявілася Алена Лагун, унікальны гід — арыентуецца на Берасьцейшчыне як ва ўласнай хаце, праводзіць экскурсіі і для дэмакратаў, і для начальства, і для замежных турыстаў выключна па-беларуску?

Ці ведаеце Алеся Янушкевіча, пружанскага каваля (выліты Дастаеўскі на выгляд), што робіць брамы, агароджы ды іншае мэталёвае аздабленьне ажурным, бы лісьце белавескіх лясоў, гаспадара «Майстэрні мэталавырабаў» (ах, як прымушае страпянуцца сэрца на ўезьдзе ў былы вайсковы гарадок Куплін беларускамоўная шыльда)?

Ці чулі пра Міколу Ільлючыка зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну, аўтара пранізьлівай кнігі вершаў «Шматкроп’е кропель» і хрысьціянскіх сьпеваў, запісаных з сям’ёй і эвангельскай грамадой на дыскі «Мэлёдыя душы» і «Паміж небам і зямлёй»?

Ці знаёмыя вы з сям’ёй Малашчанкаў, баранавіцкіх прадпрымальнікаў, прыхаджанаў грэка-каталіцкай царквы, якія дамагліся, каб іхняя Яся склала асобны беларускамоўны першы кляс, адзіны на ўвесь горад, і іхнім сьвятаром, айцом Яўгенам Маліноўскім, аўтарам кнігі «Парусія», які выкладае філязофію па-беларуску ў Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце?

А няўжо зь беларускай горычы вырас унікальны пчаляр зь Лінова, што на Пружаншчыне, археоляг і краязнаўца Мікола Папека, які вось ужо дзявяты год уручае літаратурную прэмію Берасьцейшчыны — 1 пуд мёду?

І ці не з пасеяных касьцей паўстанцаў XIX ст., пахаваных у тутэйшых пушчах, паднялося і зацьвіло папараць-цуда ў лясной вёсачцы Дварэц на Дзятлаўшчыне, дзе Натальля Ляўкевіч, выдатная настаўніца з клюбу «Спадчына» выхоўвае беларускасьць і хрысьціянскую культуру ў маленькіх вяскоўцаў? Зьбіраюць грамадою ягады, здаюць, а грошы пералічваюць на рахунак «Краязнаўчай газэты», што задыхаецца без падтрымкі. Чуеш «Магутны Божа» і вершы Багдановіча ад пяціклясьнікаў і думаеш, якой прыгажосьці пазбаўлены мільён беларускіх дзетак у сучасных школах…

Калі ў беларускай глыбіні вам раптам спаткаецца чалавек з глыбокімі вачыма, у якіх дрыжыць неба і мігцяць зорачкі, — прыгледзьцеся больш пільна: можа быць, гэта скарб, схаваны на ўзьмежжах, зарослых верасам і дрымотнікам балотаў, той самы скарб, які прарасьце і зазьзяе адвечнай папараць-кветкай у час, вызначаны Госпадам Богам.

Павал Севярынец, Куплін
«Наша Ніва» №44 (737) 30 лістапада 2011. — С. 12.

Новости из этой категории

0 Комментариев