Рыцары, АМАП, шашлыкі з гарэлкай: фэст «Ружанская брама» прайшоў у палацы Сапегаў. Фота

Рыцары, АМАП, шашлыкі з гарэлкай: фэст «Ружанская брама» прайшоў у палацы Сапегаў. Фота
Пяты фэст «Ружанская брама» ў палацы Сапегаў
Пяты фэст «Ружанская брама» ў палацы Сапегаў
 
Сотні чалавек зьехаліся з розных рэгіёнаў Беларусі ў Ружаны на фэст «Ружанская брама», які адбыўся ўжо пяты раз. Тры папярэднія гады мерапрыемства не праводзілася, бо не ставала сродкаў, якія выдаткоўваліся на ранейшыя фэсты з раённага бюджэту.

У адрозьненьне ад мінулых фэстаў, сёлетняя праграма была больш насычаная забавамі для дзяцей — шмат карусэляў, гушкалак ды іншых атракцыёнаў. Не абышлося і без традыцыйных для масавых гуляньняў сталоў ад спажывецкіх таварыстваў з продажам шашлыкоў ды алькагольных напояў.

Гандаль чорнай керамікай на фэсьце
Гандаль чорнай керамікай на фэсьце

 

Прадаваліся сувэніры — вырабы народных майстроў, сярод якіх плеценыя капелюшы, досыць рэдкая чорная кераміка. Адзін з гандляроў прапаноўваў вайсковую форму часоў СССР.

З больш традыцыйных для палацу Сапегаў забаваў былі выступы рыцарскіх клюбаў. З рыцарамі маглі падужацца любыя жадаючыя, а чалавек апрануты ў сярэднявечнага ката прапаноўваў прысутным закаваць галаву і рукі ў драўляныя кайданы.

Фальклёрныя калектывы з розных рэгіёнаў Берасьцейшчыны прадстаўлялі сваю творчасьць са сцэны каля асноўнага корпусу палацу, пасьля іх выступіў расейскі фольк-гурт «Партызан FM», у выкананьні якога, у прыватнасьці, у палацы Сапегаў прагучала ўлюбёная казацкая песьня «Любо, братцы, любо...» Бясплатна для гледачоў выступіў і беларускі гурт «Без білета».

АМАП на ўваходзе на тэрыторыю палацу
АМАП на ўваходзе на тэрыторыю палацу

 

Меры бясьпекі таксама адрозьніваліся ад мінулых фэстаў. На ўваходах на тэрыторыю палацу стаялі амапаўцы, якія выбарачна правяралі торбы наведнікаў. Пляцоўка перад сцэнай была агароджаная, а на ўваходзе таксама стаялі амапаўцы.

Як распавяла ў часе прэсавай канфэрэнцыі намесьніца начальніка аддзелу ідэалягічнай працы Пружанскага райвыканкама Тацьцяна Ярошка, сёлета мясцовыя ўлады ажыцьцявілі ініцыятыву «Павышэньне турыстычнага патэнцыялу пасёлка Ружаны» у межах праекту «Садзейнічаньне разьвіцьцю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Эўразьвязам і рэалізуецца Праграмай разьвіцьця ПРААН.

«Раней фэст праводзіўся толькі зь мясцовага бюджэту. Гэта першы раз, калі Эўразьвяз нас падтрымаў з нашай ініцыятывай, і калі Эўрапейскі Зьвяз дае фінансаваньне на „Ружанскую браму“. Канешне, і свой уклад у нас, таксама, значны. Шыкоўнае сьвята з дапамогай заўсёды лепей ладзіцца. Калі партнэры зацікаўленыя робяць адну агульную справу, то гэтая справа ўдаецца заўсёды. А ў нас тут шмат партнэраў і кожны выконвае свой пэўны кавалак працы. І супольна атрымоўваецца прыгожае сьвята — „Ружанская брама“, якое і чакае турыст. На дадзены момант у нас ёсьць рашэньне, што фэст будзе праводзіцца адзін раз на тры гады,» — апавяла Ярошка.

Спаборніцтвы з рыцарамі ў палацы Сапегаў
Спаборніцтвы з рыцарамі ў палацы Сапегаў

 

 

На фэсьце выступілі многія фальклёрныя калектывы зь Берасьцейшчыны
На фэсьце выступілі многія фальклёрныя калектывы зь Берасьцейшчыны

 

«Сярэднявечны кат» прапаноўваў усім ахвочым закавацца ў кайданы
«Сярэднявечны кат» прапаноўваў усім ахвочым закавацца ў кайданы

 

Многія госьці былі ў вышыванках
Многія госьці былі ў вышыванках

 

Вялікім попытам карысталіся фота з рыцарамі
Вялікім попытам карысталіся фота з рыцарамі

 

Гандаль формай часоў СССР
Гандаль формай часоў СССР

 

У часе фэсту можны было і выпіць, і закусіць...
У часе фэсту можны было і выпіць, і закусіць...

 

...і патанчыць
...і патанчыць

Новости из этой категории

0 Комментариев