Да 200-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага… дабіваюць яго спадчыну

Да 200-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага… дабіваюць яго спадчыну
Да 200-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага… дабіваюць яго спадчыну

На месцы капліцы Крашэўскіх: рэштки ад цынкавай труны

На палях ляжаць фрагменты трунаў і цэглаў са склепа Крашэўскіх, разбураюцца фундаваныя Крашэўскімі храмы. Іх сядзіба ў Доўгім памерла па другому разу – зачыненая і прыходзіць у заняпад калгасная ферма, у падмурак якой высыпалі друз ад дома Крашэўскіх. Між тым дом планавалі аднавіць…

Юбілей самага вядомага Крашэўскага, Юзафа Ігнацыя, будзе адзначацца летам 2012 году. Каля вёскі Доўгае знаходзяцца парэшткі сядзібы Крашэўскіх, у якой прайшлі дзіцячыя гады пісьменніка, выдаўца, песняра Літвы. Сядзібу разбуралі ў некалькі прыёмаў: пасля “вызвалення” (1939) года і пасля вайны (1945). Зараз гэта зарослыя куколлем курганкі друзу і камення і тры зваяваныя трыснягом сажалкі. На месцы гаспадарчых пабудоваў поле. Яно сама нядаўна паглынула і падмуркі капліцы са склепам праз шашу. На полі раскіданыя цэглы і фрагменты цынкавых трунаў.

Капліца Крашэўскіх

Краязнавец Мікалай Ваўчок, настаўнік гісторыі на пенсіі, родам з вёскі Доўгае, бывае тут наездамі. Ён распавядае:

Усё магутным бульдозерам у кучу зграблі. Я патэлефанаваў у сельсавет, у Палацык [Пружанскі раённы музей – regionby.org]. Дайшло там да аддзела культуры. Кажу: буду біць трывогу, што гэта такое? Хачу, каб вы хоць рассунулі назад. Няхай пакуль так будзе. Аднак потым прыехаў і бачу: роўная мясцовасць. А мне загадалі маўчаць.

Пра капліцу, пабудаваную на пачатку 19-га стагоддзя, спадар Ваўчок ведае ўсё:

– Абраз там быў цудатворны. Пра гэта сведчаць самі Крашэўскія. Па-першае, аднойчы яны ўбачылі, што ў капліцы ноччу свецяцца вокны. Расчынілі дзверы – а ў капліцы ўсе свечкі гараць. Хваробы, якія былі ў сялян ці ў Крашэўскіх, пасля малітвы ў капліцы праходзілі.

Падлетак Міколка Ваўчок быў сведкам таго, як грузілі друз ад разбуранага дома для падсыпкі калгаснай фермы. Каля пагрузчыка дзеці тады знайшлі медальён пані Крашэўскай, які цяпер захоўваецца ў абласным краязнаўчым музеі.

Як прыклад іншага стаўлення краязнавец называе… часы нямецка-фашыстоўскай акупацыі. “Немцы даведаліся, хто разрабаваў дом пасля адыходу Чырвонай Арміі. Патрымалі месяц у Пружанскай турме і расстралялі”. Краязнавец не перастае звязваць лёс дома Крашэўскіх і капліцы ля дарогі. Мікалай Ваўчок:

Пасля 1863 года (паўстанне Каліноўскага) ўзнікла пытанне канфіскацыі гэтага маёнтка, паколькі Крашэўскія ўскосна ўдзельнічалі. Яны сябравалі са Шлыкоўскім з Пружан і, як сведчаць мясцовыя жыхары, як перадавалася з пакалення ў пакаленне, яны тут хавалі зброю. Кажуць, што хтосьці з Крашэўскіх накіраваўся да рымскага Папы. Маўляў, як быць з капліцаю, бо яна падпадае пад канфіскацыю, а там святы абраз. А Папа нібыта сказаў, што Багародзіца сама сябе абароніць. І на тую пару абараніла.

Крашэўскі як антыпрарок

Паэт-пчаляр Мікола Папека, які жыве непадалёку, не падзяляе веры ў цуды. “Доказы – вось яны, на полі!” Перакладаючы паэму Крашэўскага “Сялянка”, ён прыйшоў да высновы, што аўтар аказаўся антыпрарокам:

Крашэўскаму ў страшным сне не снілася, што можа здарыцца такое. У паэме ён шмат піша пра пахаванні людзей. Спачувае беднякам, якія ляжаць цесна, галава да галавы, чэрап да чэрапа. Ганарыцца тым, што ў яго ёсць свая зямля, свой склеп, што ў гэтым склепе вельмі добра будзе ляжаць, прасторна… Амаль праз 200 гадоў пасля яго нараджэння адзін са склепаў, дзе былі пахаваныя двое блізкіх яго родзічаў, сцёрты з твару зямлі, а цэглы і рэшткі трунаў расцяганыя па полі.

Іншыя аб’екты спадчыны Крашэўскіх

Краязнаўцы паказалі таксама занядбаную “першую ў Беларусі мураваную вясковую царкву” каля вёскі Стары Куплін, дзе быў яшчэ адзін маёнтак Крашэўскіх. І гэты помнік, і званніца побач у стадыі незваротнага разбурэння

Да 200-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага… дабіваюць яго спадчыну

Краязнавец Мікалай Ваўчок: пан Крашэўскі плаціў сялянам за кожны камень у падмурак.

Непадалёку знаходзіцца руіна мураванага амбара 19-га стагоддзя з рэдкаснымі скляпеннямі. Яшчэ нядаўна ён быў цэлы. Мясцовыя марадзёры сцягнулі дах, часткова разабралі сцены.

Да 200-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага… дабіваюць яго спадчыну

Царква і званніца ў Старым Купліне.

Чырвоная цэгла пачала разбурацца. Чаму не ўзялі той цэглы на закінутай ферме непадалёку? – не можа зразумець Мікола Папека.

На пляцы перад сядзібай у Доўгім зрабілі пясчаны кар’ер для падсыпкі дарог, кажа Мікола Ваўчок. Быццам месца другога не было. Цяпер там вялізная яма, куды звальваюць смецце. Вады ў ёй больш, чым у старых сажалках маёнтка побач, дзе пасяліліся бабры.

“Вось гэты бугор, зарослы дрэвамі – гэта таксама падмурак капліцы маёнтка ў Старым Купліне. Але фермер Тарасевіч не схацеў заворваць гэты востраў, як тыя “калектыўныя гаспадары” каля Доўгага”, – кажа Мікола Папека.

Высновы

Да 200-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага… дабіваюць яго спадчыну

Вокладка кніг “Конспекты по Ю.И. Крашевскому” і і пасляслоўе.

У кнізе “Конспекты по И.Ю. Крашевскому”, афіцыйным выданні да 200-годдзя з дня народзінаў вялікага земляка, дырэктар Пружанскага музея “Палацык” Юрый Зялевіч выказвае спадзяванне, што на месцы руінаў дома ў Доўгім паўстане “белы домік пад гонтавым дахам, з таполямі перад фасадам – музей Юзафа Крашэўскага”.

Да 200-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага… дабіваюць яго спадчыну


Спадар Зялевіч напэўна антыпрарок. Нават тое, што ёсць, знішчаецца дазвання.

Даведка: Юзаф Ігнацый Крашэўскі (28.07.1812 – 19.03.1887). Паэт, гісторык, выдавец. Нарадзіўся ў Варшаве, дзяцінства правёў у вёсцы Доўгае ля Пружан. Памёр у Швейцарыі, пахаваны ў Кракаве. Нашчадак беларускага шляхецкага роду. Найбольш пладавіты пісьменнік польскай літаратуры. Многія з яго больш за 600 кніг прысвечаныя Вялікаму Княству Літоўскаму. Вучыўся, у тым ліку, у Свіслацкай гімназіі. За ўдзел у паўстанні 1830 – 1831 года сядзеў у Віленскай турме. Пасля 1863 года жыў у Дрэздэне. Быў зняволены прусакамі за выданне вольналюбівай газеты і высланы ў Швейцарыю.

Крыніцы:
Беларускія рэгіянальныя навіны
Еўрарадыё

Новости из этой категории

0 Комментариев