«Ноч вышыванкі» ў Пружанскім палацыку. Фотарэпартаж

«Ноч вышыванкі» ў Пружанскім палацыку. Фотарэпартаж

Парадаваўся, што так супала: паказваў ў Пружанах  27 траўня сваю кнігу «Шчупакабра» і вылавіў заадно такую вялікую рыбіну, як фэст у палацыку пана Швыкоўскага.

Напачатку людзей не было многа. Ды стараннямі гурта “Смаляначка” з бліжняй вёскі Смаляніца дадалося. Заўзятыя цёткі ў абрамленні двух дзядзькоў, гарманіста ды бубнача,  на самых немагчымых інструментах (свісьцюлька з гліны, дубовы рабрысты валок для халоднага разгладжвання тканіны, ручная трашчотка) так боева спявалі народныя песні, што неўзабаве, бы магнітам прыцягнуты, прычаліў аўтобус турыстаў з Польшчы. Свята вышыванкі выхліснулася за сцены Палацыка. Таньчылі нават дзеці.

1.Ноч вышыванкі

2

Хто стамляўся, мог пайсці ў гасцінную хату, зладжаную пры канцы музейнай экспазіцыі, і гаспадыня за смешныя пяць тысяч (!!!) налівала гербаткі або чорнага чаю ды надзяляла дзвюмя лустамі караваю.

Ахвотным на месцы выраблялі вышыванкі: за “танней, чым у Мінску” сам пан дырэктар тыпаграфіі браў белую або цёмную тэніску і пурпурнай фарбай спачатку набіваў на прэсе, а потым замацоўваў гарачым дыханнем фена ўзоры на любую замову: і жаночыя (плоднасці), і мужчынскія (сілы), і грашавітыя, і фартовыя, і проста жыццядайныя. Вось якое багатае значэнне ў беларускага арнамента!

3

4

5

6

7

Дырэктар палаца-музея Юрый Зялевіч патлумачыў: “Хацелася гэтым святам паказаць, што маем не абы якую культуру. Запрасілі на “Ноч вышыванкі” тры гурты, “Смаляначка”, “Бабіна лета” з Аранчыц ды “На таку” з Мінска, а з імі валанцёры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства на разведку прыехалі, улетку будуць рабіць у нас экспедыцыю. Майстры даюць майстар-класы. Ды і акрамя сённяшняга фэста, у нас ёсць што паглядзець. Так што ласкава запрашаем”.

12. Юрый Зялевіч

Юрый Зялевіч

Прайшоў ад тыпаграфіста вышыванкі  ў наступны пакой — а там гліняны посуд, пасвісцёлка ляжыць. Слова за слова — аказалася, Віталь Раманоўскі ёсць аўтарам некалькіх класічных скульптур, якія вырабіў для Ружанскага палаца Сапегаў. Паказаў мне іх на планшэце — гэта сама дасканаласць! І прызямліў маё рамантычнае здзіўленне жартам: “Гаршэчнік не можа быць скульптарам, а вось скульптару рабіць гаршкі, свісцёлкі — не праблема!”. Аказалася, у маладога пружанца класічная мастацкая адукацыя.

18

Віталь Раманоўскі

11

Дзядзька робіць вышыванку!

На майстар-класах рамесніцы паказвалі, як рабіць класічныя абярэгі-матанкі. Набіваюцца тканевыя пустыя ўнутры накруткі — фігуркі без вачэй — крупой новага ўраджаю і ставяцца на год у покут. “Пярловая крупа гэта сытасць. Але можна і рысу. Любая крупа спрыяе, каб быў у хаце хлеб, і да хлеба”, — падзялілася майстрыха. На сталах у жанчын матаначкі невялікія, як у кулак узяць. “Але раней іх бачкавацейшымі рабілі. Можна было, пры нястачы, стуль узяць паесці, або на пасеў”.  Але як на ўлюбёны абярэг, які трымае дома, жанчына паказала на лупаценькага дамавіка з “прэзідэнтамі” у цупкіх ручанятах.

13. Неразлучнікі

Абярэг “Неразлучнікі”

8

9

Суседка падняла мне насустрач пару вялікіх, як Сялец і Паперня,  вачэй і — дзве лялькі на адной палачцы па лініі рук. Абярэг “НЕРАЗЛУЧНІКІ” — гэта добры  падарунак сямейным парам, — на вяселле, але можна і потым. “А калі пойдуць дзеці, то да гэтых двух вялікіх давешваюць малых ніцяных “марцінічкаў””.

10

Дзяўчатам вышыванка пасуе

А яшчэ гэтым вечарам у “Палацыку” можна было пагартаць кнігі нашых выдавецтваў. У гэтай сама вялікай зале звяртала на сябе ўвагу абсалютна ўнікальная выстава з асабістай калекцыі мінчука Уладзіміра Крукоўскага. Ілюстрацыі да класічнай беларускай літаратуры — літаграфіі, малюнкі, афорты, лінарыты, эскізы братоў Басалыгаў ды Шаранговічаў, Валерыя Славука, Арлена Кашкурэвіча, Яўгена Куліка ды іншых лепшых беларускіх графікаў.

19

15

20

У дольнай малой зале не толькі як германіст і знаёмы парадаваўся за сусветна вядомага пружанца Васіля Сёмуху, узнагароджанага за пераклады нямецкай літаратуры на беларускую мову ордэнам Федэратыўнай Рэспублікі Германія. Тут выстаўлен ягоны наробак — перакладзеныя з тузіна моў свету кнігі, дакументы, фота.

Яшчэ адно радаснае адкрыццё чакала мяне ў адным з залаў першага паверха — “драўляны народзец” нядаўна спачылага мясцовага разьбяра-ветэрана і даўгажыхара Міколы Тарасюка знайшоў у Палацыку годнае прыстанішча. Вось яны, людзі гэтай зямлі — працуюць на пабудове хаты, рэжуць свінню, спраўляюць свята. А вось паліцыя ці міліцыя выводзіць, пэўна,  паводле рашэння суда, з хлява карову, забірае майно. Карцінкі жыцця…

16

17

Тарасюковы “драўляныя людзі”

На перапынку пагаварыў з адным з польскіх гасцей. “Мы ўжо сёмы дзень у Беларусі. Турфірма маршрут робіць. Былі ў Нясвіжы, Міры, Наваградку, у Белавежскай пушчы. Ліцэісты гэтым разам едуць. Ім падабаецца. Адно што на Захад нам валтузні менш ехаць — ні дакументаў вырабляць, анічога — сабраўся і паехаў. Шкода, што ёсць межы”.

Свята ідзе, а жыццё вымалёўвае ўжо іншыя перспектывы! “Праз тыдзень прымаем штогадовы фестываль “Рэха даху”, — кажа Юрый Зялевіч. Сёлета больш сціплы фармат, будуць Цімафей Авілін з “Этнаастраноміяй”, Наста Хмель, персаналка Алеся Родзіна і выстава “Роднае” брэсцкага мастака Уотізнэйм (Whatisname).  Спадар Юрый толькі напалову пагаджаецца, што фальклорныя гурты выглядаюць не вельмі ў панскім як-ніяк палацы. “Дык  паны і самі часам апраналіся ў народныя строі. Але калі што, дык на лугавіну, перад палацам,  пасадзіць каго хочаш можна”. І ён згадвае вельмі ўдалы, з яго меркавання, апошні  канцэрт брэсцкага гурта “Сад” (я не быў; папярэдні, які па-мойму, быў “вельмі”, Зялевіч ацаніў як “не надта”). Абмяркоўваем так і няздзейсненую ідэю правесці ў  Пружанах рок-спабор Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. “Можам паменшыць фармат, каб не занадта шмат удзельнікаў, вылучыць двух “хэдлайнераў” Слэм, спабор — гэта, можа, і занадта, але ідэя жывая”, — кажа ініцыятар “Ночы вышыванкі”.

Дарэчы, вышыванак у Палацыку наштампавалі многа. Камерцыйную таямніцу выведаць не ўдалося, але чарга стаяла цэлы вечар.

Па дарозе дахаты падумалася: а ну каб у нас у свой час захавалася заходееўрапейская “антывертыкальная” панада засноўваць універсітэты ў невялікіх гарадах! Гейдэльберг, Касэль гэта амаль мястэчкі, але маюць імя! І жыццё людзей было б больш ураўнаважаным, чым у перанаселеных тлумных “сітіз”, вялікіх гарадах, і такім дынамічным рэгіянальным цэнтрам культуры, як пружанскі Палацык, было б лягчэй аказаць гэту неацэнную паслугу культуры.

Яўген Бяласін

Фота аўтара

 

Крыніца: www.bk-brest.by

Новости из этой категории

0 Комментариев