Пружанскі палацык у Вікіпэдыі

Пружанскі палацык у Вікіпэдыі
Рэдагаваць артыкулы (у тым ліку і пра палацык, і пра Пружану, і нават пра ейны герб) можа кожны.
Так-так, менавіта гэтым адрозьніваецца Вікіпэдыя ад традыцыйных энцыкляпэдый. Для гэтага не абавязкова нават рэгістравацца. Праўда, мы-то з вамі ведаем на прыкладзе PRUZHANY.NET, што зарэгістравацца ўсё ж лепей: зьяўляецца шмат дадатковых магчымасьцяў. fellow

Дзякуючы рухавічку «вікі» рэдагаваць артыкулы надзвычай проста.
Амаль так сама проста, як дадаць навіну на галоўную старонку парталу горада Пружаны альбо зрабіць запіс у блёгу на Ўордпрэсе (хаця не, апошняе крыху цяжэй). Знайшлі літаратуру — адрэдагавалі артыкул — праглядзелі перад захаваньнем — і вашыя зьвесткі ўжо дасяжныя ўсяму сьвету! Галоўнае пры гэтым не перапісваць усю кнігу/артыкул/вэб-старонку даслоўна (па-першае, гэтак нецікава, а па-другое, гэтыя тэксты могуць ахоўвацца аўтарскімі правамі), а ў астатнім вам дапамогуць сталыя ўдзельнікі Вікіпэдыі. Так што баяцца зрабіць артаграфічную або стылістычную памылку ня варта: мы ўсе там засвойваем нешта новае. winked

Дарэчы, пра тое, навошта гэта рабіць.
Пра палацык зразумела й так: даведаўшыся, што гэта ўнікальная дзейсная сядзіба, яго цяпер наведаюць значна болей людзей з усяе Беларусі. Калі не фізычна, дык прынамсі завітаюць на вэб-бачыну. Хаця чаму ж толькі зь Беларусі? Вікіпэдыя ў дадзены момант існуе на 279 мовах, і калі перакласьці артыкул на іх… Ці прынамсі ў найвялікшыя разьдзелы: ангельскі, нямецкі або францускі (3 найбольшыя моўныя разьдзелы Вікіпэдыі, кожны зь якіх мае болей за мільён артыкулаў).

Пішучы або чытаючы Вікіпэдыю, вы адначасна (магчыма, самі таго не заўважаючы) пашыраеце свой кругагляд. Ня раз здаралася, што чытаючы адно, зачапіліся вокам за незнаёмае слова і пайшлі раскручваць клубок. Немалая доля ўдзельнікаў пры гэтым шукае зьвесткі ня толькі на адной мове: а раптам у суседзяў ужо ёсьць падобны артыкул, толькі больш поўны? Дык чаму б не перакласьці яго на беларускую мову? Вядома, гэтак таксама можна рабіць: гэта ж вольная энцыкляпэдыя! Заадно і праверыце свае перакладніцкія здольнасьці.
Інакш кажучы, ня дай сабе мазгам засохнуць. laughing

Ніводнага разу не сутыкаліся зь Вікіпэдыяй?
Малаверагодна: гэта сёмы ў сьвеце вэб-рэсурс па наведвальнасьці (паводле зьвестак Alexa), а колькасьць артыкулаў па навуковай ды гістарычнай тэматыцы робіць яе выдатнай крыніцай для напісаньня рэфэратаў і дакладаў. Магчыма, вы проста не зьвярнулі ўвагу на тое, куды завіталі. У такім разе варта зазірнуць яшчэ раз. Цяпер, ведаючы пра энцыкляпэдычную супрацу значна болей, вы пэўна схочаце гэтым падзяліцца зь іншымі насельнікамі плянэты Зямля. fellow

Ну а пачаць можна з простага. Тут мы яшчэ адзін раз (перадапошні) вернемся да нашага палацыку. Пакуль што ў артыкуле толькі адзін фатаздымак. Добры, але з аднаго і таго самага ўсім нам ужо добра вядомага ракурсу. Што з гэтым можна зрабіць? Узяць у рукі фотаздымач — і стварыць па-свойму. Так, як ніхто яшчэ ніколі не рабіў.
Ну і, вядома, падзяліцца сваім творам з усім сьветам.

Дарэчы, зьяўленьнем у Вікіпэдыі палацык абавязаны, па-першае, правядзеньню супольнай працы па мастацкай тэматыцы (бо гэта ж у пэўнай меры мастацкі музэй); а па-другое, праекту па фатаграфаваньні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі (бо гэта ж архітэктурны помнік пад аховай дзяржавы). Але гэта ўжо зусім іншыя гісторыя…

Працяг будзе.
Пытаньні?

Новости из этой категории

3 Комментария

  • 20.07.2011
    16:07
    Хмара

    Палацык - мастацкі музей толькі на паўмезенца :), гэта комплекны музей, альбо, калі так - гісторыка-краязнаўчы.

  • 20.07.2011
    22:10
    Renessaince

    Менавіта. З даволі частымі мастацкімі выставамі.Дарэчы, у артыкул можна было б уставіць любы фотаздымак палацыка.

  • 29.07.2011
    23:00
    Renessaince

    На жаль, актыўнасьці не назіралася ані наконт рэдагаваньняў, ані наконт даданьня фотаздымкаў, хоць ужо мінуў другі тыдзень (падчас якога на галоўнай старонцы Вікіпэдыі быў прадстаўлены пружанскі майстар Мікалай Тарасюк).Таму працяг рабіць ня варта