19 траўня - фэст эксперыментальнага мастацтва “Рэха ДАХу-V” у Палацыку

19 траўня - фэст эксперыментальнага мастацтва “Рэха ДАХу-V” у Палацыку

Запрашаем на фэст эксперыментальнага мастацтва “Рэха ДАХу-V

19 траўня 2017 года а 18-й гадзіне стартуе юбілейны фестываль  “Рэха ДАХу-V”, які ужо пяты год запар праводзіцца ў гасьцінных мурох музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. На гэты раз фестываль удала ўмураваны ў “Ноч музеяў”, і таму вечаровая імпрэза лагічна перацячэ праз апоўнач і завершыцца ў гадзіну начы паводле беларускага часу.

Каб падкрэсліць “пяцігодку” правядзення фестываля, фестывалю нададзены надзвычайны размах. Па колькасці ўдзельнікаў ён пераўзышоў сваіх папярэднікаў у разы, як і па тэрытарыяльным ахопе. Бо з-за ўдзелу у ім творцаў з Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцяў Беларусі ён можа прэтэндаваць на статус міжрэгіянальнага, а з-за далучэння мастакоў з Берліна (Нямеччына) і Кіева (Украіна) становіцца міжнародным.

Фест РЭХА ДАХу з’яўляецца выяздной сесіяй вядомага ня толькі ў Беларусі фестываля саверсізма і ігдрасілізма “ДАХ”, які не так даўно адзначыў свае 15 год. Нарадзіўся ён у берлінскай арт-сядзібе «Тахелес» (Kunsthaus Tacheles), вядомым у свеце цэнтры сучаснага авангарднага мастацтва, але быў заснаваны і праводзіўся беларускімі мастакамі, якія выбудавалі з яго культурны мост ня толькі паміж Беларуссю і Нямеччынай, але і ўсімі сумежнымі з Беларуссю краінамі.  Адметнасць ДАХу ў тым, што ён спалучае ў сабе ўсе віды Мастацтва, і нясе пэўны дух Асветніцтва, робячы канцэптуальныя скокі паміж сівой Даўніной і зазіраючы за дальагляд Будучыні.

Гэтым разам РЭХА данясе да гасцёў Пружанскага палацыка і беларускі фальклёр, і апавяданне пра лічбавыя тэхналогіі. А паміж імі, як зерне ў гарэху, уладкуюцца лекцыі пра вядомых постацяў нашай гісторыі, канцэртная праграма, аўдыё-інсталяцыі, кінапаказ і адкрыццё адразу двух мастацкіх выставаў. Палацык пераўторыцца ў вялікі пчаліны вулей, дзе ў кожнай залі будзе адбывацца Нешта.

Сярод тых, хто бярэ ўдзел у фестывалі, ёсць шэраг добра знаёмых пружанцам па папярэдніх дахаўскіх імпрэзах асобаў – гурт “Бабіна лета”, мастакі Алесь Родзін, былы дырэктар “Тахелеса” Марцін Райтэр, дасьледчык і перформер Зьміцер Юркевіч, перформеры Ільля Свірын і Павал Вайніцкі, музыка Яўген Рагозін,  рэжысер Алена Ясінская.  Але шмат для каго ўдзел ў гэтым ДАХу будзе пэўным дэбютам  на пружанскай зямлі – вядомы менскі гісторык-архівіст Зьміцер Дрозд, фатограф Валянціна Калесьнікава, музыкі — Арцём Быстрык, гурт “Сонцавостраў”,  Віктар Жук і Сяржук Крытчаў.

Асобна варта падкрэсліць удзел у фестывалі пружанскіх творцаў — Алеся Мікуса і рок-гурт “СЬЦЯГ”, а таксама буйны дэсант маладых мастакоў з Берасця, якія прадстаўляюць Брэсцкую філію Беларускага саюзу мастакоў, які, дарэчы, з’яўляецца партнёрам імпрэзы.

Адмысловым госцем фестываля стане ўкраінскі перформер Ігар Мельнік (PostPlayТеатр, Кіеў), чый перформанс дакладна не пакіне гледачоў абыякавымі!

Чакае наведвальнікаў і пэўны сюрпрыз ад “Пружанскага палацыка”, наваколле якога ў гэты дзень будзе ўпрыгожана новым, але вельмі старым аб’ектам!

Праграма фестываля не проста насычная, нават, перанасычаная, таму будзе цікава!

Запрашаем!

Пракуратары:

Зьміцер Юркевіч і Алесь Родзін,

Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана

 

Адрас палацыка

  Музей-сядзіба «Пружанскі палацык»

 

ул. Советская, 50, Пружаны

19 траўня 2017

Пачатак 18 00   да 01.00 (20 траўня).

Уваход па квітках музея!

Крыніца: museum.pruzhany.by

Новости из этой категории

2 Комментария

  • 15.05.2017
    15:57
    Renessaince

    Ведаем аднаго пэрформэра з Украіны, які ўжо не пакінуў усю Эўропу, Аўстралію, ЗША і Кітай абыякавымі…

  • 17.05.2017
    13:33
    Яўхім Рупайла

    Падобна, што для кагосьці слова "Украіна" , як чырвоная гануча!)))