Падчас "гарачай лініі" у інфацэнтры "Культура-інфа" журналісту партала PRUZHANY.NET атрымалася задаць некалькі пытанняў начальніку упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігару Чарняўскаму.
Журналіст:
- Добры дзень! У мяне два пытанні. Першае. Мінулай восенню на Пружаншчыне з дапамогай спецтэхнікі было знесена некалькі старажытных збудаванняў, да прыкладу, апошняя драўляная шляхецкая сядзіба Берасцейшчыны. Спляжылі нават арыгінальную балюстраду перад домам, дзе печы былі аздоблены цэглай з клеймамі "Парыж" і "Лондан". Сядзіба ў Белавусаўшчыне (за чатыры кіламетры ад Пружан) згадваецца ў кнізе Леаніда Несцерчука "Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х - ХХ стагоддзяў". У свой час сядзіба належыла аднаму з сыноў магната Швыкоўскага, колішняга ўладальніка Пружан. Пазней тут месцілася школа. Побач, на возеры, была створана зона адпачынку... А да гэтага разбурылі драўляны дом шляхціча Прозара ў Бярозаўскім раёне. Там засталася яшчэ мураванка, праўда, у гаротным стане (праваліўся дах). А ў Белавусаўшчыне нават не зрабілі замераў будынка для яго магчымага перспектыўнага аднаўлення. Мясцовыя краязнаўцы перакананы: сядзіба ў Белавусаўшчыне магла б быць уключана ў турыстычныя маршруты поруч з палацамі Пуслоўскіх у Косаве і Сапегаў у Ружанах, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі рэканструкцыі. Чаму так паспяшаліся? Мо спалохаліся, што Міністэрства культуры зробіць нейкі рэйд па гэтым рэгіёне, каб уключыць названыя збудаванні ў Дзяржспіс нашых гісторыка-культурных каштоўнасцей?
Ігар ЧАРНЯЎСКІ:
- Тэму мы ведаем і дадзенае пытанне разглядалі. Справа ў тым, што сядзіба, сапраўды, не была ўключана ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Мо з той прычыны, што яе ў свой час перабудавалі, пераўтварылі ў школу? Так, сядзіба згадваецца ў кнізе Несцерчука. Але сам Леанід Міхайлавіч, які актыўна займаўся аховай спадчыны, чамусьці не выказваў прапаноў па ашчадным стаўленні да гэтага збудавання... На вялікі жаль, грамадскасць іншым разам узнімае пытанне перад Міністэрствам культуры тады, калі ўжо нешта здарылася. Чаму за сядзібу не змагаліся раней? Магу тут прывесці прыклад з домам Альфрэда Ромера ў Пастаўскім раёне. Там таксама была пачатковая школа, але сядзібу своечасова заўважылі, пытанне разгледзелі, будынак атрымаў статус каштоўнасці - школа пераехала, а ўласнік сядзібы абавязаны цяпер яе захоўваць. Інакш кажучы, шмат што залежыць і ад мясцовых краязнаўцаў, і ад мясцовых улад... А з Мінска усё ўгледзець проста немагчыма.
Журналіст:
- Другое пытанне. Міністэрства культуры планавала да 200-годдзя знакамітага беларускага і польскага пісьменніка, гісторыка і фалькларыста Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, карані якога - з Пружаншчыны, узнавіць родавую сядзібу Крашэўскіх у вёсцы Доўгае. Як вядома, юбілей будзе адзначацца ў ліпені бягучага года. Ці паспее Міністэрства культуры рэалізаваць свае планы па рэстаўрацыі?
Ігар ЧАРНЯЎСКІ:
- Шчыра кажучы, нічога не ведаю пра такія планы: гэтай сядзібы у спісе няма. Калі мы кажам пра Напалеона Орду, Тадэвуша Касцюшку, дык іхнія сядзібы менавіта з падачы Іванаўскага і Івацэвіцкага райвыканкамаў былі пэўным чынам мемарыялізаваны, трапілі ў Дзяржаўны спіс. У доме Касцюшкі цяпер - музей. Родавыя мясціны Орды таксама актыўна музеефікуюцца. І зноў гаворка - пра ініцыятыўнасць, актыўнасць мясцовых аддзелаў культуры.
Мы звярнуліся да старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, каб даведацца як можна перадухіліць знішчэнне помнікаў архітэктуры на Пружашчыне.Антон Астаповіч
Антон Астаповіч:
- Для таго, каб былі шанцы захаваць, напрыклад, сядзібу (а таксама любы старажытны будынак, частку будынка, помнік, курган -
заўвага PRUZHANY.NET) - тэрмінова тэба падаць у Міністэрства культуры РБ прапанову аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта можа ў адпаведнасці з заканадаўствам зрабіць любая юрыдычная ці фізічная асоба. А для гэтага трэба выканаць наступнае:
ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова
Савета Міністраў
Рэспублікі Беларусь
15.06.2006 № 762
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку вядзення Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
ГЛАВА 3
ПАРАДАК УНЯСЕННЯ ПРАПАНОЎ АБ НАДАННІ СТАТУСУ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
9. Прапанова аб наданні матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўносіцца ў Міністэрства культуры любой юрыдычнай ці фізічнай асобай у пiсьмовай форме з абавязковым яе абгрунтаваннем, за выключэннем выпадку, прадугледжанага пунктам 3 артыкула 19 Закона.
Абгрунтаванне павінна ўключаць:
звесткі аб месцазнаходжанні матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – аб’ект);
апісанне і мастацкую ацэнку аб’екта для вызначэння крытэрыяў надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці;
гістарычныя звесткі аб характары, абліччы, яго ўплыве на развіццё рэгіёна або рэспублікі, звесткі аб аўтары або прыналежнасці знакамітай выдатнай асобе, аб перыядзе стварэння гэтага аб'екта, яго ўладальніках і іншае;
выкапіроўку з генеральнага плана з прывязкай аб’екта да мясцовасці (для матэрыяльных нерухомых аб’ектаў);
фотаздымкі 10 х 15 см у колькасці, якая дае найбольш поўнае ўяўленне аб аб’екце;
звесткі аб уласніку (уладальнiку) аб’екта (назва арганізацыі і яе юрыдычны адрас або прозвішча, імя, імя па бацьку фізічнай асобы і яе адрас прапіскі).
10. Пасля атрымання прапановы аб наданнi матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасцi чалавека статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi Мiнiстэрства культуры накіроўвае ўласнiку (уладальнiку) аб'екта, а таксама ў мясцовы выканаўчы i распарадчы орган інфармацыю аб разглядзе гэтай прапановы на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады.
11. Квалiфiкаваны разгляд на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады прапановы, якая паступіла ў Міністэрства культуры ў парадку, вызначаным дадзеным Палажэннем, ажыццяўляецца ў тэрмін, які не перавышае 30 дзён.
Па выніках разгляду Навукова-метадычная рада выдае заключэнне аб адпаведнасці разглядаемага аб’екта крытэрыям, вызначаным у артыкуле 20 Закона, і прымае рашэнне аб унясенні прапановы ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці надання яму статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.
У выпадку адсутнасці магчымасці надання прапанаванаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Навукова-метадычная рада прымае рашэнне з абгрунтаваннем прычын адмовы.
12. Паведамленне аб прынятым Навукова-метадычнай радай рашэнні накіроўваецца заяўніку, уласніку (уладальніку), у мясцовы выканаўчы i распарадчы орган у тэрмін, які не перавышае 10 дзён з дня яго прыняцця.Самая фішка ў тым,
як толькі прапанова зарэгістравана ў Мінкульце - аб'ект, нават да разгляду на радзе ўжо знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Так што ўсё ад Вас залежыць. Зробіце і дашлеце - гэта Ваш рэальны ўклад. Калі толькі будзеце апеляваць да высокіх матэрый - прайграеце па ўсіх пазіцыях і Таварыства аховы помнікаў Вам не дапаможа. Мы працуем без эмоцый, а ў межах прававога поля.
Антон Астаповіч таксама ветліва падзяліўся з намі у якасці прыклада адной з прапаноў аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў, якая была станоўча разгледжана.
І калі нехта з краязнаўцаў Пружаншчыны, альбо супрацоўнікаў аддзела культуры Пружанскага райвыканкама, выкажа жаданне падаць прпанову аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, напрыклад, рэшткам палаца ў Семянчы, альбо любому іншаму культурнаму помніку, то журналсіт партала PRUZHANY.NET Zmicier гатовы прапанаваць вам прыклад дакумента, дасланага Антонам Астаповічам, а таксама аказаць суцэльную дапамогу ў гэтай працы. Калі ласка, звяртайцеся праз каментары да артыкула, альбо напісаўшы асабістае паведамленне Zmicier'у.